Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сакратарка выбарчай камісіі абвінаваціла кандыдата ў выкарыстаньні “брудных тэхналёгіяў”, той падае ў суд


Казімір Яноўскі, Гомель Гомельскі апазыцыйны палітык Віктар Карнеенка, за вылучэньне якога кандыдатам у дэпутаты падпісалася звыш 12 тысячаў гамельчукоў, наважаны ў судзе адстойваць свой гонар і годнасьць. Прэтэнзіі ў яго да паводзінаў сакратаркі акруговай выбарчай камісіі, кіраўніка спраў адміністрацыі Савецкага раёну Тамары Грышчанкі. Чым выклікана такая рэакцыя палітыка ў дачыненьні службоўцаў выбарчай камісіі?

Віктар Карнеенка стаўся лідэрам у справе збору подпісаў: група Віктара Карнеенкі сабрала 12 тысячаў 167 подпісаў. Учора ў другой палове дня на прэсавай канфэрэнцыі аркушы з подпісамі былі паказаны журналістам. Праўда, з тактычных меркаваньняў група вырашыла здаць у камісію мінімальную колькасьць подпісаў, неабходную для рэгістрацыі.

На прэсавай канферэнцыі спадар Карнеенка і аб’явіў, што будзе ня толькі дамагацца адхіленьня Тамары Грышчанкі ад абавязкаў сакратаркі акруговай выбарчай камісіі, але і зьвернецца з пазовам у суд.

Паводле сьведчаньня сяброў камісіі, сакратарка падчас тэхнічнай працэдуры замацаваньня пячаткаю аркушаў з подпісамі надзвычай нэгатыўна выказвалася на адрас прэтэндэнта ў кандыдаты. Распавядае зборшчык подпісаў Андрэй Толчын:

(Толчын: ) “Калі запэўнівалі пячаткаю подпісы, кіраўнік справамі адміністрацыі Савецкага раёну спадарыня Грышчанка, яна ж і сакратарка акруговай выбарчай камісіі, давала такі камэнтар: казала, што Карнеенка будзе займацца і раней займаўся бруднымі тэхналёгіямі”.

Спадар Толчын мяркуе, што гэта рабілася наўмысна:

(Толчын: ) “На маю думку, мэта была такая, каб нейкім чынам дыскрэдытаваць асобу Віктара Мікалаевіча, распаўсюджваць чуткі. Заўсёды гэтым займалася, мне здаецца, ўлада. Яна і цяпер гэтым займаецца, бачачы, як шмат людзей аказваюць падтрымку Віктару Мікалаевічу ў нашай акрузе”.

Канешне, беспадстаўныя абвінавачаньні ніяк не пасуюць прадстаўнікам выбарчай камісіі. Але ж усялякае ў жыцьці бывае – магчыма, гэта было сказана неабдумана? Зрэшты, калі б падобны камэнтар быў адзінкавым, магчыма, ніхто гэтаму не надаў бы ўвагі. Віктар Карнеенка распавёў, што атрымаў паўдзесятка заяў ад сяброў ініцыятыўнай групы. Ім прыйшлося выслухаць ад сакратаркі камісіі Грышчанкі, што, напрыклад, прэтэндэнт у кандыдаты плаціць зборшчыкам па 80 цэнтаў за адзін подпіс, і ня толькі гэта.

(Карнеенка: ) “Атрымаўшы такія пісьмовыя паведамленьні пра паклёпніцкія выказваньні сакратаркі акруговай камісіі спадарыні Грышчанкі, я маю намер – такое права мне дае закон – зьвярнуцца ў суд, у аблвыканкам, які ствараў акруговую камісію, а таксама ў Цэнтрвыбаркам. Паведаміць, што гэты чалавек як сябра камісіі ня можа быць аб’ектыўным падчас прыняцьця рашэньня”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG