Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнага рэдактара газэты “Биржа информации” судзяць за публікацыю пра рэфэрэндум


Сяргей Астраўцоў, Горадня У Ленінскім раённым судзе Горадні сёньня разглядалі адміністрацыйную справу супраць галоўнай рэдактаркі газэты “Биржа Информации” Алены Раўбецкай. Яна – аўтарка публікацыі, прысьвечанай рэфэрэндуму, пад назвай “Здрада імем народу”.

Ленінская раённая пракуратура палічыла, што ў публікацыі, зыходзячы з артыкулу 172 адміністрацыйнага кодэксу, парушаны патрабаваньні артыкулу 5 закону аб друку.

У гэтым артыкуле гаворыцца аб недапушчальнасьці выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі для распаўсюджваньня зьвестак, якія зьневажаюць гонар і годнасьць прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь.

За гэта прадугледжана пакараньне — штраф ад 50 да 100 базавых велічыняў.

Судзьдзя Натальля Козел сказала, што справу будзе разглядаць у кабінэце, хаця адвакат Аляксандар Бірылаў прапанаваў забясьпечыць большую адкрытасьць разгляду. Ён таксама прапанаваў правесьці лінгвістычную экспэртызу публікацыі, але судзьдзя адхіліла гэтае хадайніцтва.

У судзе заслухалі саму Алену Раўбецкую і, у якасьці сьведкаў, супрацоўніцу “Биржы Информации” Натальлю Макушыну і Міколу Маркевіча — галоўнага рэдактара газэты “День”.

Выступіў таксама прадстаўнік Раўбецкай Міхаіл Пастухоў — кіраўнік Цэнтру прававой абароны БАЖ. Яны гаварылі пра тое, што ў публікацыі няма іншых зьвестак, апроч усім вядомага паведамленьня пра рэфэрэндум. Усё астатняе — меркаваньне журналіста, які мае права яго выказваць.

(Пастухоў: ) “Прычынай і віноўнікам усяго гэтага, як ні дзіўна, мне здаецца, паслужыў сам кіраўнік дзяржавы і ягонае рашэньне, якое, на мой погляд, зьяўляецца неканстытуцыйным — аб прызначэньні канстытуцыйнага рэфэрэндуму аб працягненьні тэрміну паўнамоцтваў”.

Алена Раўбецкая выказала ў публікацыі меркаваньне, што ня можа быць моцных і справядлівых законаў, упэўненасьці ў заўтрашнім дні, калі канстытуцыю будуць зьмяняць па тры разы за дзесяць гадоў. Судовае рашэньне будзе гатова заўтра, сказала судзьдзя Натальля Козел.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG