Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску адкрыты рахунак для ахвяраваньняў на ўшанаваньне памяці Быкава


Браніслава Станкевіч, Віцебск Віцебская абласная Рада Таварыства беларускай мовы адкрыла свой разьліковы рахунак у банку, з дапамогаю якога, у прыватнасьці, мяркуецца зьбіраць сродкі на ўшанаваньне ў Віцебскай вобласьці памяці Васіля Быкава. Рэквізыты рахунку № 3015000017823 у Віцебскім філіяле № 201 ААБ “Беларусьбанк”, код 259, УНН 300701900 можна паглядзець на нашым інтэрнэтавым сайце.

Гэта ўжо другая спроба Віцебскай рады ТБМ адкрыць такі рахунак. Першы раз рахунак быў адчынены яшчэ падчас падрыхтоўкі да сьвяткаваньня 80-гадовага юбілею Васіля Быкава, але з прычыны недакладнасьцяў у афармленьні былі пэўныя праблемы зь пералічэньнем сродкаў: напачатку быў паведамлены няправільны нумар, не было ўзгадненьняў з раённымі філіямі банку. Цяпер банкаўскія супрацоўнікі ўсё выправілі, і рахунак працуе.

Што ТБМ мяркуе зрабіць за гэтыя сродкі? Да прыкладу, арганізаваць колькі сустрэчаў зь вядомымі літаратарамі, зладзіць экскурсіі па быкаўскіх мясьцінах. А калі грошай зьбярэцца дастаткова, то, мажліва, і дапамагчы абласным уладам выканаць тое, што яны яшчэ летась паабяцалі зрабіць дзеля ўшанаваньня памяці Васіля Быкава за дзяржаўныя сродкі. Тады гаворка вялася пра наданьне імя Быкава Віцебскай абласной бібліятэцы, што носіць імя Леніна, пра тое, што зьявіцца вуліца імя Васіля Быкава – і ня толькі пра гэта.

Старшыня абласное рады ТБМ Іосіф Навумчык гаворыць, што нядаўна рада склала чарговы зварот да старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Андрэйчанкі, дзе пералічаныя ўсе нявыкананыя ўладамі абяцаньні.

(Навумчык: ) “Пералічана тое, што яшчэ не зрабілі. Гэта мэмарыяльная дошка, навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная творчасьці Васіля Быкава. Ну, і зноў, напярэдадні 60-х угодкаў перамогі над фашыстоўскай Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне, мы нагадваем пра сваю прапанову надаць імя Васіля Быкава адной зь віцебскіх вуліц, а таксама школе, дзе ён вучыўся – Кубліцкай сярэдняй школе.Ліст мы паслалі ўжо больш як месяц таму, але адказу дагэтуль няма”.

Яшчэ адну прапанову па ўшанаваньні памяці пісьменьніка выказала Сьвятлана Казлова, дырэктарка Віцебскага літаратурнага музэю, дзе цяпер экспануецца выстава малюнкаў Васіля Быкава пад назовам “Маляваны дзёньнік”.

(Казлова: ) “У гэтых малюнках Васіль Быкаў адкрываецца зь незнаёмага для многіх боку. У яго такая суровая проза, публіцыстыка, а тут мы бачым, як ён рамантуе пліту, або сустракае гасьцей. Шмат людзей паглядзела гэтыя малюнкі, мастакі паглядзелі. Ёсьць водгукі, да прыкладу, ад старшыні расейскага Саюзу мастакоў, які напісаў, што варта было б выдаць альбом малюнкаў Быкава”.

(Карэспандэнтка: ) “Цяпер, напэўна, нехта мусіць ініцыяваць гэтую справу. Ваш музэй будзе гэтым займацца?”

(Казлова: ) “Музэй ня мае дзеля гэтага фінансавых магчымасьцяў. Але мы зьбіраем такія водгукі, у тым ліку й найбольш знакамітых, каб потым перадаць іх у Менск”.

Адпаведна, на ажыцьцяўленьне гэтай прапановы Сьвятланы Казловай таксама спатрэбяцца сродкі. Таму віцебская Рада ТБМ вельмі спадзяецца на дапамогу мэцэнатаў, ці спонсараў – усіх неабыякавых людзей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG