Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская кампанія МТС афіцыйна заявіла пра беларусізацыю сваіх паслугаў у Беларусі


Севярын Квяткоўскі, Менск Цягам трох месяцаў мусіць запрацаваць беларускамоўная вэрсія інтэрнэт-старонкі МТС. Таксама заплянаваная беларускамоўная АССА (аўтаматычная сыстэма самаабслугоўваньня абанэнтаў). У МТС прызнаюць, што на рашэньне паўплывала грамадзкая ініцыятыва.

Ідэя збору подпісаў пад зваротам да МТС належыць моладзевай ініцыятыве “Вока” і Таварыству беларускай мовы. Сёньня колькасьць подпісаў ідзе на тысячы. Вось словы дырэктара па маркетынгу і продажах МТС Дзьмітрыя Ліхуты:

(Ліхута: ) “Мы атрымалі цэлы шэраг зваротаў і нашых абанэнтаў, і проста грамадзянаў з просьбай зрабіць і нашы паслугі, і інфармацыю пра кампанію даступнымі на беларускай мове. Канешне, яны яе атрымаюць”.

Дзьмітры Ліхута патлумачыў, што ўвод беларускай мовы зьвязаны зь вялікімі тэхнічнымі складанасьцямі. Таму МТС ня можа цяпер агучыць канкрэтныя тэрміны беларусізацыі сыстэмы АССА. Працягвае Дзьмітры Ліхута:

(Ліхута:) “Я цудоўна разумею тых людзей, якія мяркуюць, і яны насамрэч, пэўна, маюць права атрымліваць паслугі на той мове, якую яны лічаць роднай. Для апэратара заўжды паўстае пытаньне мэтазгоднасьці – наколькі гэта важна на гэтым рынку… Гэта вельмі цяжка. Тым ня менш, жаданьне ёсьць”.

У Таварыстве беларускай мовы скептычна ставяцца да абяцаньняў на далёкую пэрспэктыву. Вось меркаваньне прадстаўніка ТБМ Сяргея Кручкова:

(Кручкоў: ) “На маю думку трэба ўзмацніць збор подпісаў і патрабаваць гэта зрабіць у як мага больш сьціслыя тэрміны. Толькі тады будзе вынік”.

Канкурэнт МТС кампанія VELCOM сталася першай кампаніяй мабільнай сувязі, якая яшчэ на пачатку бягучага году стварыла беларускамоўную вэрсію інтэрнэт-старонкі. Ня так даўно кантрольны пакет акцыяў VELCOM перайшоў да беларускай дзяржавы. Што да карыстаньня беларускай мовай у аўтаматычнай сыстэме самаабслугоўваньня абанэнтаў, у прэсавай службе VELCOM канкрэтнай інфармацыі няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG