Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску сьвята гораду зьменшыла свае маштабы


Юры Сьвірко, Менск У дзень, калі спаўняюцца 3 гады з дня буйных тэрактаў у ЗША й 9-ты дзень пасьля сьмерці закладнікаў у Бэслане, менскія ўлады распачалі двухдзённае сьвята гораду “Мой Менск – маё жыцьцё”. Яго афармленьне збольшага было зробленае па-расейску. Маштабы сьвята былі меншымі, калі параўноўваць з мінулымі гадамі.

Над праспэктам Скарыны каля ГУМу й Кастрычніцкай плошчы няма ніводнай беларускамоўнай расьцяжкі з рэклямай сьвята гораду, якое было пазначанае як “Праздник “Минск-2004”. Апоўдні ў суботу на плошчы Свабоды ля ратушы, уваход у якую быў упрыгожаны сьвяточнымі надпісамі па-беларуску, пачалося ўручэньне дыплёмаў “Мянчук году”. Уся цырымонія йшла па-расейску, вакол стаяла моладзь з блакітнымі расейскамоўнымі сьцяжкамі “Минск”. Купіць такі сьцяжок было немагчыма – іх раздавалі наперад тым, каму было трэба. У натоўпе я заўважыў дзяўчыну з асадкай і паперай, на якой былі прозьвішчы. Высьветлілася, што гэта – студэнтка Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту, якая адразу прыдумала вэрсію, навошта ёй патрэбна адзначаць прозьвішчы аднакурсьнікаў:

(Студэнтка БНТУ: ) “Мы здымаем памяшканьне й ідзем адпачываць. Таму мне трэба паглядзець, хто ідзе”.

Але іншыя студэнты паскардзіліся мне, што іх сабралі каля ратушы прымусова – каб забясьпечыць масавасьць падчас уручэньня дыплёмаў.

Адзін зь “менчукоў году” – дырэктар Купалаўскага тэатру Генадзь Давыдзька – выступіў ад імя ўсіх узнагароджаных. Ён сказаў, што ў Менску жывуць “героі вайны, вэтэраны, вялікія спартсмэны, вучоныя, простыя шчырыя працаўнікі, добрыя чыноўнікі”, і дадаў: “Зараз адбываецца шчасьце – у тых, хто на сцэне й вакол сцэны”. Адразу пасьля гэтага спадар Давыдзька заявіў:

(Давыдзька: ) “Мы – стабільныя. Мы – прадказальныя, мы – спакойныя, мы – мужныя. Не чапайце нас, і вы ўбачыце, якія мы таленавітыя, якія мы шчырыя. Мы апошняе аддадзім усім”.

Пасьля таго, як Генадзь Давыдзька падзякаваў старшыні гарвыканкаму Міхаілу Паўлаву й сказаў, што “мы жывем правільна”, ад будынку ратушы адвязалі белыя й блакітныя балёнікі ды адпусьцілі іх у паветра.

Аднак крочыць шырокімі праспэктамі Скарыны й Машэрава, адрозна ад мінулых сьвятаў гораду, не давялося – сёлета яны не былі закрытыя для руху аўтамабіляў. Па іх, як звычайна, хадзілі аўтобусы, а таксама рарытэтныя тралейбусы – у суботу адбыўся чарговы тралейбусны парад.

Ля ратушы я сустрэў старшыню Менскага гарсавету, сябра Савету Рэспублікі Ўладзімера Папкоўскага.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, чаму ўся сымболіка, усе рэкляма толькі па-расейску, па-беларуску ні слова няма?”

(Папкоўскі: ) “Я ў прынцыпе згодны з такой заўвагай. Я са свайго боку паспрыяю таму, каб выканкам больш пра гэта клапаціўся. У нас дзьве дзяржаўныя мовы”.

Я таксама спытаўся, ці будзе цягам двух дзён сьвята гучаць тэма рэфэрэндуму.

(Папкоўскі: ) “Рэфэрэндум – занадта сур’ёзная справа, каб браць удзел у сьвяце піва й гаварыць пра рэфэрэндум. Рэфэрэндум абвешчаны па закону, гэта для менчукоў вядомая справа, я думаю, усё будзе ў парадку ў нас”.

Сьвята піва сёлета адбывалася на скрыжаваньні праспэкту Машэрава й вуліцы Ерусалімскай. Там жа было й рыцарскае сьвята, арганізаванае аб’яднаньнем “Рыцары Вялікага княства Літоўскага”. Рыцары штурмавалі бутафорскую крэпасьць, побач зь якой была яшчэ адна – з сымболікай броварнай кампаніі “Балтика”. Шмат якія наведнікі казалі, што гэтае спалучэньне было дзіўным.

Але не яно адно. Побач са сьвятам піва, ля абэліску “Менск – горад-герой”, прымалі прысягу першакурсьнікі Інстытуту Міністэрства надзвычайных сытуацыяў. Іх акрапляў вадою праваслаўны сьвятар – а ў гэты ж час з дынамікаў піўных палатак зусім побач гучалі песьні пра піва.

На 19 гадзіну ў Доме культураў трактарнага заводу заплянавалі адкрыцьцё гульняў Эўралігі “КВН”. Вось так у Менску заканчваўся тыдзень, які распачаўся жалобай па ахвярах трагедыі ў Бэслане.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG