Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьмітру Дашкевічу – адмовілі ў рэгістрацыі, а два прадстаўнікі “Народнай грамады” ад адмовіліся ад далейшай барацьбы


Уладзімер Глод, Менск Хаця, паводле інфармацыі Цэнтарвыбаркаму, рэгістрацыя патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты адбудзецца пераважна 14–16 верасьня, ужо цяпер колькасьць дэмакратычных кандыдатаў скарачаецца.

Старшыня выбарчага штабу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная грамада” Віталь Малашка паведаміў, што двое кандыдатаў ад партыі адмовіліся працягваць барацьбу за дэпутацкія мандаты:

(Малашка: ) “Пару чалавек прымусілі забраць дакумэнты”.

(Карэспандэнт: ) “У якім сэнсе забраць дакумэнты?”

(Малашка: ) “Напрыклад, дырэктар школы. Яго выразна папрасілі адмовіцца ад балятаваньня. Потым яшчэ аднаго шантажавалі. Карацей кажучы, двух вымусілі адмовіцца ад барацьбы пад ціскам”.

У 97-й Купалаўскай акрузе Менску сярод кандыдатаў ня будзе аднаго зь лідэраў перадвыбарчага блёку “Маладая Беларусь” Зьмітра Дашкевіча. Яго затрымалі ўвечары 7 верасьня на Цэнтральнай плошчы Менску, дзе тады на вялікім экране паказвалі зварот Аляксандра Лукашэнкі да нацыі. Зьміцер арыштаваны, а яго сястра Марыя гаворыць, што яе брату адмовілі ў рэгістрацыі:

(Дашкевіч: ) “Справа ў тым, што адзін зь сябраў ягонай ініцыятыўнай групы згубіў сваё пасьведчаньне, а акруговая камісія адмовілася дакумэнт узнавіць”.

Супрацоўніца акруговай камісіі №97 Вераніка Кочнева пацьвердзіла мне факт адмовы рэгістрацыі Зьмітра Дашкевіча. Паводле яе, акруговая камісія прапаноўвала кампрамісны варыянт — не лічыць тыя подпісы ў падтрымку патэнцыйнага кандыдата, якія сабраў сябра ягонай групы са згубленым пасьведчаньнем:

(Кочнева: ) “Яны не пагадзіліся. У іх быў пэўны час. Але яны тут сабраліся й сышлі”.

Паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму Мікалая Лазавіка, акруговыя камісіі будуць уручаць пасьведчаньні кандыдатаў пераважна ў самыя апошнія дні, паколькі шмат часу займае праверка дакумэнтаў:

(Лазавік: ) “Работа гэта немалая. Можна было бы зрабіць і такім чынам: у першы дзень зарэгістраваць аднаго кандыдата, у другі — другога, у трэці — трэцяга. Але тады той кандыдат, які атрымаў бы пасьведчаньне раней, меў бы больш часу на сваю агітацыйную кампанію. Таму мы рэкамэндавалі — праводзіць праверку дакумэнтаў адначасова й адначасова праводзіць рэгістрацыю”.

Патэнцыйны кандыдат у дэпутаты па 100-й Паўднёва-Заходняй акрузе Сяргей Альфер разьлічвае атрымаць рэгістрацыйнае пасьведчаньне не раней за 16 верасьня:

(Альфер: ) “Раней ня будзе ні ў якім выпадку. Таму што агітацыю можна пачынаць з моманту рэгістрацыі. Таму яны не даюць магчымасьці ўжо сёньня агітаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG