Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля пяці дзён адтэрміноўкі Лапіцкага зарэгістравалі, Навасяду – адмовілі


Міхал Стэльмак, Менская вобласьць У Жодзіне кандыдатам у дэпутаты па выбарчай акрузе №81 зарэгістраваны лідэр мясцовай філіі Партыі БНФ Аляксей Лапіцкі, а ў Менску дзейнаму дэпутату Палаты прадстаўнікоў Уладзімеру Навасяду адмоўлена ў рэгістрацыі па акрузе №97. У ліку шэрагу іншых прэтэндэнтаў на дэпутацкія мандаты ім быў падоўжаны на пяць дзён тэрмін рэгістрацыі для дадатковага вывучэньня пададзеных дакумэнтаў.

У Жодзіне дадатковы разгляд дакумэнтаў Аляксея Лапіцкага ня выявіў парушэньняў зь ягонага боку выбарчага заканадаўства. Вось што паведаміла на гэты конт нашаму радыё сакратар камісіі Тацяна Краўцэвіч:

(Краўцэвіч: ) “У акруговую выбарчую камісію паступіла заява ад грамадзяніна, які падаў новыя факты прыхоўваньня прыбыткаў. Мы рабілі запыты ў падатковую паліцыю, інспэкцыю, міліцыю, каб яны разабраліся па гэтым факце. Факты не пацьвердзіліся, мы сёньня раніцай яго зарэгістравалі”.

Аляксей Лапіцкі тым ня меней не задаволены пяцідзённай адтэрміноўкай рэгістрацыі, бо яна, на ягоную думку, была невыразна абгрунтаваная.

(Лапіцкі: ) “Заяву я папрасіў, каб паказалі. Я бачыў, што гэта проста ад рукі напісаная грамадзянінам заява. Яшчэ невядома, ці ёсьць такі грамадзянін. Ніякіх пацьверджаньняў на гэты конт няма. Нейкая была такая правакацыя”.

Тымчасам Уладзімер Навасяд пасьля пяцідзённай адтэрміноўкі рэгістрацыі кандыдацкага пасьведчання так і не атрымае:

(Навасяд: ) “Адмовілі ў рэгістрацыі, матывуючы тым, што паслалі запыт на графалягічную экспэртызу подпісаў і датаў, якія ставілі грамадзяне ў маёй акрузе. І па выніках гэтай праверкі некаторыя грамадзяне ставілі подпіс і дату не адной рукой”.

(Карэспандэнт: ) “Вы згодныя з такім тлумачэньнем?”

(Навасяд: ) “Ня згодзен”.

На фотаздымку: Уладзімер Навасяд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG