Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вынікі візыту ў Беларусь: Усясьветны банк папярэджвае, што эканамічны рост Беларусі можа быць няўстойлівым


Юры Сьвірко, Менск Дэлегацыя Ўсясьветнага банку на чале зь віцэ-прэзыдэнтам па рэгіёне Эўропы і Цэнтральнай Азіі Шыгеа Катсу скончыла візыт у Менск ды адзначыла, што ў Беларусі няма таго ўзроўню інвэстыцыяў, які неабходны дзеля гарантаваньня ўстойлівага эканамічнага росту. Усясьветны банк канстатуе, што ў Беларусі адбываецца празьмернае павелічэньне заробкаў, якое не адпавядае росту прадукцыйнасьці працы, а бізнэс-клімат толькі пагаршаецца.

Прымаючы дэлегацыю, прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі казаў пра пасьпяховыя крокі ў выпрацоўцы новых супольных праектаў. Але віцэ-прэзыдэнт банку Шыгеа Катсу нагадаў на прэсавай канфэрэнцыі, што беларускі ўрад раней адмовіўся ад распрацаванага супольнага праекту ў справе барацьбы з сухотамі, ВІЧ-інфэкцыяй і СНІД.

Усясьветны банк гатовы абмеркаваць новую сярэднетэрміновую праграму эканамічнага разьвіцьця Беларусі. Цяпер агульная сума пазыкаў гэтага банку, атрыманых Беларусьсю, складае 192 мільёны даляраў. У стадыі рэалізацыі — праект, накіраваны на мадэрнізацыю сацыяльнае сфэры. Усясьветны банк дапамог Беларусі атрымаць гранты агульным памерам 15 мільёнаў даляраў на такія мэты, як, напрыклад, захаваньне азону ды біялягічнай разнастайнасьці.

У Менску Шыгеа Катсу таксама прадставіў ураду й прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці Беларусі новага рэгіянальнага дырэктара Ўсясьветнага банку па Ўкраіне, Беларусі й Малдове Пола Бірмінгема, які заменіць на гэтай пасадзе Люку Барбонэ. Цікава, што спадар Барбонэ, які будзе цяпер ачольваць Групу барацьбы зь беднасьцю ў вашынгтонскай штаб-кватэры банку, выказаў намер і ў новай якасьці часта прыяжджаць у Беларусь.

Як ацэньваюць прадстаўнікі Ўсясьветнага банку апошнія заявы Аляксандра Лукашэнкі пра эканамічныя дасягненьні пад ягоным кіраўнцтвам, чым ён і патлумачыў жаданьне быць прэзыдэнтам больш за вызначаны Канстытуцыяй тэрмін?

Віцэ-прэзыдэнт Усясьветнага банку па рэгіёне Эўропы й Цэнтральнай Азіі Шыгеа Катсу адмовіўся адказаць на маё пытаньне, чаму спрыяе бязьзьменнае кіраўніцтва ў краінах Цэнтральнай Азіі — стабільнасьці або эканамічнаму застою. Спадар Катсу заявіў, што ён не палітоляг, аднак дадаў: “Ня ўсе краіны Цэнтральнай Азіі займаюцца зьменамі канстытуцыяў”.

Што да таго, як Усясьветны банк ацэньвае становішча ў Беларусі цягам апошніх гадоў — як росквіт ці як пэрыяд страчаных мажлівасьцяў, — Шыгеа Катсу сказаў:

(Катсу: ) “Усясьветны банк назіраў усе тыпы эканамічнага пераходу, ад вельмі хуткіх да вельмі паступовых. Мы маем тэндэнцыю лічыць, што чым хутчэй вы пачнеце дзейнічаць жорстка — у гэтым выпадку вы можаце адчуваць боль, — тым лягчэй вы зможаце пераадолець пэрыяд болю й дазволіце эканоміцы ўздыхнуць вольна і пачаць працаваць”.

Усясьветны банк прызнае, што ў Беларусі ёсьць ясныя прыкметы эканамічнага росту. Пра гэта заявіў цяперашні рэгіянальны дырэктар банку па Ўкраіне, Беларусі й Малдове Люка Барбонэ. Аднак ён жа адзначыў наступныя беларускія асаблівасьці:

(Барбонэ: ) “Умовы для прадпрыемстваў ня вельмі добрыя, узровень інвэстыцыяў, якія патрэбныя для забесьпячэньня ўстойлівага росту, недастатковы, бо шмат рэсурсаў адцягваецца на павелічэньне заробкаў — мажліва, празьмернае”.

Люка Барбонэ зазначыў таксама, што, на думку Ўсясьветнага банку, бізнэс-клімат у Беларусі пагоршыўся, а не палепшыўся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG