Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трагедыя ў Бэслане: пытаньні, на якіх няма адказу


Юры Дракахруст, Прага Сёньня і заўтра ў Расеі – жалоба па загіблых у Бэслане. Паводле апошніх афіцыйных дадзеных там загінулі прынамсі 330 чалавек, больш за 500 застаюцца ў шпіталях. Тое, што адбывалася ў Бэслане на працягу трох дзён трагедыі, спараджае шэраг пытаньняў, шмат зь якіх дагэтуль застаюцца без адказу. З аглядам некаторых экспэртных ацэнак вас азнаёміць наш карэспандэнт.

Паводле заяваў расейскіх уладаў, яны ня мелі намеру штурмаваць захопленую школу. Паводле афіцыйнай вэрсіі калі група супрацоўнікаў міністэрства надзвычайных сытуацыяў пад’ехалі да школы, каб забраць целы забітых закладнікаў, у будынку адбыліся два выбухі, частка закладнікаў вырвалася са школы і пабегла, захопнікі адкрылі агонь па ім. Спэцаддзелы пачалі страляць у адказ, каб абараніць тых, хто бяжыць і былі вымушаныя пачаць баявыя дзеяньні.

Расейскі ваенны экспэрт Павал Фэльгенгаўэр аспрэчвае гэтую вэрсію. Паводле яго падобныя тлумачэньні прыводзяцца дзеля таго, каб прыхаваць няўдачу сплянаванай апэрацыі.

(Фэльгенгаўэр: ) “Цалкам відавочна, што з самага пачатку, з 1 верасьня, калі адбыўся захоп закладнікаў, расейскія ўлады і спэцслужбы хлусілі, прычым хлусілі сьвядома пра тое, што ўласна адбываецца. Яны сьвядома казалі няпраўду наконт таго, колькі там закладнікаў, памяншаючы іх колькасьць у некалькі разоў. Яны хлусілі наконт таго, што захопнікі нібыта адмаўляюцца весьці перамовы, калі насамрэч перамовы адмаўляліся весьці расейскія ўлады з самага пачатку, гэтак жа, як і на Дуброўцы. Улады хлусілі й наконт таго, што захопнікі не вылучаюць аніякіх патрабаваньняў – яны патрабаваньні вылучылі і яно было адно – што прэзыдэнт Пуцін павінен падпісаць указ аб вывадзе войскаў з Чачэніі”.

Цяпер, празь некалькі дзён пасьля штурму, дзясяткі жыхароў Бэслана працягваюць шукаць сваіх родных, якія былі ў закладніках: іх няма ані ў сьпісах загіблых, ані ў шпіталях.

Шмат назіральнікаў адзначаюць недакладнасьць зьвестак пра колькасьць захопленых людзей, якую падчас крызысу падавалі афіцыйныя прадстаўнікі: называлася лічба 354 чалавекі, хаця насамрэч закладнікаў была прынамсі тысяча.

У экспэртаў выклікае зьдзіўленьне тая акалічнасьць, што ў перамовах з захопнікамі ня ўдзельнічаў ніхто з высокапастаўленых прадстаўнікоў фэдэральнай і мясцовай улады, з палітычных фігураў у іх браў удзел толькі былы прэзыдэнт Інгушэтыі Руслан Аўшаў, які здолеў дамовіцца пра вызваленьне 30 закладнікаў на другі дзень крызысу.

Вельмі супярэчлівымі нават ужо пасьля завяршэньня штурму былі афіцыйныя зьвесткі пра колькасьць захопнікаў і іх лёс. У суботу кіраўнік ФСБ ў Паўночнай Асэтыі Валер Андрэеў заявіў у эфіры “Першага каналу”, што ўсе баявікі забітыя, а ў нядзелю той жа першы канал паказаў захопленага жывым аднаго з тых, хто ўтрымліваў закладнікаў.

Жорсткі кантроль уладаў за падачай матэрыялаў пра падзеі ў Бэслане ужываўся ня толькі падчас крызысу з закладнікамі, але і пасьля яго завяршэньня. Сёньня быў вымушаны сысьці ў адстаўку галоўны рэдактар расейскай газэты “Известия” Раф Шакіраў. У інтэрвію Радыё Свабода Шакіраў заявіў.

(Шакіраў: ) “Сапраўды, я падаў у адстаўку. Пытаньне ў суботнім нумары “Известий”, прысьвечаным тэракту ў Бэслане. Мы з кіраўніцтвам заснавальніка газэты – канцэрна “Профмедия” разышліся ў меркаваньнях наконт падачы матэрыялу. Лічыцца, што ён занадта эмацыйны і плякатны, так газэты ў прынцыпе ня робяць. Але мы зрабілі гэта, зыходзячы з таго ўяўленьня, што гэта азначае для Расеі. Гэтае ўяўленьне потым было пацьверджанае, што гэта вайна. Вось мне гавораць, што гэта 22 чэрвеня, і я таксама лічу, што гэта 22 чэрвеня. Тым ня менш, як бы то ні было, я падаю ў адстаўку”.

Яшчэ некалькі камэнтароў экспэртаў і міжнароднага друку:

(Зьбігнэў Бжэзінскі: ) “Расейскія спэцслужбы адначасна жорсткія і няўмелыя. І сьведчаньне гэтаму – ня толькі цяперашняя трагедыя, але і ранейшы інцыдэнт ў маскоўскім тэатры. Нават маючы справу з настолькі бесчалавечнымі паводзінамі як акты тэрарызму і захоп закладнікаў, іншы бок павінен мець пачуцьцё разумнасьці й раўнавагі. Калі вас кусае за нагу камар, вы можаце забіць яго далоньню, што было б нармальнай рэакцыяй. Але калі вы бярэце молат і забіваеце камара, ламаючы сабе нагу – ці камар адказны за вашую траўму?”

Іншы погляд – у ваеннага аглядальніка брытанскай газэты “Таймс” Майкла Эванса. Паводле яго ў Бэслане не было каардынацыі дзеяньняў сілавых структураў, кепскае наладжана ачапленьне. Разам з тым брытанскі экспэрт мяркуе, што апэрацыя па выратаваньні закладнікаў з самага пачатку была асуджаная на няўдачу, бо Масква недаацаніла маштабы пагрозы і жорсткасьць тэрарыстаў – лічыць Майкл Эванс.

Брытанская “Гардыян” піша: “Хочам мы гэтага ці не, але бойня, магчыма, пайшла на карысьць чачэнскай справе. Цана – крывавая і матэрыяльная – утрыманьня Чачэніі [у складзе Расеі] надзвычай высокая і ўсё болей расьце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG