Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Рамэо і Джульета” ў беларускай вёсцы. Сакрэты даўгавечнасьці “Паўлінкі”


Ганна Соусь, Менск Юбілейным спэктаклем адзначылі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы 60-ю гадавіну пастаноўкі “Паўлінкі”. Пра візытоўку тэатру, гісторыю спэктаклю, пра камічныя выпадкі ў часе гастроляў, а таксама пра сакрэты даўгавечнасьці “Паўлінкі” гутарыла з купалаўцамі наша карэспандэнтка.

(Доўгая: ) “Гэта была найлюбімейшая роля ў маім жыцьці. Я ніколі ня ела ані марозіва, ані семечак, нічогачкі-нічогачкі не дазваляла сябе, таму што трэба было заўсёды пець, заўсёды быць у форме”.

Ала Доўгая на працягу 17 гадоў выконвала ролю Паўлінкі на сцэне купалаўскага тэатру. А першай Паўлінкай была акторка Раіса Кашэльнікава, яна выконвала гэтую ролю на працягу дзесяці гадоў. Прыкладна столькі ж пасьля яе выходзіла на сцэну тэатру ў ролі Паўлінкі Бірута Дакальская, якая і перадала эстафэту Але Доўгай.

(Доўгая: ) “Мне калісьці задалі такое пытаньне – мне ўжо дастаткова было гадоў у “Паўлінцы: “А скажыце, калі ласка, што Вы заканчвалі?” Я кажу: тэатральны і назвала год. Паўза. І потым кажа: “Дык колькі ж Вам гадоў? “У мяне ўсё скаланулася ўнутры. Паўлінцы ж маёй 18 гадоў. А мне ўжо было пад …наццаць. Разгубілася й цішыня такая. Праўда. Мне давялося знайсьціся, і я кажу: а мне столькі, колькі маёй Паўлінцы”.

Гэтым днямі купалаўскі тэатар адзначае 60-ую гадавіну пастаноўкі “Паўлінкі”. Але ў гэтага легендарнага спэктаклю больш доўгі век. Распавядае тэатральны крытык Людміла Грамыка:

(Грамыка: ) “Упершыню Паўлінка была пастаўлена 27 студзеня 1913 году ў Вільні, і на прэм’еры прысутнічаў Янка Купала. Пасьля 9 лютага 1913 году адбылася пецярбурская прэм’ера камэдыі. Першы на Беларусі паказ камэдыі прайшоў 15 жніўня 1913 году, і ў гэты дзень у Радашкавічах спэктакль быў сыграны трупай пад кіраўніцтвам Ждановіча. У рэпэртуары БДТ “Паўлінка“ ў пастаноўцы Ждановіча (пазьней спэктакль дапрацоўваў Еўсьцігней Міровіч) зьявілася ў верасьні 1920-га году. А прэм’ера вядомай і клясычнай цяпер пастаноўкі “Паўлінкі”, якая дагэтуль працягвае пасьпяховае жыцьцё на сцэне Купалаўскага тэатру, адбылася 23 траўня 1944 году ў Томску”.

У чым сакрэт такога доўгага сцэнічнага жыцьця “Паўлінкі”? Вось меркаваньне актора купалаўскага тэатру Віктара Манаева.

(Манаеў: ) “Па-першае, таму, што гэта Янка Купала. Янка Купала ў Беларусі, вядома, зьява сакральная, можна сказаць. І другое – таму што так склаліся абставіны. У той час, калі ў 1944 годзе ставілася гэтая “Паўлінка”, гэта быў як гімн і сымбаль вяртаньня тэатру на радзіму з эвакуацыі, канец вайны. Тэатар выжыў, ён жыве, хоча і здольны дарыць людзям радасьць”.

А цяпер слова яшчэ адной “Паўлінцы” – Зоі Белахвосцік. Яна згадвае адзін з камічным выпадкаў, які адбыўся на гастролях у Томску:

(Белахвосьцік: ) “Прыканцы другой дзеі мая даўгая прыгожая каса зьлятае і едзе ўніз, а самы фінал, самая трагедыя, кульмінацыя… я прыхапіла хусткай гэтую касу й з гэтай хусткай на шыі ўсё даіграла. Ніхто нічога не зразумеў і пасьля паклону я ручкі склала на грудзях з гэтай хусткай. Кланялася, кланялася, потым я зрабіла раз… – і каса звалілася ў мяне ўжо за кулісы”.

Пасьля Зоі Белахвосьцік “Паўлінку” на сцэне нацыянальнага акадэмічнага тэатру імя Янкі Купалы іграюць цяпер тры актрысы: Юлія Шпілеўская, Юльяна Міхневіч і Сьвятлана Зелянкоўская. Менавіта Сьвятлана Зелянкоўская выканала гэтую ролю ўчора ў юбілейным спэктаклі.

(Зелянкоўская: ) “Кожная Паўлінка – яна адрозьніваецца. Кожны раз сьмешная, яскравая, эмацыянальная, і іграеш яе як у першы і ў апошні раз”.

Працягваючы думку Сьвятланы Зелянкоўскай, мастацкі кіраўнік купалаўскага тэатру Валеры Раеўскі адзначае, што гэты спэктакль застанецца ў рэпэртуары тэатру назаўжды.

(Раеўскі: ) “Пры ўсім тым прымітыве, які ёсьць ў п’есе – бацькі, дачка, Рамэо і Джульэта, толькі ў беларускай вёсцы – для Купалы сама Паўлінка і паэтычная гучнасьць імя Паўлінка складае мару пра тую радзіму, якой ён аддаў сябе, і пра яе будучыню, пра паэтызаванасьць, якая ёсьць у ёй. Вось таму ён і напісаў Паўлінку, якая несьмяротна будзе існаваць усе гады, пакуль існуе народ, які заве сябе беларусамі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG