Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеру Фралову не ўдалося даказаць праз суд, што ён не антысэміт


Ганна Соусь, Менск Cуд Маскоўскага раёну Менску не задаволіў патрабаваньняў генэрала Валера Фралова да газэты “Обозреватель” і адмовіў журналістцы “Оброзревателя” Ганне Мураўскай у яе пазове да Валера Фралова аб абароне гонару і годнасьці.

Ні генэрал Фралоў, ні прадстаўнікі газэты “Обозреватель” на абвяшчэньне прысуду ў Маскоўскім судзе Менску сёньня не прыйшлі. А вось як пракамэнтаваў рашэньне суду праваабаронца зь Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак, які быў прадстаўніком грамадзкасьці падчас гэтага судовага працэсу:

(Гулак: ) “Мы не пачулі ад адказчыка ніякіх доказаў у пацьверджаньне таго, што распаўсюджаная інфармацыя адпавядае рэчаіснасьці. Ані слова аб тым, што насамрэч Фралоў і Навасяд нейкім чынам зрабілі тое, што можна назваць антысэмітызмам. На маю думку, усё ж рашэньне павінна было быць за Фраловым. Я думаю, што Фралоў будзе абскарджваць гэтае рашэньне”.

Атрымаць камэнтар прадстаўнікоў газэты “Обозреватель” не атрымалася. Як паведамілі ў рэдакцыі, карэспандэнтка Ганна Мураўская захварэла, а намесьніца галоўнага рэдактара Вольга Тарасевіч ад камэнтароў адмовілася.

Нагадаю, што Ганна Мураўская палічыла, што ў сваім пазове ў суд генэрал Фралоў абразіў яе і запатрабавала 15 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Фралоў жа патрабаваў ад “Обозревателя” 100 мільёнаў рублёў кампэнсацыі. Падставай для судовага разьбіральніцтва стаў артыкул “Депутаты Костян, Фролов и Новосяд — личностные антисемиты?”, надрукаваны летась у газэце “Обозреватель”, дзе зьмяшчалася гутарка карэспандэнткі Ганны Мураўскай з кіраўніком Беларускага аб’яднаньня габрэйскіх арганізацый і суполак Леанідам Левіным, зь якой вынікала, што Валер Фралоў — антысэміт. Леанід Левін на судзе сьцьвярджаў, што ніколі такога не казаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG