Журналісты беларускай “Свабоды” штодня, згадваючы Ірак і іракцаў, ужываюць прыметнік ірацкі. На гэта зьвярнуў увагу адзін з нашых слухачоў. “Вы кажаце ірацкі, – піша слухач, – а ў слоўніку іракскі. Чаму так?”
У слоўніку прыметнік іракскі – згодна з правіламі правапісу 1959 году. Тыя правілы пры заканамерных беларускіх формах накшталт казацкі, крыжацкі, славацкі праводзяць выключэньні ў прыметніках, утвораных ад асноваў неславянскага паходжаньня на к. Праблема тут не правапісная, але якраз-такі выняткамі ў правапісе размываецца беларускі фанэтычны закон, паводле якога зьбег зычных на сутыку частак слова нэўтралізуецца. Як ведаем, зьбег зычных гукаў [к] і [с] дае гук [ц]: як прыметнік ад грэк – грэцкі, ад казак – казацкі, ад славак – славацкі, так і ад Ірак маем ірацкі, ад таджык – таджыцкі, ад узбэк – узбэцкі. Вядома ж, утваральная аснова неславянскага паходжаньня – ніякая не падстава для выняткаў з правіла. Беспадстаўныя выключэньні можна патлумачыць хіба што залежнасьцю ад фактаў расійскай мовы. У акадэмічных слоўніках знаходзім утвораны ад назоўніка неславянскага паходжаньня калмык прыметнік калмыцкі: не калмыкскі, як дыктуюць правілы 1959-га, а менавіта калмыцкі (правільная беларуская форма праведзеная ў слоўніках дзякуючы таму, што ў расійскай літаратурнай мове замацаваўся прыметнік калмыцкий).
Неапраўданасьць выняткаў накшталт іракскі прызнала звыш 10 гадоў назад Дзяржаўная камісія па ўдакладненьні правапісу беларускай літаратурнай мовы. Камісія рэкамэндавала “ва ўсіх выпадках у прыметніках, у якіх канцавы зычны асновы к спалучаецца з суфіксальным с, спалучэнне -кс- перадаваць праз ц”. Несумненна, зь цягам часу гэтая бясспрэчная правапісная рэкамэндацыя будзе прынятая і ў афіцыйным беларускім моўным стандарце.
Тым часам, як бы мы ні пісалі, не ігнаруйма фанэтычнага закону нэўтралізацыі зычных на сутыку марфэм. Гаворым па-беларуску: грэцкі, ірацкі, казацкі, каракалпацкі, калмыцкі, маздоцкі, таджыцкі.