Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш кандыдатаў — менш праблемаў для кандыдатаў “ад улады”


Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня на сваім паседжаньні Цэнтарвыбаркам пакінуў у сіле рашэньні Віцебска-Горкаўскай акруговай камісіі аб адмене рэгістрацыі кандыдатаў Паўла Севярынца і Ўладзіслава Токарава.

Падставай для пазбаўленьня рэгістрацыі Паўла Севярынца і Ўладзіслава Токарава сталі іх перадвыбарчыя выступы па радыё. Цэнтарвыбаркам перадаў тэксты гэтых выступаў у так званы назіральны савет па інфармацыйных спрэчках, які ўстанавіў, што кандыдаты дапусьцілі зьнявагу і паклёп на службовых асобаў Рэспублікі Беларусь. У выступе Севярынца гэта заключаецца ў фразе “карупцыя, бюракратыя, хлусьня на ўсіх узроўнях”, а ў Токарава ў фразе “сваволя і кланства ўлады”. Паводле экспэртаў ЦВК, Токараў распальвае сацыяльную варожасьць у фразе “гэтых пэнсіянэраў можна купіць напярэдадні рэфэрэндуму тым, што дабавіць троху грошай”.

Скаргі Севярынца і Токарава разглядаліся разам, і сябры Цэнтарвыбаркаму падтрымалі рашэньне акруговай камісіі. Прычым яны спаслаліся менавіта на высновы назіральнага савету. Сакратар Цэнтарвыбаркаму Лазавік заявіў:

(Лазавік: ) “Гэта абагульненьне носіць характар адкрытай хлусьні й распаўсюду непраўдзівых зьвестак, што зьяўляецца канкрэтным парушэньнем выбарчага заканадаўства”.

Тымчасам сябры камісіі з дарадчым голасам заявілі, што ў выступах няма таго, што выявіў там Цэнтаравыбаркам. Меркаваньне Алены Скрыган:

(Скрыган: ) “Справа гэта важная ня толькі для гэтых асобаў, Севярынца і Токарава, яна важная для ўсіх кандыдатаў на дэпутаты і для ўсёй кампаніі. Мы практычна закрываем рот усім кандыдатам і ніякай крытыкі ў гэтай кампаніі быць ня можа. Я лічу, тое, што сказалі гэтыя кандыдаты, гэта іх асабістая думка, іх ацэнка ўлады, і што як палітычную палеміку гэта можна расцэньваць.Такі прэцэдэнт які сёньня адбыўся вельмі паказальны, таму што Цэнтральная камісія сама не прымае такога рашэньня, яна стварыла нейкі назіральны савет. Я лічу, што гэта далёка зойдзе”.

Рашэньне камісіі Алена Скрыган назвала неправамоцным і незаконным.

На сваім паседжаньні Цэнтарвыбаркам пацьвердзіў таксама рашэньне аб адмене рэгістрацыі Ўладзімера Воліна, якога адклікала Лібэральна-дэмакратычная партыя. Алена Скрыган заявіла:

(Скрыган: ) “У нас ёсьць простая расчыстка акругаў для тых кандыдатаў ад улады, якія не зусім упэўненыя, што іх выберуць, ім ідуць насустрач і спрабуюць расчысьціць ім дарогу, каб пакінуць там аднаго ці двух”.

Дарэчы, паводле Цэнтарвыбаркаму, на дадзены момант налічваецца восем безальтэрнатыўных акругаў — па адной у Берасьцейскай, Віцебскай, Гарадзенскай абласьцях і ажно пяць у Гомельскай. Сярод безальтэрнатыўных — дзейныя дэпутаты палаты й прадстаўнікі адміністрацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG