Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Крапівенскім полі ўганаравалі пераможцу сёлетняга бардаўскага фэсту “Аршанская бітва 2004”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Пераможцам быў прызнаны бард Алесь Наркевіч зь Вілейкі. Яму ж дастаўся і адмысловы прыз ад беларускай рэдакцыі Радыё Свабода — “За найбольш яскравае ўвасабленьне ў творчасьці ідэалаў Свабоды ды Незалежнасьці”.

Нягледзячы на ўжо халаднаватае па-восеньску надвор’е, на бардаўскі фэст, які штогод праходзіць пад Воршай, прыехалі больш як два дзесяткі выканаўцаў і больш як чатыры сотні гледачоў.

Пасьля традыцыйнае імшы па загіблых ў часе Аршанскае бітвы 1514 году ваярах, якую адслужыў каля памятнага крыжа ўніяцкі сьвятар зь Віцебску айцец Зьміцер (Грышан), усе прысутныя сабраліся вакол імправізаванае сцэны.

(Мельнікаў: ) “У нядзельку параненьку узышло сонца хмарненька, ўстала сонейка над борам, па-над селецкім таборам.

А ў таборы трубы граюць, А ў таборы трубы граюць, А ў таборы трубы граюць, Да ваярскае нарады зазываюць…”

Гэтай песьняй, прысьвечанай падзеям, якія адбыліся тут, на рацэ Крапіўна, роўна 490 год таму, сьпеўны фэст распачаў вядомы бард Андрэй Мельнікаў.

Ён быў адным з пачынальнікаў тутэйшага бардаўскага руху, і ягоны выступ на самым пачатку такіх імпрэзаў стаўся ўжо традыцыяй. Як і выступы рыцарскіх клюбаў, якія штогод дэманструюць гледачам сваё ваярскае майстэрства. Сёлета на Крапівенскае поле прыехалі рыцары зь Менску, Магілёву ды Барані, недалёка ад Воршы.

Што да прадстаўніцтва сьпевакоў, то і барды, і рок-музыкі прыехалі сюды амаль з усіх рэгіёнаў Беларусі. Дарэчы, сёлетні фэст адрозьніваўся ад папярэдніх якраз тым, што маладых і пакуль што мала вядомых, але вельмі цікавых выканаўцаў было як ніколі шмат.

І менавіта таму галоўныя ўзнагароды арганізатары вырашылі аддаць не такім вядомым асобам, як спадары Мельнікаў, Сідаровіч або Хадановіч, а маладым музыкам. Лепшымі аднагалосна былі названыя два рок-гурты, якія прыехалі на фэст з Жодзіна ды Горак, а адмысловы прыз ад Радыё Свабода – кветкі і дыскі з запісамі беларускіх выканаўцаў – атрымаў бард Алесь Наркевіч зь Вілейкі, дарэчы, як высьветлілася, ён слухач Радыё Свабода амаль што зь пяцігадовым стажам. Менавіта ў ягоных песьнях, на думку журы, найбольш поўна ўвасобіліся ідэалы свабоды і незалежнасьці, а таксама любоў да Беларусі.

(Наркевіч: ) “Будзе, будзе, верую: бел-чырвона-белыя Над маёй Радзімаю ўздымуцца сьцягі! І народ зьняможаны З маны брыдкай ношаю Перастане марнаваць лёс цяжкі, благі.

І пабачыць здолее, Што ў ім – гісторыя, Тое, што нашчадкам жаць сеялі бацькі. Скіне путы даўнія Уціску і бяспраўя, Зразумее волю вольнае ракі,

Годнасьць чалавечую, Што была зьнявечана, Што хлеб рабскай долі – брыдкі і гаркі… І тады, я верую, Бел-чырвона-белыя Над маёй радзімаю ўздымуцца сьцягі!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG