Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага – 1 лістапада


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса розных гадоў 1 лістапада

“Крыніца”, 1924 год. Стары Дзед даводзіць:

“Узяць напрыклад жыда, каторы ахрысьціўся, — ён-жа не перастаў быць жыдом па нацыянальнасьці, а толькі прыняў хрысьціянскую веру. Ізноў-жа ў газэтах пісалі, што адзін польскі чыноўнік прыняў жыдоўскую веру і нават даў сябе абрэзаць, ён-жа не перастаў быць палякам па нацыянальнасьці, а прыняў толькі жыдоўскую, або майзэшовую рэлігію… Так-сама і наш беларус, калі прыйме, дапусьцім, каталіцкую веру, ён-жа ня робіцца палякам, але астаецца беларусам. Вот як справа стаіць зь верай і нацыянальнасьцю!”

“Віцебскі пролетарый”, 1934 год:

“Інстытут геалогіі і мінералогіі знайшоў новы матэрыял для вырабу грамафонных пласьцінак. Гэта — шыфер, ці так званы кровельны сланец, размолаты ў пудру. Выпускаемыя зараз Грампласттрэстам пласьцінкі (з вялікай прымешкай барыта) далёкі ад дасканаласці, яны моцна шумяць і празмерна цяжкія. Пласцінкі з сланцавай пудры даюць мала шуму і шмат лягчэй — пласцінка важыць не больш як 160 грамаў. Сланцавая пласцінка значна менш зрабатваецца грамафоннай голкай. Для выпуску сланцавых пласцінак Апрэлеўская фабрыка, пад Масквой, стварае спецыяльны цэх”.

“Народная газета”, 1994 год. Фірма “Dainova”:

“Што такое жыцьцё і як шмат яго трэба цаніць. Пра гэта музыка восені, залаты яе сум на сьвята Дзядоў. …Жыць дзеля таго, каб вярнуцца. Дзяды, вядомыя нам і не вядомыя… Яны жывуць у кожным з нас, складаюць часьцінку душы. Іх вера, любоў знаходзяць працяг свайго існаваньня ў нашых традыцыях, звычаях, сьвятах. Празь Дзядоў мы, як галіны дрэва, належым цэламу роду: карані яго ў глыбіні стагодзьдзяў. На сьвята Дзядоў прачынаецца памяць, тая памяць, якая робіць нас людзьмі. Жадаем вам усьцешыцца думкаю, што некалі й нашыя нашчадкі будуць уважныя за імя, намі ім перададзенае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG