Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Берасьцейшчыне выбарчую кампанію спыняюць кандыдаты, згодныя з палітыкай уладаў


Алег Супрунюк, Берасьце Мясцовая вэртыкаль разьлічвае, што такім чынам яшчэ ў першым туры выбараў у парлямэнт перамогуць кандыдаты, якія маюць уладную падтрымку.

Заявы пра зьняцьцё сваіх кандыдатураў у акруговыя камісіі Берасьця перадалі вайсковы камісар вобласьці Ўладзімер Базанаў і галоўны лекар абласнога шпіталю Аляксандар Карпіцкі. Абодва яны ў заявах паведамілі, што цалкам падтрымліваюць перадвыбарчыя праграмы цяперашніх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Сьвятланы Гіль і Валянціны Качан, а таму здымаюць свае кандыдатуры на іхную карысьць.

Аналягічныя выпадкі рэгіструюцца і ў іншых выбарчых акругах Берасьцейшчыны. Так, у Бярозе адмовіўся ад барацьбы галоўны лекар раённага мэдычнага аб’яднаньня Сяргей Рудзін. Цяпер ён агітуе выбарцаў галасаваць за дырэктара Бярозаўскага прадпрыемства “Межрайгаз” Яўгена Казімірчыка.

У дзьвюх выбарчых акругах Баранавічаў паводле асабістага жаданьня спынілі выбарчую кампанію ўжо чатыры кандыдаты. Менш канкурэнтаў у барацьбе за дэпутацкі мандат засталося таксама ў Кобрыні й Пінску.

Такім чынам мясцовыя ўлады спрабуюць дамагчыся, каб выбары прайшлі ў адзін тур, і перамогу на іх, з улікам датэрміновага галасаваньня, атрымалі кандыдаты, якія прыхільна ставяцца да палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG