Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Газэта “Время” адстойвае права на выхад


Валер Каліноўскі, Менск Супрацоўнікі прыпыненай на тры месяцы газэты “Время”, якія аспрэчваюць рашэньне Міністэрствам інфармацыі, зноў трапілі пад ціск праваахоўных органаў Менску. Раней быў дэпартаваны зь Беларусі намесьнік рэдактара газэты Міхаіл Падаляк, грамадзянін Украіны. Цяпер міліцыя спрабуе канфіскаваць наклад газэты “Время”, выдадзены да рашэньня Мінінфармацыі.

Аляксандар Цынкевіч, намесьнік дырэктара выдавецкага дома газэты “Время” паведаміў, што ўчора ягонае выданьне падало скаргу на рашэньне Мінінфармацыі аб прыпыненьні выхаду газэты на імя міністра. А пасьля 14 верасьня, калі ня будзе перагляду рашэньня, то кіраўніцтва газэты зьвернецца ў суд, бо лічыць забарону незаконнай.

Паводле спадара Цынкевіча, дэпартаваны ва Ўкраіну намесьнік галоўнага рэдактара газэты Міхаіл Падаляк працягвае выконваць свае функцыі дзякуючы інтэрнэту й іншым сродкам сувязі. Ён каардынуе працу рэдакцыі і сам піша шмат артыкулаў. Ёсьць ягоныя публікацыі і ў апошнім нумары газэты, які ўлады хочуць канфіскаваць.

Супрацоўнікі міліцыі й асобы ў цывільным ўжо прыходзілі ў дом спадара Цынкевіча некалькі разоў, прычым з розных нагодаў. Спачатку яны хацелі праверыць дакумэнты на будаўніцтва дома, узьведзенага чатыры гады таму, потым прыйшлі з пажарнікамі. Толькі за трэцім разам міліцыянты заявілі, што ім паступіў сыгнал аб тым, што ў доме нібыта знаходзіцца наклад забароненай газэты “Время”. Аднак спадар Цынкевіч не дапусьціў іх у свой дом.

(Цынкевіч: ) “Я яму сказаў, ці мала што да вас паступіла, да пабачэньня, мне трэба сыходзіць, у мяне свае справы. калі хочаце – затрымлівайце. Але такіх указаньняў у яго не было. І ён застаўся стаяць ля маёй брамы”.

Пазьней да спадара Цынкевіча прыехалі актывісты АГП і перашкодзілі ператрусу. Калі міліцыянты прыехалі ў чацьвёрты раз, ім перашкодзілі журналісты з фотаапаратамі.

Аляксандр Цынкевіч ня ўпэўнены, ці скончылася на гэтым амаль дэтэктыўная гісторыя паляваньня праваахоўных органаў за ягоным домам. Накладу газэты ў яго ўжо няма, кажа ён. Дый быў гэта наклад, легальна выдадзеныя яшчэ да таго, як Мінінфармацыі прыпыніла выхад “Времени“ на тры месяцы, і нічога незаконнага ў ім няма, кажа спадар Цынкевіч. Ціск уладаў ён зьвязвае з палітычнай кампаніяй па правядзеньні выбараў і рэфэрэндуму.

(Цынкевіч: ) “Зараз іх пазыцыя будзе рабіцца больш жорсткай, будуць спыняцца любыя дзеяньні, бо гэтая ўлада сябе вычарпала, вычарпала давер народа, і для таго, каб захаваць свае паўнамоцтвы, ім трэба трымаць народ у падпарадкаваньні, страху й інфармацыйным голадзе”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG