Што кажам, як нешта стала нам непрыемнае, апрыкрала, не найлепей запомнілася, даймаючы нас? Сярод устойлівых спалучэньняў, прыдатных, каб перадаць такое сваё адчуваньне, стаўленьне, ёсьць беларуская фразэма дацца ў знакі. “Каму, а нам далася ў знакі вайна”, “Слухаю й думаю: далося ў знакі мне вучэньне ваша” – гэтыя сказы з народнай мовы, з запісаў Фёдара Янкоўскага. Фразэма дацца ў знакі ды яе варыянт дацца ў знак рэгулярна ўжываюцца і ў сучаснай літаратурнай мове. “Адзіная мытная прастора далася ў знакі й Беларусі”, – пісаў аглядальнік “Нашай нівы”. “Дыханьне ў чалавека чулася сіпатае й частае – усё ж, мусіць, далася яму ў знакі гэтая хада па балоце”, – чытаем у быкаўскай аповесьці “Аблава”. Можам сказаць, да прыкладу, што нейкія праблемы даліся нам у знак, што кепскае надвор’е далося ў знакі.
Не забываймася на гэтую ёмістую, выразную фразэму. Нешта даняло, дапякло, пакінула ў памяці адчувальны нядобры сьлед – значыць, кажучы па-беларуску, далося ў знакі.
Не забываймася на гэтую ёмістую, выразную фразэму. Нешта даняло, дапякло, пакінула ў памяці адчувальны нядобры сьлед – значыць, кажучы па-беларуску, далося ў знакі.