Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СНІД асвойвае карту Беларусі


Сьвятлана Курс, Менск За 10 месяцаў гэтага года ў Беларусі афіцыйна зарэгістраваныя 6064 хворых на ВІЧ-інфэкцыю, усяго выявілі 579 новых выпадкаў заражэньня з пачатку году. Спэцыялісты ААН цьвердзяць, што ВІЧ-інфэкцыя і СНІД у Беларусі распаўсюджваюцца хутчэй, чым у Афрыцы: ВІЧ-інфікаваныя зарэгістраваныя на 154 адміністрацыйных тэрыторыях.

Заяву пра гэта ў верасьні зрабіў рэгіянальны дырэктар Фонду ААН у галіне народанасельніцтва Пір Зыбэн падчас свайго візыту ў Беларусь. Аднак айчынныя спэцыялісты кажуць, што тэмпы распаўсюду інфэкцыі не зьмяніліся. Гаворыць Сьвятлана Сергіенка, эпідэміёляг Рэспубліканскага цэнтру прафіляктыкі СНІД.

(Сергіенка: ) “Сёлета ідзе зьніжэньне ў параўнаньні зь мінулым годам. За 9 месяцаў выяўлена 579 выпадкаў. Зусім ня так, як у Афрыцы”.

Адкуль такія разыходжаньні ў ацэнках міжнародных і беларускіх спэцыялістаў? Адна з прычынаў – адрознасьць мэтодыкаў падліку. Міжнародныя спэцыялісты лічаць, што лятэнтнасьць СНІД складае 5-10 разоў, то бок на аднаго выяўленага прыходзіцца 5-10 нявыяўленых хворых. Беларускія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што гэтыя лічбы лятэнтнасьці добрыя для Афрыкі, аднак не для Беларусі, дзе мэдычныя агляды насельніцтва значна больш масавыя й рэгулярныя.

Паводле некаторых падлікаў, мэдагляды праходзіць каля трэці насельніцтва на год з тых ці іншых прычынаў. Аднак ёсьць цэлыя слаі насельніцтва, якія гадамі не бываюць у дактароў, не здаюць кроў на аналіз.

70% заражаных – мужчыны. У 71% выпадкаў прычынай зараджэньня зьяўлялася ін’екцыйнае ўвядзеньне наркотыкаў. Але захоўваецца тэндэнцыя распаўзаньня ВІЧ-інфэкцыі ад нарказалежных на людзей, якія вядуць звычайны лад жыцьця. Сёлета палова тых, хто заразіўся, заразіліся праз неабаронены полавы кантакт. І гэта, кажуць дактары, ужо сур’ёзная небясьпека для ўсіх людзей, якія практыкуюць заняткі сэксам.

У грамадзтве гучаць галасы, што рапаўсюднікамі СНІДу зьяўляюцца прадстаўніцы сэкс-бізнэсу, які расквітнеў ва ўсіх слаях насельніцтва. Аднак спэцыялісты гэтага не пацьвярджаюць. Вось заява эпідэміёляга Сьвятланы Сергіенкі:

(Сергіенка: ) “Пакуль такія дасьледаваньні не праводзіліся. Калі раней у працэс былі ўцягнутыя людзі, што ін’екцыйна ўжываюць наркотыкі, то цяпер, апошнія два гады, у працэс уцягваюцца праз полавае заражэньне. Але гэта не значыць, што тут фігуруюць прадстаўніцы сэкс-бізнэсу”.

Сябры беларускага Клюбу дапамогі супрацоўніцам сэкс-бізнэсу “Шанец” лічаць такія заявы некарэктнымі. Жанчыны з сэкс-бізнэсу часьцей ахоўваюцца, чым людзі, якія займаюцца сэксам як аматары. Апошнія ўсё яшчэ ўпэўненыя, што СНІД – хвароба маргіналаў, і часьцей за ўсё чапляюцца на гэтую вуду.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG