Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдатка АГП вызваліла свае плякаты з-пад арышту з прыватнай друкарні “Топ Тайп” і лічыць, што ўлады сплянавалі гэтую акцыю


Юлія Шарова, Менск Зраніцы кандыдатка ад АГП Сьвятлана Каралёва здолела забраць свае агітацыйныя плякаты, якія знаходзіліся ў арыштаванай друкарні “Топ Тайп”. Дазвол на гэта ёй напярэдадні далі ў аддзеле барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю.

Сьвятлана Каралёва замаўляла ў друкарні “Топ Тайп” агітацыйныя ўлёткі й плякаты. Частку прадукцыі яна пасьпела атрымаць яшчэ да ператрусу 28 верасьня, частку забрала сёньня. Некаторыя ж матэрыялы гэтак і засталіся ненадрукаванымі.

У параўнаньні зь іншымі двума кандыдатамі, што меркавалі скарыстацца паслугамі гэтай жа друкарні, Сьвятлане пашанцавала. На ейную думку, гэтае закрыцьцё прыватнай друкарні – загадзя сплянаваная акцыя ўладаў.

(Каралёва: ) “Гэта называецца — пастка для кандыдатаў. Табе адмаўляюць у шмат якіх друкарнях, адна друкарня застаецца, якая ўжо на прыцэле. 28-га ўвечары арганізоўваецца кампанія: тады, калі людзі павінны прадукцыю забіраць, павінен адбывацца разьлік”.

Сьвятлана лічыць, што ўлады такім чынам хацелі ўвесьці дэмакратычных кандыдатаў у стан псыхалягічнага стрэсу, перашкодзіць ім працаваць перад выбарамі.

(Каралёва: ) “Я была тры дні “ня ў полі”, я была тут. Я спужалася, што маіх матэрыялаў ня будзе, і я буду, так бы мовіць, “голым кандыдатам”. Я толькі вусна змагу гаварыць. Але што такое вусна? Гэта 5%, калі людзі запамінаюць цябе”.

Паводле Сьвятланы Каралёвай, міліцыянты спачатку былі нават зьдзіўленыя й расчараваныя невялікай колькасьцю кандыдатаў ад апазыцыі, што скарысталіся паслугамі менавіта гэтай друкарні.

Кандыдаты Алег Воўчак і Генадзь Ананьеў пакуль ня здолелі дамагчыся, каб грошы за іхныя ўлёткі былі пераведзеныя ў іншыя друкарні. Спадар Воўчак паведаміў Свабодзе, што вымушаны быў друкавацца ў “Топ Тайп”, бо іншыя фірмы яму катэгарычна адмовілі, і цяпер ён не спадзяецца вызваліць грошы з замарожаных рахункаў.

У спадара Ананьева замова на друк агітацыйных матэрыялаў была выкананая прыблізна на траціну, і на гэтай падставе ўжо зробленыя ўлёткі й плякаты яму не аддаюць.

Сытуацыя ўскладняецца яшчэ й тым, што матэрыялы па друкарні “Топ Тайп” перададзеныя ўжо зь Першамайскага аддзелу барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю ў дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў. Цяпер усе рашэньні ў гэтай справе будзе прымаць іншая інстанцыя.

Гл. таксама • Офіс прыватнай друкарні “Топ Тайп” па-ранейшаму апячатаны, але некаторыя кандыдаты змаглі забраць улёткі
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG