Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Даведаліся б вы ў Ярмошынай каштарыс гэтых датэрміновых галасаваньняў. Хай бы паглядзелі тыя ж пэнсіянэры, колькі каштуе менавіта іх голас, і ці варта плаціць такі кошт”.


RFE/RL Водгукі слухачоў – 13 кастрычніка. Кожны дзень з 21:00 вечара да 09:00 раніцы вы можаце затэлефанаваць на менскі нумар 229-22-71 і пакінуць свой водгук на нашым аўтаадказьніку.

(Лусевіч Міхаіл, Ліда: ) “Добрай раніцы. Праслухаў сёньня ранкам паўтор вашай праграмы, дзе выступала Лідзія Ярмошына. Дык вось, я даўно жадаў сказаць, і казаў неаднойчы – праўда, вы гэта чамусьці не давалі ў эфір – што размова з самой гэтай мужападобнай спадарыняй і ўсялякае слуханьне яе высноў, сама яе сутнасьць і постаць ёсьць амаральнымі”.

(Слухач: ) “Наконт вашага пытаньня, ці трэба ісьці галасаваць датэрмінова, дык усім разумным людзям зразумела, што гэта падман, што гэта дае магчымасьць для далейшых фальсыфікацый. Не, зразумела – не. Але я тут у роспачы, я ня ведаю, што нават зрабіць з гэтым галасаваньнем, з гэтым рэфэрэндумам, ці варта ўвогуле ісьці на гэтыя так званыя выбары. Дзякуй”.

(Слухач: ) “Вітаю, “Радыё Свабода”. Я скарыстаю тое, што вас чуваць ня толькі ў Беларусі, але і ў Эўропе, хачу праз вашае радыё перадаць удзячнасьць і віншаваньні дэмакратычным арганізацыям Берасьця за правядзеньне ўнікальнай акцыі “Скажы Лукашэнку – не!”. Перад правядзеньнем акцыі, якая доўжылася з 6 па 10 кастрычніка, былі распаўсюджаны тысячы ўлётак, у якіх было ўказана, як праводзіць гэтую акцыю. Згодна ўлёткам, з 17.30 да 18 гадзін кожнага дня тыя, хто спачувае гэтым дэмакратычным сілам, сыгналілі адзін аднаму сьвятлом фараў. А жыхары Берасьця з 21.30 да 21.45 штодзённа мігалі сьвятлом адно аднаму, каб павіншаваць з гэтай акцыяй. А 10 кастрычніка на Савецкай вуліцы мусілі сабрацца людзі, каб паказаць, колькі нас жадае сказаць “не” Лукашэнку, прадэманстраваць салідарнасьць. І падчас акцыі тысячы машынаў рухаліся з уключанымі фарамі, увечары тысячы вокнаў міргалі адно аднаму, а на Савецкай сабралася процьма людзей – немагчыма было прайсьці. Акцыя прайшла зь вялікім посьпехам, з чым і віншую арганізатараў акцыі. Дэмакратычныя сілы! Дзейнічайце так і найдалей!”

(Спадарыня: ) “Добрай раніцы. Лукашэнку патрэбны статысты. Народ Беларусі! Дакажам Лукашэнку, што мы – нацыя, разумная, паважаная. Нас не падмануць. Ня трэба ісьці туды, дзе беззаконьне, дзе прыніжаюць нашую годнасьць, дзе нас ня лічаць за людзей. А дэпутатам-дэмакратам, якія яшчэ хоць трохі сябе паважаюць, трэба хуценька здымаць свае кандыдатуры”.

(Слухач: ) “Добры дзень, “Свабода”. На мой погляд, замест таго, каб пытацца ў нас, “ці пойдзеце вы на датэрміновыя, ці не”, было б больш карысьці, калі б вы праз радыё паведамілі нам, колькі насамрэч каштуе такое датэрміновае галасаваньне. Гэта ж задзейнічаны два чальцы камісій – у раёне працуюць; нават паведамлялася, што міліцыянты дзяжураць гэтыя пяць дзён. І гэта ўсё для таго, каб атрымаць 15-20% галасоў – фактычна, людзей, якія ня могуць знаходзіцца ў дзень выбараў дома, ці прыйсьці на выбарчы ўчастак – такіх, можа, будзе долі працэнта. Але з-за палітыкі ўладаў гэтыя выбары “ўлятаюць нам у капеечку”. Дык, паведамілі б вы, даведаліся б у Ярмошынай каштарыс гэтых датэрміновых галасаваньняў. Хай бы паглядзелі тыя ж пэнсіянэры, колькі каштуе менавіта іх голас у гэтым датэрміновым галасаваньні, і ці варта плаціць такі кошт. Дзякую”.

(Слухач зь Ліды: ) “Добрай раніцы. У закліку да правядзеньня рэфэрэндуму прэзыдэнт выносіў два пытаньні. У бюлетэні гэтыя два сэнсава розныя пытаньні аб’яднаныя ў адно й маюць адзін адказ. Хіба тыя, хто рыхтаваў бюлетэні, ня згодныя з прэзыдэнтам? Як мне быць, калі я згодны зь першым пытаньнем і ня згодны з другім, ці наадварот? Хацеў бы, каб гэта растлумачыла спадарыня Ярмошына. Дзякуй”.

(Слухач: ) “Добрага ранку. Вы многія правільныя рэчы гаворыце, але часам у такую лужыну сядаеце – як вось. Няўжо ваш карэспандэнт ня ведае – наконт таго, што немцаў хавалі “ў бессэнсоўнай вайне з абодвух бакоў” – вы што, фашысты? Мы абаранялі Радзіму, абаранялі ад страшанага паморку, ад немцаў. Інакш і беларусаў даўно б не было. А вы тут па радыё прапагандуеце, што “бессэнсоўная вайна з абодвух бакоў”. Вы што, блёкату аб’еліся? Фашыстамі ці паліцаямі служылі?”

(Сямён Ліцьвінаў: ) “Верш “На тым сьвеце”.

Паводле зьвестак у дзяржаўных СМІ Жывем мы зараз быццам у раі. А як на справе, дык турбуе вось чагосьці… Як кажуць, хораша – што нам, што на пагосьце”.

(Анастас Семяновіч: ) “Шаноўныя гаспадыні, гаспадары “Радыё Свабода”. Я вырашыў нагадаць нашым слухачам, што заўтра – Пакроў. Старыя прыметы: якое надвор’е на Пакроў – такая будзе зіма; калі на Пакроў увесь дзень цёплае надвор’е і вецер дзьме з поўдня, то зіма будзе лёгкая і сухая; а калі ідзе дождж – дык будзе цёплая ды мокрая. Дождж з паўночным ветрам указвае на тое, што зіма будзе дажджыстая і сьнежная, з частымі завірухамі. Вецер з паўночнага ці ўсходняга боку варожыць зіму марозьлівую і сухую. Дзякуй за ўвагу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG