Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шклоўская раённая газэта “Ўдарны фронт” надрукавала скандальны акраверш пра Лукашэнку


Ул.інф. 18 верасьня на першай старонцы шклоўскай раённай газэты “Ўдарны фронт” быў надрукаваны верш, які стаў прычынай скандалу мясцовага маштабу. Пад загалоўкам “Рэфэрэндум — правільнае рашэньне” дзяржаўная газэта надрукавала кароткі ліст і верш, падпісаны “Б.Касьцюк, вэтэран працы”.

У некалькіх радках выказваецца падтрымка Аляксандру Лукашэнку і гаворыцца, што верш прысьвячаецца радзіме прэзыдэнта Шклоўшчыне. Ён быў вытрыманы ў звычайным стылі “хваласьпеву” і ўтрымліваў, напрыклад, такія радкі:

“Шагаем твердо и спокойно, Единой правильной тропой Нас не застанут бури, войны, Когда есть президент такой.”

Аднак пасьля выхаду газэты людзі заўважылі, што першыя літары вершаваных радкоў складваюцца ў асобны сказ з двух словаў (“Лукашенко убийца”), які супярэчыць сэнсу верша. Высьветлілася, што раёнка надрукавала акраверш, і віна за гэта была ўскладзена на Ніну Буйніцкую, якая замяшчала галоўнага рэдактара “Ўдарнага фронту”.

Сытуацыю камэнтуе жыхар Шклова, кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ і кандыдат у дэпутаты ў Шклоўскай выбарчай акрузе Рыгор Костусеў:

(Костусеў: ) “Шкада, што жанчыну, якая падпісала гэтую газэту ў друк, ужо звольнілі з працы. Улады адразу адрэагавалі. Мяне заўсёды зьдзіўляюць паводзіны ўладаў, іх рэакцыя на такія падзеі. Заўсёды шукаюць некага вінаватага, а не глядзяць на тое, чаму гэта адбываецца. Прычына толькі ў тым, што няма свабоды слова й парушаюцца законы: вось рэфэрэндум — гэта парушэньне нашай Канстытуцыі. Таму людзі, якія ня могуць адкрыта сказаць, выказваюцца такім чынам”.

Рыгор Костусеў гаворыць, што ў Шклове ня ведаюць, хто зьяўляецца аўтарам акраверша. Паводле некаторай інфармацыі, у рэдакцыі газэты згубілі капэрту ліста, а супрацоўнікі нібыта згадалі толькі тое, што ён быў надрукаваны на машынцы. Шклоўцы цяпер жартуюць, што асобнік газэты “Ўдарны фронт” за 18 верасьня стаў бібліяграфічнай рэдкасьцю.

Свой камэнтар да гэтай шклоўскай гісторыі прапануе Юры Дракахруст.

(Дракахруст: ) “Шклоўская гісторыя падаецца больш важнай не сваім зьместам, а сваёй формай. У розных краінах апазыцыя часам выказваецца пра ўладу вельмі рэзка, нават абразьліва і несправядліва. Шмат хто, магчыма, бачыў рэпартажы зь мітынгу пратэсту ў Нью-Ёрку падчас сёлетняга жнівеньскага зьезду рэспубліканскай партыі. Нямала ўдзельнікаў гэтай маніфэстацыі трымалі ў рукох плякаты зь лёзунгам :“Буш-забойца”.

Некалькі дэманстрантаў былі затрыманыя за сутычкі з паліцыяй, але за падобныя плякаты, вядома, непрыемныя для прэзыдэнта, якія пры гэтым па тэлевізіі мог бачыць увесь сьвет, нікога да адказнасьці не прыцягвалі.

У краіне, дзе праўрадавая прапаганда не льецца па ўсіх магчымых інфармацыйных каналах, дзе з выступаў кандыдатаў у парлямэнтары не вырэзваюць слова крытыку на адрас кіраўніка дзяржавы, у такой краіне нікому і ў галаву ня прыйдзе выказваць сваё стаўленьне да ўлады такім мудрагелістым спосабам – праз акраверш. А калі б і прыйшло, то рэакцыі на гэта не было б проста ніякай і ўжо тым больш ахвярай ня стала б ні ў чым па сутнасьці не вінаватая намесьніца рэдактара.

Справа ня ў зьмесьце акравершу, а ў рэакцыі на яго, рэакцыі, якая нагадвае шэраг падобных гісторыяў савецкіх часоў. Хрэстаматыйнымі сталі ўжо гісторыі, як цэлыя рэдакцыі ў поўным складзе адпраўляліся на Калыму за пропуск літары “л” у словазлучэньні “Верховный главнокомандующий» і за прапушчанае “р” ў слове “Сталінград”.

Былі выпадкі й сьвядомага пратэсту: на Далёкім усходзе доўга памяталі гісторыю, як нейкая вайсковая газэта надрукавала ўзьнёслы верш пра партыю, які таксама быў акравершам – першыя літары радкоў складаліся ў словазлучэньне “Худая вош”. Таксама было і разьбіральніцтва, і звальненьне, і арышты”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG