Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тайна Мэрлінскіх хутароў


Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 24 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Вострая Брама”.

Беларускі зямны рай раскошны, як і належыць раю, таямнічы, як прыстанішча легендарнага Зьмея Гарыныча, і бязьлюдны, нібы тут узарвалі атамную бомбу.

Сярод дзясяткаў вандровак па беларускіх рэках гэтая была першая, якую можна назваць ідэальнай. У Беларусі больш няма такой райскай мясьціны, дзе лясы поўныя грыбоў і ажынаў, а ў вадзе плёхаюцца шчупакі і бабры, дзе дубровы на высокіх пясчаных берагах больш падобныя да культурных паркаў, дзе, здаецца, ніколі не прападае сонца і за пяць дзён можна не сустрэць ніводнага чалавека.

Рака называецца Сьцьвіга. На мапе вы можаце адшукаць яе ў самым нізе Беларусі і акурат па цэнтры беларуска-ўкраінскай мяжы. Даўжыня яе – каля ста кілямэтраў ад вёскі Дзяржынск (колішніх Радзівілавічаў) да Аздамічаў. Паміж гэтымі вёскамі і разьмяшчаецца наш зямны рай. Мы плывем на байдарках праз неапісальнае прыгажосьці краявіды і не перастаём зьдзіўляцца. І найбольш зьдзіўляе тут, дзе няма ані сьледу жывой чалавечай дзейнасьці і адкуль да бліжэйшага паселішча кілямэтраў 30, – нас зьдзіўляе пачуцьцё абжытасьці. Вось так проста пасярод дзікага лесу зьяўляецца такое адчуваньне хатняга ўтулку, што ўжо здаецца і застаўся б тут, бо нічога большага і не бывае. Такая прыцягальная аўра, якую інакш як з аўрай роднага дому не параўнаеш. Таму я назваў гэтыя мясьціны раем.

На мапе гэты бязьлюдны край называецца Мэрлінскімі хутарамі. А афіцыйна – гэта заказьнік рэспубліканскага значэньня Альманскія балоты, створаны гадоў пяць таму. Як сказана ў даведніку, Альманскія балоты – адзін з найбуйнейшых у Эўропе масіў балатоў, што захаваўся ў натуральным стане.

Як і рай нябесны мае свой адваротны бок, так і рай зямны нагадвае падарожніку, што за ўсё трэба плаціць. Наша падарожжа шчасьліва ўхіляецца ад абстрэлу. Раз-пораз над лесам разьлягаецца кананада – выбухі бомбаў і ракет. У найпрыгажэйшым месцы Беларусі створаны вайсковы палігон.

* * *

Бацька мовазнаўцы Вінцука Вячоркі родам з гэтых самых Мэрлінскіх хутароў. Вінцук быў зьдзіўлены, што нам удалася нашая вандроўка, бо, аказваецца, да апошняга часу гэта была цалкам закрытая тэрыторыя і патрапіць туды было немагчыма. Але пра ўсё па чарзе.

(Вячорка: ) “Гэтыя мясьціны былі заселеныя людзьмі ў пачатку 20 ст. Заселеныя вельмі позна, таму што гэта вельмі сур’ёзныя, нават як на палескія маштабы, балоты, вялікія. І яшчэ ў царскія часы і ў польскія часы людзі куплялі там сабе зямлю і ўраблялі гэтую зямлю, адваёўвалі ў балатоў прастору. Мэрлінскія хутары складалі каля 250 квадратных кілямэтраў, гэта была паласа шырынёй 10-20 км больш-менш уздоўж асноўных рэк, якія там цякуць. І надзелы складаліся як з ворнай зямлі, адваяванай у лесу, і з балатоў, якія выкарыстоўваліся пад сенакос.

Я ад бацькі ведаю, што ў сярэдзіне 20 ст., перад вайной і пасьля вайны там было ўрочышчаў 15, дзе можна было ставіць хаты, і на кожным урочышчы было 10-15 хутароў. Такім чынам, 2-3 сотні хутароў”.

(Дубавец: ) Вось адкуль гэтае адчуваньне абжытасьці. Людзі сюды прыйшлі ня проста перакантавацца, а як піянэры – з канкрэтнай задачай – абжываць. Даводзілася бачыць зьніклыя вёскі, дзе ані духу ўжо не засталося. Бо там проста жылі і працавалі, а не абжывалі край. На Мэрлінскіх хутарах перад тымі першымі пасяленцамі царавала нечапаная прырода і жылі толькі містычныя істоты...

(Вячорка: ) “Я асабіста перакананы, што паколькі людзі там асвоілі землі позна ў гістарычных маштабах, то, хутчэй за ўсё, недзе там і гнязьдзіліся легендарныя Зьмеі Гарынычы, якія сталі шырока ведамымі ў фальклёры розных славянаў, якія нападалі на Кіеў, кралі там нявестаў. Паколькі там балаты, паколькі яшчары жылі ўсякія, так і зьявіўся Зьмей Гарыныч. Гэта наш беларускі звычайны цмок, толькі ён набыў пэўныя тапанімічныя і фактурныя якасьці.

Што да містычных уяўленьняў малых насельнікаў Мэрліна, мой бацька ўспамінае са свайго дзяцінства, што вельмі яго вабілі сярод чыстага балота купы лесу, якія называліся ляскі. Да іх дабрацца было немагчыма, таму што гэта ж ня чыстая вада, гэта балота, зарослае мохам. Нельга ні пехатой прайсьці ні на чаўне праплысьці. І яму, і іншым дзецям здавалася, што там павінны жыць нейкія людзі, што гэтыя ляскі заселеныя нейкімі дзівоснымі істотамі. Хаця наагул нават дзеці балатоў не баяліся. Забаваю маёй цёткі Антосі разам з хлопцамі было гушкацца на балотным моху, які ствараў такі гатунак батуту. Такія былі рызыкоўныя атракцыёны тых мэрлінскіх дзяцей”.

(Дубавец: ) У міжваенным часе Мэрлінскія хутары апынуліся на самым ускрайку Заходняе Беларусі. І гэты памежны стан толькі падкрэсьліваў працавітасьць ды заможнасьць тутэйшых людзей у параўнаньні з той калгаснай галыцьбой, што запанавала па другі бок мяжы – на Ўсходзе.

(Вячорка: ) “Яшчэ за польскім часам некаторыя мэрлінцы пачыналі будаваць двухпавярховыя дамы, прывабліваючы туды турыстаў. Унікальнае паветра, натуральная, нечапаная прырода, фантастычнае мноства грыбоў, ягад, рэкі, хуткія і з унікальнымі краявідамі – усё гэта разам узятае стварала магчымасьць разьвіваць турызм у адным з найбольш экзатычных куткоў Беларусі.

Нават яшчэ пасьля вайны людзі хадзілі на Мэрлінскія хутары, каб зарабіць нешта ў насельнікаў тых хутароў. Таму што там людзі былі ня проста працавітыя і цягавітыя, яны рэальна сваёй працай на працягу двух пакаленьняў стварылі сабе нейкія асновы выжываньня, працавалі па 18 гадзінаў у суткі. Дарэчы, існавала такая прымаўка, што Мэрлінскія хутары – гэта з кожнай вёскі па злодзею, мелася на ўвазе, што прыйшлі адусюль. Але насамрэч гэта ня больш чым жарт. Гэта вельмі адказныя і сумленныя людзі былі, ніколі не зачынялі дзьверы. Вельмі глыбока шанавалі ўласнасьць адзін аднаго, таму што ведалі, якім цяжкім клопатам гэтая ўласнасьць даецца”.

(Дубавец: ) Варта згадаць, што ў 30-я гады мінулага стагодзьдзя на Мэрлінскіх хутарах актыўна пашыралася ўніяцтва і тут ня раз бываў зь місіяй адзін з выдатных беларускіх сьвятароў Пётра Татарыновіч. А ў Пінску існаваў гурток студэнтаў-уніятаў, выхадцаў з Мэрлінскіх хутароў...

Аднак усё раптоўна скончылася ў 1960-м. Брама раю зачынілася, як выглядае, назаўсёды. І прычынаю стала не раскулачваньне, бо калгасу тут так і не стварылі, не дабраліся ўпаўнаважаныя да Мэрлінскіх хутароў. Прычынаю стала бомба.

Што гэта была за бомба, невядома. З тых зьвестак, што патрапілі ў друк, асаблівае інфармацыі не здабудзеш. Усё па-ранейшаму засакрэчана. Ужо выплыўшы зь беларускага раю да першых вёсак, мы па крупіцах зьбіралі інфармацыю ў мясцовых жыхароў і вось якая атрымалася карціна.

У 1960-м ці 61-м годзе Савецкі Саюз выпрабоўваў сваю міжкантынэнтальную атамную зброю. Запускалі недзе на Далёкім Усходзе, а выбухнула тут, у Альманскіх балатах. Неўзабаве ў насельнікаў Мэрлінскіх хутароў пачаліся сур’ёзныя клопаты са здароўем. А яшчэ неўзабаве пачаўся шум у прэсе на Захадзе. Маўляў, у Савецкім Саюзе выпрабоўваюць зброю на людзях. Тады за адзін дзень вайскоўцы вывезьлі ўсё насельніцтва Мэрлінскіх хутароў і расьсялілі людзей па навакольных вёсках. Тэрыторыю Альманскіх балатоў закрылі і зрабілі там палігон для бамбаваньня. Гэты парадокс ня можа не зьвяртаць на сябе ўвагу – для бамбёжак былі абраныя самыя прыгожыя і здаровыя мясьціны Беларусі. Аднак тое бамбаваньне было спыненае ці не з развалам Савецкага Саюзу. А тое, што цяпер гахае ў небе – гэта ўжо новы палігон. Нібыта збудавалі яго расейскія вайскоўцы, якія тут арандуюць зямлю. Зразумела, усё зноў жа пад сакрэтам. Гэтак гавораць мясцовыя людзі. Яны, вядома, могуць нечага ня ведаць, але для іх, як і для нас, таямнічасьць і недагаворкі ў прэсе – гэта не адказ. Трэба прынамсі ўявіць сабе завершаную карціну.

(Вячорка: ) “Тое, што цяпер там людзі пакутуюць на розныя хваробы – гэта вынік палітыкаваньня другой паловы 20 ст.

Сапраўды, стан здароўя тых людзей, якія жывуць паблізу палігону, дрэнны. І ёсьць такі эколяг Дуброўскі ў Пінску, ён упэўнены, што там выпрабоўвалася нехарошая зброя. Ужо якая дакладна – ці з утрыманьнем нейкіх хімічных рэчываў... Натуральна, для гэтага патрэбная незалежная экспэртыза”.

(Дубавец: ) Артыкул, у якім Аляксей Дуброўскі казаў пра той колішні выбух, называўся “Дачарнобыльская радыяцыя” і быў надрукаваны ў “Народнай газэце” ў 1991 годзе. Журналістка Галіна Нужкова пісала:

"Мне пашанцавала сустрэцца зь цікавым чалавекам, знаўцам Палескага краю Аляксеем Мікалаевічам Дуброўскім. У мінулым – інжынэр мэліярацыйных работ, а зараз галоўны спэцыяліст у ахове прыроды інстытуту "Саюзгіпрамэліявадгас". Вось ягоныя словы:

– Я добра знаёмы з чалавекам, прозьвішча якога зь вядомых прычынаў пакуль не назаву. Зь ім у мяне адбылося нямала шчырых размоваў. З болем ён мне аднойчы сказаў: "Ты нават ня можаш уявіць, што тут адбывалася ў 60-я гады, калі я служыў у войску. Гарматы мы зацягвалі на вайсковы палігон, а самі зьяжджалі на 20 кілямэтраў на спэцыяльны пункт кіраваньня. Адтуль і кіравалі стральбой. Чым жа яны былі начыненыя, калі самім трэба было "адкатвацца" на такую адлегласьць? На гэты конт чалавеку цывільнаму не дакапацца да ісьціны. Але можна здагадацца: тады, у 60-я гады, на Палесьсі выпрабоўвалася страшная зброя – з атамнай начынкай”.

Тое, што Мэрлінскія хутары сталі месцам выпрабаваньня атамнай зброі, прычым, верагодна, гэта была не адна бомба і ня толькі ў 60-61 гады, вынікае з інтэрвію прафэсара Юрыя Бандажэўскага, якое ён даў “БДГ” яшчэ да таго, як патрапіў у турму:

“Пакуль мы займаемся вывучэньнем толькі цэзія. І калі пачыналі, дык былі ўпэўненыя, што нашы праблемы з радыёцэзіем зьвязаныя менавіта з аварыяй на ЧАЭС. Але неўзабаве высьветлілі, што насельніцтва Беларусі даўно кантактуе з радыёактыўнымі элемэнтамі. Ёсьць нават мапа МАГАТЭ, дзе ўказана, што ў 1962-63 гадах у Эўропе быў зафіксаваны ўсплёск цэзія ў атмасфэры – больш магутны, чым Чарнобыль. Пра гэта, у прыватнасьці, гаворыцца ў кнізе “Глябальныя выпадзеньні радыёактыўнага цэзія”, што была выдадзеная Інстытутам біяфізыкі СССР у 1974 годзе. Найбольш забруджанымі, паводле зьвестак гэтай кнігі, былі Столін, Пінск, Давыд-Гарадок. Калі ў 1986 годзе плянавалі мэдычную дапамогу, зьвесткі пра тое 25-гадовае забруджаньне тэрыторыі Беларусі ня ўлічваліся. Але ж насельніцтва Столінскага раёну ўжо ў той час атрымлівала 80-100 бэкерэляў радыёцэзію ў дзень. Гэта значыць, яны ўжо ў той час знаходзіліся ва ўмовах найцяжэйшай цэзіевай інтаксыкацыі”.

Нашы Альманскія балоты знаходзяцца якраз у Столінскім раёне, займаючы прыблізна чвэрць тэрыторыі гэтага раёну. А нашы Мэрлінскія хутары, такім чынам, былі першым Чарнобылем, пра які ў брэжнеўскія часы ніхто і словам не сказаў. Тым больш, што гэта была не аварыя, а сьвядомыя выпрабаваньні атамнае зброі.

Сёньня мы называем савецкую пару часамі татальнай закрытасьці і сакрэтнасьці. Цяжка нават уявіць, колькі ўсяго мы ня ведаем, а колькі, напэўна, не даведаемся ніколі. Што да беларускага зямнога раю, Мэрлінскіх хутароў, дык можна падумаць, што гэта Зьмей Гарыныч ізноў адабраў у людзей і вярнуў сабе сваё абіталішча. Колькі будзе доўжыцца ягонае панаваньне ў найпрыгажэйшым месцы Беларусі? Столькі, колькі будзе доўжыцца падмена паняцьцяў і рэальнае жыцьцё будзе падмененае містыкай, гэта значыць, маной. Сёньня ж мы ніяк ня зможам разгадаць адну з найбольшых беларускіх загадак, бо часы закрытасьці і сакрэтнасьці вярнуліся ў наша грамадзтва. І ўсё, што мы можам, дык гэта сабраць у адным месцы ўсе наяўныя факты і дапушчэньні, што і было зроблена цягам гэтай вандроўкі і гэтай перадачы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG