Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па якіх падручніках вучацца беларускія дзеці?


Іна Студзінская, Менск Сёлета да новага навучальнага года Нацыянальны інстытут адукацыі выпусьціў 160 найменьняў падручнікаў для школьнікаў. Трэба аддаць належнае, значная частка з іх – сапраўды вельмі зьмястоўныя, прайшлі экспэртызы, рыхтаваліся да конкурснай аснове. Але, на жаль, сустракаюцца яшчэ і даволі дзіўныя – у прыватнасьці, падручнікі для малодшых школьнікаў.

Па праўдзе, зьдзівілі мяне расейскія падручнікі, але па іх вучацца беларускія дзеці. Да прыкладу, “З000 задач і прыкладаў па матэматыцы” пад рэдакцыяй Узоравай. Гэтыя задачы рашаюць трэцяклясьнікі менскай політэхнічнай гімназіі нумар 6. Васьмігадовы Янка прачытаў мне некаторыя зь іх:

(Янка, чытае па-расейску: ) “Імпэратар Пётр ІІ правіў Расеяй 2 гады, гэта ў 5 разоў менш за Анну Іаанаўну. Колькі гадоў царствавала Анна Іаанаўна?”

(Карэспандэнтка: ) “А ты ведаеш, хто такі Пётр другі, Ганна Іаанаўна?”

(Янка: ) “Пакуль яшчэ не... Расейскі імпэратар Пётр Першы лягаў спаць у 9 гадзін вечара, а прачынаўся а другой гадзіне ночы. Увесь астатні час ён працаваў. Колькі працаваў Пётр Першы?”

(Карэспандэнтка: ) “А гэта лёгкая задачка?”

(Янка: ) “Так”.

(Карэспандэнтка: ) “А хто такі Пётр Першы?”

(Янка: ) “Ён першы правіў Русьсю”.

І такіх задач – пра Васілія Шуйскага, Суворава, расейскіх цароў, князёў, пра бітвы і паразы ворагаў – у зборніку безьліч.

Гутару з маці васьмігадовага Янкі, Валянцінай, якой часьцяком даводзіцца дапамагаць сыну – прычым не рашаць задачкі, а менавіта тлумачыць іхны сэнс.

(Карэспандэнтка: ) “А як дзеці рэагуюць на такія падручнікі? Яны шмат чаго не разумеюць з гэтымі царамі расейскімі?”

(Валянціна: ) “Абсалютна. Ён чытае задачку, зусім не задумваючыся над тэкстам. Але разам з тым гэта ж убіваецца ў галаву. Як 25-ты кадр у тэлебачаньні. Гэта як бы матэматыка, а па-за кадрам ідзе ўся гэтая інфармацыя. І каб рашыць гэтую задачку, ён яе мусіць два-тры разы прачытаць. А калі ён 2-3 разы прачытае, то нешта ў яго застанецца…”

Няўжо такія прарасейскія падручнікі рэкамэндаваныя Міністэрствам адукацыі Беларусі? У тым і справа, што не. Мінадукацыі зацьвярджае менавіта беларускія падручнікі па асноўных прадметах. Адзінае выключэньне – замежныя мовы, тут дазволена карыстацца расейскімі дапаможнікамі. А вось такі “ўзор” расейскай аўтаркі па прозьвішчы Узорава, які нам цытаваў васьмігадовы Янка, выкарыстоўваюць у якасьці дадатковага матэрыялу настаўнікі. Гэта ініцыятыва асобных настаўнікаў, сьцьвярджае намесьнік дырэктара Цэнтру навуковай кнігі Нацыянальнага інстытуту адукацыі Рыгор Чамаданаў.

(Чамаданаў: ) “Узорава? Я нават і аўтара такога ня ведаю. Гэта расейскае выданьне?”

(Карэспандэнтка: ) “Так. Масква, АСТ “Премьер”.

(Чамаданаў: ) “Гэта, магчыма, выкарыстоўваецца настаўнікам як зборнік задач, як дадатковы матэрыял з мэтай найбольш паглыбленага вывучэньня, дыфэрэнцыраванага навучаньня. Кантроль павінен ажыцьцяўляцца завучам. Але магу вас запэўніць, што гэта не рэкамэндавана Міністэрствам адукацыі. Таму што я ведаю пазыцыю міністра”.

Але такія расейскія падручнікі спрэс выкарыстоўваюцца ў беларускіх школах і гімназіях без усялякіх рэкамэндацыяў Міністэрства адукацыі – па ініцыятыве настаўнікаў.

Хапае недарэчнасьцяў, дарэчы, і ў рэкамэндаваных Міністэрствам адукацыі беларускіх падручніках. У той самай трэцяй клясе дзеці чытаюць кнігу “Радуга” – па расейскай літаратуры. Там асобны разьдзел “Беларускія паэты – дзецям”. Якуб Колас, Янка Купала, Уладзімір Караткевіч, Еўдакія Лось, Артур Вольскі, Максім Танк, Уладзімір Дубоўка, Уладзімір Карызна – у перакладзе на расейскую мову. Навошта дзецям чытаць беларускіх клясыкаў па-расейску – зусім незразумела. Ёсьць жа беларуская літаратура...

Дый узоры расейскай літаратуры ў гэтым зборніку для чытаньня “Радуга” далёка ня лепшыя. Васьмігадовы Янка вельмі старанна прачытаў твор Агніі Барто. Мяркуйце самі:

(Янка: ) “Игра в стадо.

Мы вчера играли в стадо, и рычать нам было надо. Мы рычали и мычали, по-собачьи лаяли. Не слыхали замечаний Анны Николаевны. А она сказала строго: “Что за шум такой у вас? Я детей видала много. Таких я вижу в первый раз”. Мы сказали ей в ответ: “Никаких детей тут нет. Мы не Пети и не Вовы, мы собаки и коровы…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG