Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня Цэнтарвыбаркаму лічыць, што на рэфэрэндум вынесенае “пытаньне аб стабільнасьці дзяржавы”


Юры Сьвірко, Менск Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына разам з кіраўніцтвам беларускіх ВНУ шукае спосабы, як забясьпечыць яўку і галасаваньне студэнтаў “за” пытаньне, што вынесенае на рэфэрэндум. Студэнтаў жа больш хвалюе дэфіцыт месцаў у інтэрнатах — ім проста няма дзе жыць у Менску.

У выпуску навінаў дзяржаўнага тэлеканала ОНТ паказалі інтэрвію старшыні Цэнтарвыбаркаму, у якім Лідзія Ярмошына выказала ўласнае стаўленьне да пастаўленага на рэфэрэндум пытаньня. Спадарыня Ярмошына заявіла, што на рэфэрэндум вынесенае “пытаньне аб стабільнасьці дзяржавы”. Адрозна ад яе, многія студэнты лічаць, што гэта пытаньне — аб рэжыме асабістай улады Аляксандра Лукашэнкі й пажыцьцёвым прэзыдэнцтве. Лідзія Ярмошына мяркуе, што цяпер трэба тлумачыць моладзі, што значыць рэфэрэндум і якія задачы пастаўленыя перад выбарцамі. У зьвязку з рэфэрэндумам у ВНУ створаць арганізацыйныя групы ў справе спрыяньня ў яго правядзеньні.

Каб даведацца больш пра гэтыя групы й ролю ў іх спадарыні Ярмошынай, у сераду раніцай я наведаў Цэнтарвыбаркам. Але Лідзія Ярмошына размаўляць са мной адмовілася, спаслаўшыся на занятасьць і чарговую нараду. Супрацоўнікі Цэнтарвыбаркаму неафіцыйна сказалі, што іх старшыня цяпер часта езьдзіць па нарадах кшталту той, што прысьвячалася ідэалягічнай апрацоўцы моладзі.

Як паведаміла агенцтва БелТА, Лідзія Ярмошына адзначыла там, што ў працы з моладзьдзю абавязковыя два галоўныя прынцыпы: адсутнасьць фармалізму й прынцыповасьць, пасьля чаго дадала, што якраз “такая пазыцыя характэрная й для пытаньня, якое вынес на рэфэрэндум прэзыдэнт”. Старшыня рады Задзіночаньня беларускіх студэнтаў Вольга Кузьміч са старшынёй Цэнтарвыбаркаму ня згодная:

(Кузьміч: ) “Будзем рабіць інфармацыйную кампанію, як дакладна гучыць пытаньне, таму што галасуем мы ў прынцыпе не за стабільнасьць, а вядома, што галасуем за Лукашэнку — пытаньне менавіта наконт яго”.

Спадарыня Кузьміч дадала, што моладзь больш хвалююць іншыя пытаньні. Увечары ў чацьвер адбудзецца “Шэсьце бяздомных студэнтаў” — тых, хто не атрымаў месцаў у інтэрнатах. “Калі няма дзе жыць, дык якая дзе стабільнасьць?” — хочуць спытаць студэнты ў кіраўніцтва Міністэрства адукацыі.

Гл. таксама іншыя матэрыялы на тэму рэфэрэндуму – svaboda.org/info/referendum.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG