Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія наступствы для Беларусі могуць мець эканамічныя санкцыі, прадугледжаныя “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”?


Валер Карбалевіч, Менск (эфір 23 кастрычніка). Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і прэзыдэнт Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

(Валер Карбалевіч: ) “З усіх аспэктаў “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” грамадзтва і экспэртаў найбольш цікавяць эканамічныя наступствы гэтага дакумэнта. Акт прадугледжвае пэўныя санкцыі супраць Беларусі. Беларуска-амэрыканскія эканамічныя стасункі ня надта вялікія. Аб’ём таваразвароту паміж дзьвюма краінамі ў 2003 годзе склаў 252 мільёны даляраў. На ЗША прыпадае 3% беларускага экспарту.

Зь першапачатковага варыянту законапраекту выключаны пункт аб забароне стратэгічнага экспарту ў Беларусь. Але акт прадугледжвае забарону дзяржаўным інстытутам ЗША даваць Беларусі пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхоўкі й іншыя віды фінансавай дапамогі за выключэньнем гуманітарнай дапамогі.

Сёньня амэрыканскія інвэстыцыі ў Беларусь складаюць 48 мільёнаў даляраў. Нядрэнна прадстаўлены “Макдональдз”, “Кока-кола”, іншыя фірмы. Ці паўплываюць гэтыя санкцыі на існаваньне, разьвіцьцё інвэстыцыяў ЗША ў Беларусь?”

(Валер Дашкевіч: ) “Найперш, хацеў бы адзначыць, што цяпер сапраўды аб’ём эканамічных сувязяў паміж ЗША і Беларусьсю невялікі. Але хачу нагадаць, што на пачатку 1990-х гадоў Злучаныя Штаты выдалі Беларусі так званы зерневы крэдыт на суму каля 30 мільёнаў даляраў. Цяпер пасьля выхаду “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” такіх выпадкаў ужо быць ня можа. Таму што ўсім дзяржаўным установам ЗША, у тым ліку банкам, напрыклад, Экспартна-імпартнаму банку, у якім моцны ўплыў ураду, забаронена выдаваць крэдыты Беларусі.

Акрамя таго, і гэта вельмі важна, акт будзе сыгналам для прыватных інвэстараў асьцярагацца праводзіць фінансавыя апэрацыі ў Беларусі. У тым ліку, даваць гарантыі, праводзіць страхавыя дзеяньні. Справа ў тым, што ў сучасных цывілізаваных эканоміках усе экспартна-імпартныя апэрацыі абавязкова страхуюцца. Акрамя банкаў і карпарацыяў, у гэтым удзельнічаюць страхавыя кампаніі, якія вельмі моцна рэагуюць на рашэньні свайго ўраду. І яны адмовяцца праводзіць любыя страхавыя апэрацыі па кантрактах зь Беларусьсю.

І яшчэ момант. Шмат якія амэрыканскія карпарацыі маюць кантрольныя альбо буйныя пакеты акцыяў у іншых міжнародных карпарацыях: эўрапейскіх, азіяцкіх і іншых. І яны будуць выкарыстоўваць сваё права голасу, каб накладваць вэта на кантракты і гэтых фірмаў. Празь нейкі час гэта можа дрэнна адбіцца на замежнаэканамічных стасунках Беларусі”.

(Яраслаў Раманчук: ) “У гэтым акце вельмі мала гаворыцца пра эканамічныя санкцыі, і іхны ўплыў на эканоміку Беларусі будзе мізэрны. Калі б амэрыканскія дзяржаўныя альбо акцыянэрныя карпарацыі мелі ў Беларусі вялікія інвэстыцыі, пляны, тады бы акт быў бы адчувальным ударам для беларускай эканомікі. Але цяпер ні “Эксымбанк” ЗША, не МВФ, у якім амэрыканцы маюць вялікую долю, ня фірмы, якія ўваходзяць у 500 найбуйнейшых карпарацыяў ЗША, не зьбіраліся інвэставаць у Беларусь.

Досьвед увядзеньня санкцыяў супраць Іраку паказвае, што калі ў іх ня ўдзельнічаюць усе, то яны ня маюць сэнсу. Калі амэрыканскія карпарацыі не маглі працаваць у Іраку, то гэта рабілі французы, немцы альбо нават амэрыканцы праз падстаўныя кампаніі. Крэдыторам беларускай эканомікі зьяўляецца Расея. Можна атрымаць грошы ад Казахстану, нават у эўрапейскіх краінаў. Я думаю, што асноўныя крэдыты, якія зьяўляюцца ў Беларусі, гэта грошы, якія ў свой час зьбеглі адсюль. Таму я ня бачу тут значнай праблемы.

У акце не гаворыцца пра тое, каб увесьці павышаныя тарыфы на тавары, якія экспартуе Беларусь у ЗША, пра квоты, пра антыдэмпінгавыя захады. То бок, балючыя для беларускай эканомікі захады ў гэтым акце не прысутнічаюць. Таму гэта найперш палітычны дакумэнт. Трэба згадаць, што акт прадугледжвае фінансавую падтрымку дэмакратыі ў Беларусі, грамадзянскай супольнасьці. І гэтыя грошы зьявяцца ў Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” прадугледжвае, што амэрыканскія прадстаўнікі ў міжнародных фінансавых арганізацыях павінны галасаваць супраць выдзяленьня Беларусі крэдытаў. У афіцыйнага Менску і так складаныя дачыненьні з Усясьветным банкам, Міжнародным валютным фондам. Якія наступствы будуць мець гэтыя санкцыі?”

(Дашкевіч: ) “Цяпер гэтыя адносіны і так вельмі дрэнныя. МВФ, фактычна, зь Беларусьсю не супрацоўнічае. Крыху больш супрацоўнічае Усясьветны банк, ягоная структура — Міжнародная фінансавая карпарацыя. Наколькі мне вядома, гэтая апошняя прыпыніла падпісаньне дамоваў зь беларускімі суб’ектамі гаспадараньня. Але больш важна іншае. Беларусь цяпер вядзе перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю. Але ўступленьне ў гэтую арганізацыю можа заблякаваць нават адзін зь яе сябраў. І ЗША могуць накласьці вэта на ўступленьне туды Беларусі.

Цяпер чатыры дзяржавы (Беларусь, Расея, Казахстан, Украіна) спрабуюць наладзіць эканамічны зьвяз. Але можа атрымацца так, што ўсе тры дзяржавы уступяць ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, а Беларусь — не. І гэта павінна прымусіць беларускае кіраўніцтва моцна задумацца”.

(Раманчук: ) “Калі сёньня правесьці апытаньне кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў, ці задаволеныя яны супрацоўніцтвам з Усясьветным банкам альбо Міжнародным валютным фондам, то высьветліцца, што яны альбо ня ведаюць такіх арганізацыяў, альбо ім гэта няважна. МВФ яшчэ да прыняцьця акту рашыў зьнізіць сваё прадстаўніцтва ў Беларусі. З студзеня наступнага году ня будзе прадстаўніка гэтай арганізацыі ў Менску, застанецца проста рабочы офіс. Урад Беларусі на пагаджаецца працаваць на тых варунках, якія прапануе МВФ. Асноўныя крэдыты ад міжнародных фінансавых арганізацыяў ідуць па лініі гуманітарнай дапамогі, а не камэрцыйнай дзейнасьці.

Безумоўна, па праектах Міжнароднай фінансавай карпарацыі ў краіну ідуць рэальныя грошы. Але калі прыпыняцца, страціць 1–2 прадпрыемствы. Але гэта некрытычна. Больш небясьпечна тое, я пагаджаюся з спадаром Дашкевічам, што Беларусь можа апынуцца за бортам Усясьветнай гандлёвай арганізацыі. У такім выпадку яна ня будзе мець доступу да гандлёвых перамоваў. У такім варыянце “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” будзе ўзьдзейнічаць на эканоміку Беларусі. Але гэты ўплыў адчуецца ў тэрміне 3–5 гадоў”.

(Карбалевіч: ) “Прыняты дакумэнт прадугледжвае справаздачу адміністрацыі ЗША Кангрэсу аб продажу Беларусьсю зброі й ваенных тэхналёгіяў краінам, якія падазраюцца ў падтрымцы тэрарызму. Як могуць адбіцца гэтыя амэрыканскія захады на экспарце Беларусьсю зброі й ваеннага абсталяваньня?”

(Дашкевіч: ) “У дадзеным выпадку ўсё залежыць ад таго, якім аб’ёмам інфармацыі валодаюць ЗША. Думаю, што вялікім. Вядома, што Беларусь актыўна прадае зброю. Асабліва шмат прадала зброі, якая засталася пасьля распаду СССР у 1990-я гады. Але я ня думаю, што ЗША знойдуць вельмі вялікія парушэньні. Вытворчасьць зброі ў Беларусі адбываецца, я думаю, не ў вялікіх аб’ёмах. Хутчэй за ўсё, Беларусь прадавала расейскую зброю. Думаю, амэрыканцаў больш цікавіць не аб’ём прададзенай зброі й яе пакупнікі, а куды ідуць заробленыя грошы. У пэрспэктыве гэта ня надта значна адаб’ецца на продажы зброі Беларусьсю, бо разьвіваныя краіны як куплялі, так і будуць купляць”.

(Раманчук: ) “Вядома, што ў гэтай справе існуюць моцныя кантакты паміж Расеяй і ЗША. Масква дзеліцца інфармацыяй з Вашынгтонам. Таму ЗША маюць усю інфармацыю аб гандлі Беларусі зброяй. Беларусь адчуе наступствы гэтага акту ў тым маштабе, у якім ЗША ўзгодніць гэта з Расеяй”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, эканамічныя санкцыі, прадугледжаныя “Актам аб дэмакратыі ў Беларусі”, у кароткатэрміновым пляне істотна не паўплываюць на Беларусь. Але гэта можа мець наступствы ў доўгатэрміновай пэрспэктыве. Гэта больш палітычны сыгнал, палітычная папярэджаньне беларускаму кіраўніцтву”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG