Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пургурыдэс напісаў ліст Філарэту


RFE/RL “Узнагарода Дзьмітрыя Паўлічэнкі царкоўным ордэнам можа быць інтэрпрэтаваная як зьнявага ўсіх, хто быў узнагароджаны ордэнам сьвятога роўнаапостальнага князя Ўладзімера ў мінулым” – такое меркаваньне выказаў адмысловы дакладчык па Беларусі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Хрыстас Пургурыдэс у лісьце да Мітрапаліта Менскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі Філарэта.

Уладыка Філарэт прапанаваў Партыярху Маскоўскаму і ўсяе Русі Алексію Другому ўзнагародзіць Дзьмітрыя Паўлічэнку, камандзіра брыгады ўнутраных войскаў Беларусі асобага прызначэньня.

Спадар Пургурыдэс піша ў сваім лісьце, што падчас дасьледаваньня справаў зьніклых у Беларусі грамадзкіх дзеячаў прыйшоў да высновы, што Дзьмітры Паўлічэнка хутчэй за ўсё быў камандзірам “эскадрону сьмерці” і што на ім ляжыць адказнасьць за забойствы гэтых людзей.

Паводле спадара Пургурыдэса ўзнагарода Паўлічэнкі – жахлівы сыгнал ня толькі родным ахвяраў “эскадрона сьмерці”, але і ўсяму народу Беларусі.

“Як праваслаўны хрысьціянін я шакаваны і прашу Вас адмяніць рашэньне пра ўзнагароджаньне спадара Паўлічэнкі як мага хутчэй,” – піша кіпрскі парлямэнтар да мітрапаліта Філарэта.

“Цэрквы, якія супрацоўнічалі з рэжымамі і якім не хапала сьмеласьці абараняць іх ахвяры, у выніку гублялі падтрымку народу”, – адзначае ў сваім лісьце Хрыстас Пургурыдэс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG