Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я правяла апытаньне – з 41 чалавека “за” галасавалі толькі 6; 15 не былі зусім на выбарах; 20 галасавалі “супраць”


RFE/RL Водгукі слухачоў – 22 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

Спадар: ) “Я хачу выказаць сваё стаўленьне да выбараў. Канешне, усё гэта зразумела – той бок, як яны прайшлі. Але я мушу сказаць, што дужа слаба дзейнічалі нашыя кандыдаты, тыя, якія супрацьстаялі, тыя, якія правільна сябе паводзілі й г.д. Праграмы іх былі дужа слабыя. Вось сёньня, напрыклад, па голасе “Свабоды” па-расейску выступаў Уладзімер Колас. Дык яго проста забівалі там, усялякімі меркаваньнямі, расейскімі там, нейкі чалавечак гаварыў, яшчэ нехта… Ён правільна ўсё казаў – толькі гэта трэба было тады, на перадвыбарчым сходзе, і больш – пра эканамічнае становішча народа. Вось тады гэта было б зразумела, а цяпер трэба вызначацца, кандыдата ў прэзыдэнты ўжо цяпер трэба рыхтаваць. Усё неяк несканцэнтравана й г.д… Таму мы выбралі сабе ваўка – дазволілі выбіраць, і выбралі сабе – зноў-такі – ваўкоў, сябе пасьвіць. Сабе выбралі ваўкоў, сябе пасьвіць. Людзі безыніцыятыўныя, толькі “шчоўкаюць абцасамі”, і ўсё, што ім кажуць там, зьверху, нашы дэпутаты – яны ўсё гэта выконваюць. Ніхто слова ня скажа пра нашыя справы, і г.д. Усё выдатна, цудоўна й г.д., прычым (я яшчэ раз паўтару), такая прапаганда, якая была – яны ня маюць права”.

(Спадарыня: ) “Слухала тэлефанаваньне жанчыны, у якім яна называе тых, хто пратэстуе зараз супраць гвалту над Беларусьсю, “малойчыкамі”. Гэта знаёмыя ноты – “адмарозкі”, “ушывыя блохі”, “правараваўшыеся” – гэта мы чулі ўжо ня раз. Хай гэта будзе на сумленьні гэтай дзяўчыны. Толькі я хачу спытаць: хіба яна ня бачыла піва й гарэлкі на выбарчых участках? Чаму, нарэшце, адмаўляе моладзі ў праве на ўласную думку? Нашай Канстытуцыяй гэта не забаронена. Я думаю, што будучыня Бацькаўшчыны за гэтымі дзецьмі – яны па ўзросьце мне дзеці. Я веру ў гэтых маладых людзей. Да пабачэньня”.

(Валянцін Цішко, Маладэчна: ) “Добры вечар. Я хачу выказаць сваё меркаваньне наконт пытаньня тыдня. Я лічу, што Лукашэнка адабраў у нас права выбіраць. Рэфэрэндум і выбары былі цалкам ці часткова фальшывыя. І, як сказаў прадстаўнік Маладога фронту: “Калі нічога ня зьменіцца, мы будзем змагацца са зброяй у руках. Дапамажы нам Гасподзь. Жыве Беларусь! Дзякую”.

(Спадарыня: ) “Я – адна з тых, хто не пайшоў на рэфэрэндум, бо было відавочна, што гэта – пастка, падрыхтаваная ня толькі ўладамі, але і з дапамогай апазыцыі. Каб перамагчы, трэба было ігнараваць гэты рэфэрэндум. Ды і за што трэба было галасаваць? За платныя паслугі мэдыцыны? За платную адукацыю? За страчанае права на працу? Чаму з намі заключаюць кантракты на год, а са спадаром Лукашэнка мы павінны заключыць кантракт на пажыцьцёвае царства? І яшчэ пару словаў пра прыняты ў Амэрыцы “Акт аб дэмакратыі”. Некаторыя лічаць, што Амэрыка ня мае на гэта права. А я так думаю: калі ў суседа пажар, то другі сусед сьпяшаецца яму на дапамогу, бо агонь можа перакінуцца на яго дом. А дыктатарскія рэжымы прадстаўляюць вялікую небясьпеку для іншых краінаў – успомніце Гітлера, Сталіна. А каб знайшлася сіла, якая спыніла б іх, можа, і вайны не было б, і мільёнаў чалавечых ахвяраў? Так што – дзякуй Амэрыцы. А пытаньне такое: можа хто скажа пра вынікі псаваньня бюлетэняў? Ці дапамагло гэта хоць?”

(Давідовіч, з вёскі Мазуршчына Менскай вобласьці: ) (1) “Я хачу заявіць пратэст супраць Лукашэнкі. Справа ў тым, што я не магу ўладкавацца на працу, не магу знайсьці працы з-за нейкай дробязі. І ўвогуле, на працы грошай не атрымліваеш. Паспрабаваў раз папрацаваць у калгасе месяц, трактарыстам, атрымаў 37 рублёў – 38 зь мяне вылічылі толькі за адны абеды, бо там кармілі мяне. Я ня ведаю, куды мне падзецца і што мне рабіць. Не магу знайсьці працу – усюды нейкая бюракратыя. Я супраць гэтага лукашызму і падтрымліваю дэмакратыю”.

(Давідовіч, з вёскі Мазуршчына Менскай вобласьці: ) (2) “Я не падтрымліваю дыктатуру. Справа ў тым, што працоўны чалавек у калгасе практычна ня можа жыць. Ён нічога не зарабляе. Я ня ведаю, як дзе там нешта гавораць, але я працаваў і атрымаў там гэтыя капейкі няшчасныя. Працаваў я месяц, зарабіў 37 рублёў, а ў мяне за абеды вылічылі 38. Я проста ня змог бы пражыць. Фактычна, я жыву адзін. Працы добрай ня знойдзеш, усе праходзяць “па блату”, а калі нешта ёсьць – дык там заробку ніякага. Трэба гаспадарку трымаць, каб жыць, а калі ў горадзе – дык я ня ведаю нават… Зрабілі такія падаткі на зямлю, прапісацца немагчыма – чалавек выкінуты на вуліцу”.

(Спадарыня: ) “Паважаная “Свабода”! Я хачу падзяліцца з вамі тым, што мяне найбольш уразіла у выбарчай кампаніі і рэфэрэндуме. Гэта ня тое, што рабіў Лукашэнка сам і яго бліжэйшыя паплечнікі, накшталт Ярмошынай – бо што можна чакаць ад праваслаўнага атэіста, які лічыць магчымым пайсьці ў царкву, стаць задам да сьвятых ікон і паліваць брудам частку нашага насельніцтва. А вось маўчаньне – што сапраўды зьдзіўляе, дык гэта маўчаньне нашай праваслаўнай царквы, якая, паводле афіцыйнай статыстыкі, адказвае за 85% нашага насельніцтва. Дык чаму ж паважаны мітрапаліт Філарэт ды іншыя сьвятары ніколі не прамаўлялі пра вялікі грэх хлусьні і падману, які зыходзіць ад прэзыдэнта на ўсіх узроўнях, які, як мэтастазы, ахапіў нашую краіну? Гэта ж колькі людзей – сябры ўсіх выбарчых камісій, лаяльныя да прэзыдэнта, і добра ім аплочаныя назіральнікі – уцягнута ў гэты грэх? Ці можа, Царква – накшталт Лукашэнкі, які зьмяніў Канстытуцыю – таксама перагледзела Сьвятое Пісаньне? І хлусьня ў нас ужо ня лічыцца грахом?”

(Рыгор Анапрэенка: ) “Прывітаньне, “Радыё Свабода”. Так хочацца падзяліцца з вамі нейкай радасьцю, ды ўсё не выпадае. Вось і сёньня прыходзіцца дзяліцца смуткам. Бо ў майго сябра, Алеся Пушкіна – дарэчы, частага ўдзельніка тэматычных перадачаў вашага радыё – 21 кастрычніка памерла маці. Дачакалася нараджэньня такога жаданага ўнука Міколы, сына Алеся, і пайшла ў вечнае. Цяжка знайсьці словы. Трымайся, Алесь, бо… Бо жыве Беларусь!”

(Спадар: ) “Калі б у свой час у гітлераўскай Германіі, калі пачаўся разгул фашызму, былі прынятыя сусьветнай супольнасьцю захады – то не было б Другой усясьветнай вайны. Таму я горача вітаю падпісаны прэзыдэнтам Джорджам Бушам “Акт аб дэмакратыі”, які быў раней прыняты Кангрэсам і Сэнатам. Беларусь уваходзіць у склад Арганізацыі Аб’яднаных нацый, таму яна мусіць выконваць усе правілы й законы, па якіх жывуць шматлікія краіны. А яна ня хоча выконваць гэтыя законы і правілы. Таму ўмяшальніцтва цалкам слушнае, каб народ ня жыў пад гэтым ярмом дыктатара. Калі беларуская дзяржава, дыктатарскі рэжым ня хоча ўмяшальніцтва – няхай выходзіць са складу Аб’яднаных нацый. Вось так”.

(Спадар: ) “Пасьля ўсёй гэтай лукашэнкавай прафанацыі 17-га кастрычніка рэжым проста вар’яцее ад аднаго імя Анатоля Лябедзькі. Пасьля ўсёй хлусьні на яго адрас Анатоль Уладзімеравіч цяпер – адзін з улюбёных народам палітыкаў. З усяго відаць, што былы старшыня калгаса сам ня жартам спужаўся сваёй “сакрушальнай перамогі”.

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы, “Радыё Свабода”. У мяне ўсё разам – і меркаваньні, і пытаньні, і ўсё на сьвеце. Я хачу ведаць, дзе праўда: колькі чалавек насамрэч прагаласавала за Лукашэнку. Дзе ініцыятыўныя групы – там шмат было людзей, дзе партыі, дзе сваякі людзей з групаў і партыяў, дзе неабыякавыя людзі, якія былі супраць зьменаў у Канстытуцыі – няўжо гэта толькі 70 тысячаў чалавек, пра якіх учора аб’явіла спадарыня Ярмошына. Ня можа гэтага быць. Я правяла апытаньне – цікава было ў людзей спытаць. І што высьветлілася – што з 41 чалавека “за” галасавалі толькі 6; 15 не былі зусім на выбарах; 20 галасавалі “супраць”. Няўжо гэта так і застанецца, няўжо гэтая хлусьня будзе заўсёды на нашым тэлебачаньні гучаць, а мы будзем маўчаць? Божа міласэрны, дапамажы нам даведацца ўсю праўду пра гэты рэфэрэндум. Дзякуй вам, што вы распавядаеце нам пра ўсё, што ёсьць на нашых вуліцах, дзякуй за ўсё. І я вельмі хацела, каб перадалі маё спачуваньне ўсім, хто пацярпеў у акцыі пратэсту супраць рэфэрэндуму”.

(Лусевіч Міхаіл зь Ліды: ) “Зараз праслухаў тэлефоны званок аднае спадарыні, якая на трасянцы там размаўляла, яна ўсё пыталася, што патрэбна Бушу ад нашага Лукашэнка. Ну, я жадаю ёй адказаць, што ад вашага Лукашэнкі Бушу патрэбна, каб ён, ваш Лукашэнка, быў чалавекам, і скончыў гэты “беспрадзел” і “праізвол”, які ён робіць тут, на Беларусі. А калі казаць сур’ёзна, спадарыня, то усё гэта п’янства, усё тое, што вам паказваюць, можа быць вырвана адкуль-небудзь, а можа, там і сапраўды прысутнічалі нейкія п’яныя – шмат ёсьць аматараў, ня стану распавядаць гісторый. Гэта ўсё пайшло ад таго, што спадар Лукашэнка ваш прадае ўсю гэтую гарэлку, піва, віно людзям мільёнамі літраў – піце і дурэйце. І ўсё гэта пайшло ад Лукашэнкі, ад вашай Масковіі, ад таго, што там п’янства было заўжды, і мы гэта ўсё цудоўна перанялі. І яшчэ – “Акт аб дэмакратыі ў Беларусі” будзе мець тады посьпех, калі прэзыдэнт ЗША, якое б імя яго не было – Буш, ці Кэры – скажа спадару Пуціну: “Пуцін, прэч свае рукі ад Беларусі”. І гэта ёсьць нашая ўмова для нармальнага існаваньня разам з Расеяй. Вось тады сапраўды нешта зьменіцца. Дзякую”.

(Спадарыня: ) “Здраднікі, прадаліся за даляры, прадалі Беларусь, хіба так робяць са сваім народам, хіба прадаюць малых дзяцей, старых, якія адстаялі вайну, перамаглі гітлераўцаў, а вы прадаецеся. Хіба можна моладзь спакушаць?”

(Спадарыня: ) “Хачу выказаць сваю думку адносна нашых выбараў ў парлямэнт і рэфэрэндуму. Нашто было ўладзе траціць нашы народныя грошы і праводзіць гэты спэктакль, калі наша думка, думка нашых людзей зусім ня ўлічваецца? Калі ўсё гэта фальсыфікуецца? Калі праходзілі выбары ў 2001-м годзе, быў такі самы сцэнар, і ён жа прайшоў сёлета. Думка нашага чалавека папіраецца. Нашыя людзі выходзяць на выбары, хочуць выказаць сваю думку ў дачыненьні да ўлады, у дачыненьні да сваіх дэпутатаў. Дэпутаты, якія праходзілі ад апазыцыі, ад дэмакратычных партый – яны не прайшлі ў парлямэнт. Якія гэта выбары, на што трацяць нашы народныя грошы? На пустое, і паказваюць нейкую дэмакратыю. Народ, ён добры, сапраўды, народ, які паважае сваю мову. Але ж наша мова знаходзіцца “на задворках”. Людзі добрыя, калі гэта ўсё скончыцца? Чаму мы ня хочам, каб нас паважалі, каб мы людзьмі зваліся? Калі з нас робяць нейкіх марыянэтак… Чаму гэта робіцца ў нашай Беларусі, ў так званай “дэмакратычнай” дзяржаве, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы. Задумайцеся, людзі, куды мы прыйдзем, калі будзем так сябе не паважаць. Усяго добрага”.

(Анатоль Сахаруша, мястэчка Малеч: ) “Добры дзень. Як могуць быць сапраўднымі вынікамі, пасьля таго, што адбылося на папярэднім галасаваньні і ў дзень выбараў на ўчастку №29 (мястэчка Малеч Бярозаўскага раёна). 14 кастрычніка, у 16 гадзін старшыня камісіі ня мог адчыніць выбарчы ўчастак толькі таму, што ў яго не было ключа. Як высьветлілася, ён знаходзіўся ў загадчыка гаспадаркі Палаца культуры. 15-га кастрычніка было апошнім днём галасаваньня для работнікаў мясцовага участка ЖКГ. Усіх папярэдзілі – калі не прагаласуюць датэрмінова, зь імі будзе скончана размова ў лютым 2005 года, калі скончыцца кантракт. Быў складзены сьпіс, дзе кожны быў павінен паставіць свой подпіс пасьля наведаньня ўчастка для галасаваньня. Малецкі ўчастак Белтэлекома прыйшоў на выбарчы ўчастак у поўным складзе, таксама датэрмінова, у працоўны час. 17-га кастрычніка адбылося самае галоўнае дзікунства: у 14.37 адбыўся масавы ўкід бюлетэняў на вачах камісіі, у складзе якой былі настаўнікі, а зрабіла гэта іх былая вучаніца. Факт зафіксаваны назіральнікамі, заява перададзена ў пракуратуру. Вось так атрымліваюць вынікі, патрэбныя ўладам”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадары і гаспадыні “Радыё Свабоды”! Я хацеў бы праз вашае радыё падзякаваць прэзыдэнту Амэрыкі Бушу за падпісаньне “Акта аб дэмакратыі ў Беларусі”. Ніякай дэмакратыі ў нас няма. Чаго хоча галоўны гулец, тое і робіць. Законаў і Канстытуцыі для яго няма. Рэфэрэндум пра працяг тэрміну навечна – я казаў адразу, як яго аб’явілі, што вынік будзе 75-80%, гарантыя – 100%. Пра якую размову можа ісьці размова, калі дзяцей зьбіваюць, калечаць, кідаюць у турмы, а іншых – у лякарні. Нацыянальныя героі Беларусі вымушаны зьехаць, то бок – Скрабец, Парфяновіч, Фралоў. Але я ўпэўнены, яны адразу прыедуць дахаты, калі прыбяруць галоўнага “дэмакрата”. Бальшавікам можна адказаць: “Мы, дэмакраты, хочам жыць у вольнай, дэмакратычнай краіне Беларусі”.

(Спадар: ) “Жадаю даць адказ таму слухачу, які паведаміў, што ён ня любіць Буша, прэзыдэнта Амэрыкі, самай дэмакратычнай краіны. Мужнасьці для такой заявы ня трэба – дзьмуць у адну дуду з апошнім дыктатарам у Эўропе, Лукашэнкам. Афіцыйным вынікам выбараў бяз выбару і рэфэрэндуму нельга верыць, таму што яны не былі свабоднымі, не былі справядлівымі, не былі роўнымі. Перадвыбарная кампанія вялася дзяржавай пад кіраўніцтвам узурпатара Лукашэнкі ва ўмовах гвалту і ашуканства. Сам рэфэрэндум не патрэбны ніводнаму грамадзяніну Беларусі. Акрамя аднаго чалавека – Лукашэнкі. Дзякую”.

(Спадар: ) “Добрай раніцы, “Свабода”. Учора ўзяў я “Народную волю, прачытаў артыкул, паглядзеў на здымак Анатоля Лябедзькі – мне аж кепска стала. Як можна так зьдзеквацца з чалавека? Не такі ўжо ён і здаровы. Гэта проста ні ў якія межы ня лезе. Нават у фашысцкіх лягерах не падымалі людзей, не падвешвалі за наручнікі – а тут чалавека зьбілі. Гэта ня людзі, гэта зьвяры, самыя сапраўдныя. Калі-небудзь яны за ўсё адкажуць. І яшчэ: журналіст Пракопаў мусоліў тры дні запар, як ішла дэманстрацыя. Там відавочна было паказана, як у белай куртцы дэманстрант адштурхваў. Ну, каб сышоў зь півам. Гэта яны самыя гэта ўсё падстроілі, а пасьля гавораць, што расейскія журналісты пачалі неаб’ектыўна даваць інфармацыю. Што ж ты, грамадзянін Пракопаў, калі даваў гэтыя здымкі, паказваў гэта – пра піва гаварыў, а як у кавярні зьдзекваліся зь людзей – ты адразу прывёў рамку. І яшчэ наконт выбараў. Я ведаў, што ніхто з апазыцыі не патрапіць. Шкадую дужа. Бо ім парлямэнт не патрэбны такі, у якім бы людзі “ўстаўлялі ім палкі ў колы”. Ім трэба такі парлямэнт, што далі загад – якія праблемы, што рабіць – усе “за”. Навошта, уласна, было купляць такую дарагую апаратуру”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG