Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Двое назіральнікаў ад эўрапейскіх структураў ужо пачалі працу на Віцебшчыне


Падрыхтавала Сьвятлана Курс, Менск Агляд беларускай прэсы

“Беларускі рынак” абагульняе вынікі рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. Выбарчыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі сотні апазыцыйных палітыкаў. Сярод зарэгістраваных – кіраўнікі партыяў, а гэта, на думку аглядальнікаў “БР”, сьведчыць, што ўлады жадаюць легітымізаваць выбары ў вачох міжнароднай супольнасьці.

Карэспандэнты тыднёвіка “Белорусская газета” пабывалі за кулісамі Ваўкавыскіх “Дажынак”. Прыгажуні ў нацыянальных строях абураюцца, што іх з раніцы не кармілі, але прымусілі гадзінамі трымаць у руках снапы; пэнсіянэры абураюцца эўрарамонтам і падсьветкаю дамоў на тле мізэрных пэнсіяў. А адзін зь мясцовых начальнікаў еў шашлыкі на сшытку з афіцыйным сцэнаром сьвята і пакінуў яго на лаве. Цяпер кожны чытач “БГ” можа азнаёміцца з вытрымкамі з гэтага сцэнару.

“Віцебскі кур’ер” паведамляе, што ў Беларусь прыбудуць 22 даўгатэрміновыя назіральнікі ад эўрапейскіх структураў. Двое зь іх ужо пачалі працу на Віцебшчыне.

“Віцебскі кур’ер” апісвае жыцьцё бяздомных людзей. “Чаму нас арыштоўваюць на 30 сутак, у той час як парушальнікаў закону на 10-15? – дзівуюцца бадзягі. “Ці не таньней было б зрабіць нам дакумэнты, каб мы маглі ўладкавацца ў жыцьці?”

Наваполацкі “Нафтан” узяў пад апеку ўсе калгасы Верхнядзьвінскага раёну. Цяпер на базе раёну ствараецца адна аграфірма – “Нафтан-Дзьвіна”. Сёлета “Нафтан” ужо выдзеліў калгасьнікам 1,5 мільярды рублёў на ўборку ўраджаю і 20 трактароў “Беларусь”.

У нашай краіне пачалася выбарка цыбулін туліпанаў і крокусаў, якія ўзыдуць і зацьвітуць увесну, піша “Камсамольская праўда ў Беларусі”. І гэта – найлепшая навіна дня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG