Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейская фабрыка ня хоча ўдзельнічаць у рэфэрэндуме і выбарах


Алег Супрунюк, Берасьце Рабочыя берасьцейскай фабрыкі сувэніраў, гаспадаром якой ёсьць кіраўніцтва справаў прэзыдэнта Беларусі, адмаўляюцца браць удзел у парлямэнцкіх выбарах і рэфэрэндуме. Такім чынам яны хочуць зьвярнуць увагу ўладаў да нізкіх заробкаў на прадпрыемстве і адмены дадатковых выплатаў.

На фабрыцы сувэніраў у Берасьці цяпер працуюць 220 чалавек. Сама фабрыка зьяўляецца філіяй прадпрыемства “Белая Русь”, што належыць кіраўніцтву справаў прэзыдэнта Беларусі. Сярэдні заробак за апошні месяц, без уліку падаткаў, на фабрыцы складаў прыблізна 165 тысяч рублёў. Але большасьць рабочых фабрыкі не зарабляе і 100 тысяч.

Аднак і гэтых грошай у наступным месяцы рабочыя могуць не атрымаць. Новае кіраўніцтва фабрыкі вырашыла адмовіцца ад дадатковых выплатаў, прадугледжаных калектыўнай дамовай за працу ў шкодных умовах. Дырэктар фабрыкі Аляксандар Бужак спасылаецца на тое, што адміністрацыя прадпрыемства ня можа выканаць гэтай дамовы. Штомесяц фабрыка вырабляе сувэніраў на 40 мільёнаў рублёў і гэтых сродкаў не хапае нават на выплату заробкаў. Саму калектыўную дамову дырэктар называе нікчэмным юрыдычным дакумэнтам.

Абураныя рабочыя накіравалі свой зварот на адрас кіраўніцтва справаў Аляксандра Лукашэнкі. Яны папярэдзілі фактычных гаспадароў прадпрыемства, што адмовяцца ад удзелу ў выбарах і рэфэрэндуме, калі дадатковыя выплаты ня будуць ліквідаваныя. Гэтыя словы пацьвердзіла адна з рабочых фабрыкі:

(Спадарыня: ) “Канечне, гэта праўда. Мы ня пойдзем на рэфэрэндум, калі гэтае пытаньне ня будзе вырашанае з фабрыкай. Зразумела, ня пойдзем”.

Паводле апошніх зьвестак, кіраўніцтва справаў прэзыдэнта зьбіраецца адмовіцца ад фабрыкі сувэніраў, якая прыносіць толькі страты. Мяркуецца, што берасьцейская фабрыка неўзабаве атрымае юрыдычную самастойнасьць і ўвойдзе ў склад канцэрну “Беларускія мастацкія промыслы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG