Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень у Беларусі адбываецца датэрміновае галасаваньне, што кажуць людзі наконт галасаваньня датэрмінова?


Ганна Соусь, Менск Нашая карэспандэнтка наведала некалькі выбарчых участкаў у Менску й пацікавілася меркаваньнямі людзей пра датэрміновае галасаваньне.

Я наведала чатыры выбарчыя ўчасткі ў Менску, якія месьцяцца ў школах. Датэрміновае галасаваньне на іх ішло ня так актыўна, як на участках, дзе выбаршчыкамі былі студэнты, якія жывуць у інтэрнатах. На 558 участку ў школе №49 сёньня, збольшага, галасавалі пэнсіянэры.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, чаму вы вырашылі прагаласаваць датэрмінова?”

(Пэнсіянэрка: ) “Таму што я хворая, паеду ў вёску разагрэць бакі на печцы”.

(Пэнсіянэрка: ) “У нядзелю шмат народу будзе, а можа, я куды сыду”.

(Пэнсіянэр: ) “У мяне заўтра дача, а пасьлязаўтра работа з васьмі гадзінаў на суткі”.

Паводле старшыні выбарчай каміісіі Станіслава Грышкевіча, на ўчастку прагаласавалі за тры дні 12% выбарцаў. Я запыталася яго аб прычынах датэрміновага галасаваньня.

(Грышкевіч: ) “Вы разумееце, гэта ўжо пытаньне палітыкі. Я арганізатар выбараў і не адсочваю такія пытаньні — як, чаму і што”.

На 539 выбарчым участку ў школе №88 у пакоі, дзе месьціцца выбарчая камісія, шмат агітацыйных матэрыялаў, вісіць улётка з заклікам “Твой голас патрэбен Беларусі. Галасуй “за”, а таксама плякат, на якім мужчынскія рукі трымаюць у руках крышталёвы шар з мапай Беларусі. Меркаваньні тых, хто галасаваў на гэтым ўчастку датэрмінова, падзяліліся.

(Спадар: ) “А я сёньня зьяжджаю. Каб ведаў, што ў нядзелю прыеду да 20 гадзінаў, то прагаласаваў бы 17 кастрычніка”.

(Карэспандэнтка: ) “А як вы ставіцеся да датэрміновага галасаваньня?”

(Спадар: ) “Я супраць, таму што выбары павінны адбывацца ў адзін дзень”.

(Спадарыня: ) “Якая розьніца, што я заўтра прыйду, што ў нядзелю прыйду прагаласую, ці я сёньня прыйшла прагаласавала?”

Пасьля наведваньня выбарчых участкаў я пацікавілася ў мінакоў на менскіх вуліцах, як яны ставяцца да датэрміновага галасаваньня, ці адбываецца яно сапраўды добраахвотна:

(Дзяўчына: ) “Добраахвотна… Не, я не лічу, што гэта так. Я вучуся ва ўнівэрсытэце імя Максіма Танка і жыву ў інтэрнаце. Нас прымушалі галасаваць, проста захадзілі ў пакоі й адпраўлялі галасаваць”.

(Хлопец: ) “Я лічу, што гэта парушэньне канстытуцыйнага ладу нашай дзяржавы”.

(Спадар: ) “У Беларусі, на маю думку, можна ўсім прагаласаваць у адзін дзень”.

(Спадарыня: ) “Я думаю, што, канечне, ня добраахвотна, гэта ўсё будзе сфальсыфікавана. У нас жа, як вядома, два варыянты адказаў: “Так, ня супраць” і “Не, ня супраць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG