Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прызначаны на пасаду судзьдзя заўсёды будзе залежаць ад таго, хто яго прызначыў. Таму што той можа й зьняць яго, можа ня даць жыльля, іншага...”


Аляксандар Уліцёнак, Менск Новая перадача з сэрыі “Тэматычная палітгеаграфія”

Пра неабходнасьць рэфармаваньня беларускай судовай сыстэмы было заяўлена яшчэ ў 1992 годзе. Аднак пасьля выбараў першага прэзыдэнта гэтая задача зьнікла з парадку дня, хоць крызыс працягваў паглыбляцца. І сёньня толькі каля траціны грамадзянаў маюць давер да судоў. А вераць у справядлівасьць судовых рашэньняў яшчэ менш – усяго 16 працэнтаў. Чым гэта выклікана?

Новую хвалю крытыкі суды краіны выклікалі падчас падрыхтоўкі да цяперашніх выбараў і рэфэрэндуму. Паўсюль, асабліва ў вялікіх гарадох, адбыліся судовыя працэсы, рашэньні якіх мелі гучны рэзананс ня толькі ў Беларусі, але й за мяжой. Гаворыць кіраўнік салігорскай філіі Беларускага Хэльсынскага камітэту Леанід Мархотка:

(Мархотка: ) “Самыя жорсткія суды, неадэкватныя– гэта калі палітычныя справы. Тады душаць, як толькі могуць. Фактычна судзяць “па паняцьцях”. У такіх справах закону няма й блізка. Адно палітычная “мэтазгоднасьць”...”

Асаблівую ўвагу зьвярнулі на сябе гарадзенскія суды. Так, крыху раней яны разглядалі шырока вядомыя справы журналістаў Міколы Маркевіча й Паўла Мажэйкі: паводле артыкулу “за паклёп на прэзыдэнта” абодвух паслалі на так званую “хімію”. А толькі што “за публічную абразу” ўсё той жа асобы двума гадамі зьняволеньня пакаралі прадпрымальнікаў Валерыя Леванеўскага й Аляксандра Васільева.

(Пачобут: ) “Калі прааналізаваць усе гэтыя справы, то відаць з самага пачатку, што чалавек, абвінавачаны па такім артыкуле, ня мае ніякіх шанцаў на правасудзьдзе. Пункт гледжаньня абароны, пункт гледжаньня людзей, якія прызнаныя за вінаватых, ня ўлічваецца судамі. Хадайніцтвы такіх асобаў проста адхіляюцца. Скажам, працэс Леванеўскага ўвогуле нагадваў фарс”.

Так лічыць юрыст Андрэй Пачобут. З калегамі, што выносілі тыя прысуды, ён некалі вучыўся. Таму й мяркуе, што судзьдзі добра разумелі: ім адведзена роля звычайных выканаўцаў палітычнага заказу вэртыкалі... Аднак быць пешкай у такой гульні пагаджаюцца ня ўсе.

(Пачобут: ) “Калі гаварыць пра судзьдзяў, то Клімава й Дземчанка пагадзіліся браць удзел у такім фарсе, а той жа Сяргейка, які першы меў быць судзьдзём “Пагоні”, адмовіўся. Але адмовіўся такім чынам, што быццам бы захварэў. Ён меў быць прызначаны намесьнікам начальніка ўправы юстыцыі, але пасьля таго, як адмовіўся, ня быў прызначаны. Адразу пасьля выкананьня палітычнай замовы іх кар’ера ідзе ўгору. Скажам, Клімава цяпер намесьніца старшыні Кастрычніцкага суду. Я думаю, што хутка Дземчанка пойдзе ўгору. З апошняй інфармацыі, якую маю, Танкевіч, сьледчы, пераведзены ў абласную пракуратуру з раённай”.

Нагадаю слухачам: спадарыня Клімава “судзіла” журналістаў газэты “Пагоня”, а спадар Дземчанка – Леванеўскага й Васільева. Сярод людзей, якія добра ведаюць узаемаадносіны “трэцяй” – судовай – улады з заканадаўчай і выканаўчай, былы кіраўнік Вярхоўнага Савету Беларусі, заслужаны юрыст Мечыслаў Грыб. Вось яго меркаваньне:

(Грыб: ) “Судовая сыстэма ў Беларусі сёньня вельмі недасканалая. Усе судзьдзі ў нас залежныя, залежныя ад улады. Пачынаючы ад раённых судоў і да Вярхоўнага суду краіны судзьдзі прызначаюцца на свае пасады прэзыдэнтам”.

(Карэспандэнт: ) “А ва Ўкраіне, у Расеі такога, здаецца, няма?”

(Грыб: ) “Няма. Прызначаны на пасаду судзьдзя заўсёды будзе залежаць ад таго, хто яго прызначыў. Таму што той можа й зьняць яго, можа ня даць жыльля, іншага... Таму й будзе існаваць тэлефоннае права. Трэба, каб судзьдзі абіраліся выбарцамі”.

Аднак сёньня іх прызначаюць. Таму суды практычна заўсёды становяцца на бок улады, калі тая судзіцца са сваімі апанэнтамі. У апошніх амаль няма шанцаў даказаць сваю невінаватасьць.

(Грыб: ) “Калі суд разглядае спрэчку грамадзяніна РБ зь дзяржаўнай установай, то цяпер, як і пры савецкай уладзе, судзьдзі становяцца на бок прадстаўнікоў дзяржаўнай улады. Нібыта ёсьць неафіцыйныя ці афіцыйныя тлумачэньні з боку кіраўніцтва судоў, што ў гэтых спрэчках прыярытэт трэба аддаваць прадстаўнікам органаў дзяржаўнай улады”.

Так, журналістка Алена Раўбецкая ў камэнтары да рашэньня кіраўніка краіны правесьці рэфэрэндум напісала, што нельга верыць у справядлівасьць законаў, калі Канстытуцыю будуць зьмяняць па тры разы за 10 гадоў. “Як у ваду глядзела”, канстатуе былы сябра Канстытуцыйнага суду Міхаіл Пастухоў. Ён прадстаўляў інтарэсы спадарыні Раўбецкай, калі нядаўна яе абвінавацілі ў распаўсюджваньні зьвестак, якія нібыта зьневажалі гонар і годнасьць прэзыдэнта. За “антырэфэрэндумны” артыкул журналістку пакаралі штрафам на 70 базавых велічыняў...

(Пастухоў: ) “Мы, я і адвакат, сказалі, што Алена Раўбецкая дзейнічала ў рамках закону аб друку, яна выкарыстоўвала права выказваць свае адносіны да падзеяў. Я ў пачатку сказаў, што прычынай для гэтага артыкулу паслужыла рашэньне прэзыдэнта, якое нельга прызнаць законным, нельга прызнаць канстытуцыйным”.

На думку спадара Пастухова, суду не ўдалося даказаць віну аўтара публікацыі ў гарадзенскай газэце “Биржа информации”. І гэта зусім не адзінкавы выпадак, калі журналісты прайграюць паводле артыкулу пра зьнявагу гонару й годнасьці. Дзякуючы судам шэраг выданьняў, напрыклад “Свабода” й “Пагоня”, увогуле зьніклі, а напярэдадні рэфэрэндуму быў прыпынены на тры месяцы выхад дзесятка незалежных рэгіянальных газэтаў. Хоць ува ўсім сьвеце менавіта прэса заганяе ў кут суды, калі камэнтуе заказаныя, некваліфікаваныя ці падкупленыя прыгаворы.

Але ў Беларусі такіх публікацыяў адзінкі. Судовая сыстэма як вельмі важны складнік уладнага мэханізму амаль выведзеная з поля крытыкі й галоснасьці. Вось што кажа пра гэта гарадзенскі праваабаронца Андрэй Кусяльчук:

(Кусяльчук: ) “Надуманыя позвы ў гарадзенскіх судах могуць сьведчыць толькі аб тым, што ў Беларусі незалежнай судовай сыстэмы не існуе, а судзьдзі, замест таго каб стаяць на абароне закону, самі парушаюць закон. Яны вельмі добра разумеюць, што чалавек, якога судзяць, не парушаў закону. Яны прымаюць не прававое рашэньне, а рашэньне тых чыноўнікаў, якія стаяць зьверху і якія могуць зьняць іх з работы”.

Лічыць такую сытуацыю выключна вынікам палітыкі сёньняшніх уладаў – неаб’ектыўна. І Мечыслаў Грыб, і Андрэй Кусяльчук, і Міхаіл Пастухоў мяркуюць, што тут мае месца і працяг ня лепшых традыцыяў савецкіх судоў. Нездарма і ў іншых краінах былога Савецкага Саюзу судовая сыстэма выклікае шмат нараканьняў. Так, 58 працэнтаў расейцаў лічаць яе малаэфэктыўнай. Як і ў Беларусі, аўтарытэт “трэцяй” улады там увесь час зьмяншаецца: калі чатыры гады ёй давяралі 35 працэнтаў апытаных, дык летась толькі 25. А ў далёкай Кіргізіі – увогуле 20 працэнтаў...

Каб выправіць становішча, з ініцыятывы Пуціна пачалі праводзіць сур’ёзнае рэфармаваньне судоў. У сваю чаргу Лукашэнка зусім нядаўна заявіў іншае: ня варта сьпяшацца зь перайманьнем досьведу замежных прававых структур, а то – цытую – “дадэмакратызуемся да таго, што ўсе пачнуць жыць паводле прынцыпу “што хачу, тое й раблю”... Вось як рэагуе на такі падыход Мечыслаў Грыб:

(Грыб: ) “Трэба было б ужо сёньня ўвесьці суд прысяжных засядацеляў. Нічога дрэннага ў гэтым няма. Няхай зьбіраюцца звычайныя людзі, засядацелі… Няхай яны прымаюць вэрдыкт: вінаваты чалавек ці не”.

(Карэспандэнт: ) “Такая ж практыка ў Расеі ёсьць?”

(Грыб: ) “Ёсьць і там, і ў іншых краінах. А ў нас гэтага баяцца! Баяцца людзей, іх думак… Без вырашэньня праблемы абранасьці судзьдзяў, іх незалежнасьці цяжка сказаць, што давер да судоў у Беларусі можа быць павышаны. Ня будзе гэтага…”

Зноў згадаем сацыёлягаў: паводле апытаньня, праведзенага летам Незалежным інстытутам сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, толькі кожны шосты грамадзянін верыць у справядлівасьць беларускай судовай сыстэмы. Прашу Мечыслава Грыба пракамэнтаваць сытуацыю:

(Грыб: ) “Выкрышталізоўваецца агульная думка: судзьдзям няма чаго давяраць, яны могуць стаць на які хочаш бок: у каго больш грошай, хто мае больш знаёмых у судах, той і выйграе справу”.

(Карэспандэнт: ) “Карупцыя ёсьць у судах?”

(Грыб: ) “Зразумела! Ёсьць…”

(Карэспандэнт: ) “Судзьдзі сёньня – высокааплатная катэгорыя?”

(Грыб: ) “У нас такіх сярод дзяржслужбоўцаў няма. І працуючы пры такім уціску, той ці іншы можа спакусіцца. Узяць тое, што яму прапануюць”.

Сапраўды, служкаў Фэміды цяжка аднесьці да людзей без матэрыяльных праблемаў. Жыцьцёвая ўладкаванасьць – своеасаблівы кручок, на якім вэртыкаль трымае іх. Так, на Гарадзеншчыне добра ведаюць гісторыю аднаго судзьдзі, які надоўга затрымаўся з жонкай і дзіцём у інтэрнаце. Калі нарэшце зьвярнуўся ў Адміністрацыю прэзыдэнта, скаргу пераслалі ў абласную ўправу юстыцыі. Як вынік, кантракту з “калючым” маладым спэцыялістам не перазаключылі, і чалавек сёньня знаходзіцца ў сытуацыі “ні госьць, ні гаспадар”. Як кажуць, выдатная навука для іншых.

Аднак такая, з дазволу сказаць, “вучоба” скіраваная на абслугоўваньне верхніх зьвёнаў вэртыкалі, якраз і падразае аўтарытэт судоў у грамадзтве. Вось меркаваньні зусім маладых людзей са Смалявічаў:

(Віталь: ) “Лепш туды не трапляць. У Смалявічах ня суд. Гэта цырк”.

(Ігар: ) “Вялікі тэрмін запрошваюць. Гэта – першае. І, другое, садзяць. За дробязь”.

(Алег: ) “Каб гэта па сур’ёзным артыкуле. Напрыклад, за забойства. А то за драбязу”.

(Віктар: ) “І пракурора маладога выбралі. Ён не разьбіраецца што да чаго...”

Тое, пра што кажуць юнакі з маленькага райцэнтру, насамрэч – вялізная дзяржаўная праблема. Дасьведчаныя юрысты кажуць, што менавіта карны ўхіл беларускага правасудзьдзя істотна падрывае давер да яго з боку насельніцтва. Турмы й калёніі перапоўненыя, туды часта пасылаюць за дробязь. Меркаваньне Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) “Ад двух да сямі ці ад трох да васьмі… Мне здаецца, гэта не зусім разумны падыход. Гэта закладзена ў Крымінальны кодэкс РБ, ён даў ім такія магчымасьці…”

Нават старшыня Канстытуцыйнага суду краіны Рыгор Васілевіч асьцярожна назваў апошнія амністыі – зноў цытую – “сьведчаньнем пэўнага недаверу да судоў ці да тых рашэньняў, якія выносяцца судамі”. А хіба не пра гэта кажуць зусім не дасьведчаныя ў тонкасьцях права смалявіцкія хлопцы?

(Зьміцер: ) “Я прыйшоў у міліцыю, сказаў праўду. Мяне там дапыталі, было ўсё нармальна. Я сказаў, што нічога ня бачыў. Бо было слабое асьвятленьне. Прыйшоў на суд. Пачаў казаць тое самае. А мне кажуць, што такога быць не магло. Упісалі мне артыкул 400-ы. За ілжывыя сьведчаньні. За гэта да 2 гадоў даюць”.

(Ігар: ) “У гэтай вёсцы ўплываюць знаёмствы. Тут справядлівасьці няма. Вось нейкі знаёмы кажа, каб пасадзіць хлопца. І пасадзяць”.

(Віталь: ) “У Менску іх правяраюць. А тут не. Бяспраўе”.

Таму, як і ў далёкай Кіргізіі, усё часьцей беларусы лічаць за лепшае не зьвяртацца ў суд, а разьбірацца адзін з адным, як могуць, кажа салігорскі праваабаронца Леанід Мархотка.

(Мархотка: ) “Якасьць працы судзьдзяў вельмі кепская. Людзі стараюцца туды не хадзіць. Яны стараюцца вырашыць свае праблемы нейкімі дамоўленасьцямі, зь нейкім начальнікам, даць хабар. 80 працэнтаў жыхароў, калі ня больш, судам не давярае й стараецца туды не хадзіць. Ідзе тады, калі няма куды дзецца. А так лічыць, што хай лепш прападзе, бо ведае, што справядлівага суду быць ня можа”.

Меркаваньне яшчэ аднаго прафэсіянала, Мечыслава Грыба:

(Грыб: ) “У шэрагу судоў на людзей не глядзяць як на людзей… А так – як на нейкія прадметы…”

Што й пацьвярджае празь сьлёзы крыўды смалявіцкая пэнсіянэрка Надзея Бусько:

(Бусько: ) “Гэта страшная справа. Я во па сёньняшні дзень хаджу. І аплакала я ўсе дарогі. Каму трэба абараняць у судзе беднага?! Усе знаходзілі прычыны. Павязана... Няма куды язык ткнуць... Усе павязаныя! Такі час...”

Удакладняю: 2004 год, а не 1937, які добра памятае бабуля Надзея. І яе ўнукам трэба жыць у іншых умовах: калі трэцяя ўлада не абслугоўвае дзьвюх першых, а нароўні зь імі служыць народу, нясе адказнасьць перад народам, а ня перад тымі, хто прысабечыў права выступаць ад імя грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG