Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя партыі ў перадвыбарчай кампаніі – ці ёсьць шанец на перамогу?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі й намесьнік старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай грамады Аляксей Кароль.

(Валер Карбалевіч: ) “Ва ўсім сьвеце галоўнымі суб’ектамі палітыкі ўвогуле, і выбарчых кампаніяў у прыватнасьці, зьяўляюцца палітычныя партыі. У Беларусі партыі штучна выціскаюцца на пэрыфэрыю кампаніі па выбарах у Палату прадстаўнікоў. У складзе акруговых выбарчых камісіяў прадстаўнікі партыяў складаюць 7%, а у складзе ўчастковых камісіяў — 8%, прычым, разам з прадстаўнікамі грамадзкіх арганізацыяў. Галоўны суб’ект палітыкі ў Беларусі — працоўныя калектывы, чаго няма нідзе ў сьвеце. Але сярод пададзеных заявак на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прадстаўнікі партыяў склалі ўжо 48%, а сярод зарэгістраваных ініцыятыўных групаў — 33%. То бок, партыйныя кандыдаты найбольш пацярпелі пры рэгістрацыі. Гэтыя лічбы тычацца усіх партыяў увогуле, а ня толькі апазыцыйных.

Цяпер завяршаецца працэс вылучэньня кандыдатаў ад партыяў. Але гэта наўрад ці павялічыць долю партыйцаў сярод кандыдатаў. Таму што, можна меркаваць, галоўны ўдар падчас рэгістрацыі кандыдатаў будзе зноў нанесены супраць партыйных кандыдатаў. Чаму ўлады баяцца партыяў?”

(Аляксандар Дабравольскі: ) “Я думаю, што ўлады баяцца любой арганізаванай сілы, якая мае сваю пазыцыю і можа атрымаць грамадзкую падтрымку. Кандыдаты, якія ідуць самі па сабе, ніякай небясьпекі не ўяўляюць для ўлады. Калі мы згадаем Вярхоўны Савет 12 скліканьня, то там была апазыцыя БНФ, якая налічвала каля 30 дэпутатаў. Тым ня менш, яна правяла праз парлямэнт шмат рашэньняў. Таму вось такой арганізаванай сілы і баяцца ўлады. Тым больш, што цяпер прадстаўнікі розных партыяў ад левых да правых, ад камуністаў да БНФ дамовіліся і вырашылі стварыць грамадзянскую ініцыятыву “Пяцёрка плюс”.

(Аляксей Кароль: ) “Нам жа ўвесь сьвет ня ўказ. Паўсюль ёсьць партыі, ёсьць перадвыбарчыя блёкі, кааліцыі. А ў Беларусі партыі абвінавачаваюць у тым, што яны ствараюць кааліцыі. Калі дапусьціць плюралізм, паўнавартасную партыйнасьць, то трэба гуляць па дэмакратычных правілах. А такія правілы пагражаюць уладзе. І хаця жаданьне пераменаў сярод насельніцтва цяпер пасіўнае, але пасіў некалі пераходзіць у актыў. І таму ўлады баяцца арганізаванай сілы, якая можа выступіць крышталізатарам людзкіх незадавальненьняў”.

(Карбалевіч: ) “Як прайшло вылучэньне кандыдатаў ад вашых партыяў на партыйных зьездах, якія адбыліся ў мінулую нядзелю?”

(Дабравольскі: ) “Зьезд Аб’яднанай грамадзянскай партыі адбыўся ў мінулую нядзелю. Мы вылучылі 57 кандыдатаў у дэпутаты па розных акругах па ўзгадненьні зь іншымі нашымі партнэрамі. Зьезд адбыўся цікава. Таму што спачатку ўлады, баючыся нас, забаранілі правесьці яго ў памяшканьні гатэлю “Мінск”, якое мы загадзя ўзгаднілі й аплацілі. І мы з гатэлю вымушаныя былі пераехаць у свой офіс, стоячы правялі зьезд (жанчыны сядзелі, мужчыны стаялі). Нашыя кандыдаты вылучаныя абсалютна законна. Відавочна, улады так баяцца арганізаванай сілы, якая выступае з альтэрнатыўнай пазыцыяй, што пачынаюць паводзіць сябе, як жулікі. Але гэта людзі заўважаць, гэтага нікуды не схаваеш”.

(Кароль: ) “У нас вылучэньне прайшло спакойна, таму што мы з уладамі ня зьвязваліся. Мы па-таварыску дамовіліся з Партыяй камуністаў беларускай і правялі зьезд у іхным памяшканьні. Вылучылі мы 16 чалавек. Большасьць вылучаецца і шляхам збораў подпісаў, і ад партыі. Чатыры партыйцы ідуць толькі праз збор подпісаў. А чатыры ці пяць чалавек не стваралі ініцыятыўных групаў і вылучаныя толькі ад партыі. Напрыклад, лідэр партыі Шушкевіч не ствараў ініцыятыўнай групы. Ён такі вядомы, што выбаршчыкі даўно ўжо вызначыліся адносна ягонай кандыдатуры. Усяго ад БСДГ балятуецца 20 чалавек”.

(Карбалевіч: ) “Вы самі прэтэндуеце на дэпутацкі мандат, вашыя ініцыятыўныя групы зьбіраюць подпісы. Якія вынікі? Якое вашае ўражаньне пра грамадзкія настроі?”

(Дабравольскі: ) “У нашай партыі большасьць, акрамя двух чалавек, зьбіраюць подпісы. Мы кантралюем сытуацыю. Цяпер усе нашыя кандыдаты сабралі неабходную колькасьць подпісаў для рэгістрацыі (па законе, гэта 1 тысяча подпісаў). Рэкардсмэнам, напэўна, будзе Віктар Карніенка, які сабраў каля 10 тысяч подпісаў. Некаторыя сабралі ад адной да пяці тысяч подпісаў. Гэта значыць, што сабраць подпісы можна. Я асабіста сустракаўся зь людзьмі падчас збору подпісаў, хадзіў па кватэрах і магу сказаць, што настрой у грамадзтве пазытыўны ў асноўным. Людзі хочуць і чакаюць пераменаў. Яны яшчэ ня ведаюць з кім зьвязаць гэтае сваё жаданьне, каго падтрымаць. Але тыя кандыдаты й каманды, якія працуюць у акругах, напэўна, і змогуць атрымаць такую падтрымку.

Але мяне асабіста трывожыць, што вельмі шмат людзей абыякавых. Прычым, абыякавых, можа, не таму, што яны нічым не цікавяцца, а таму, што яны вельмі расчараваныя і ўжо нікому ня вераць. Я іх магу зразумець. Але абыякавасьць — гэта ня сродак паляпшэньня сытуацыі. Мы павінны пераканаць людзей, што разважаючы так, мы можам праспаць раніцу новага дня. Мы можам нешта зрабіць, каб гэты дзень настаў”.

(Кароль: ) “У Маладэчна сытуацыя дастаткова арыгінальная. Там цяпер дзевяць чалавек прэтэндуюць на тое, каб стаць дэпутатамі. Своеасаблівасьць акругі ў тым, што там вылучаецца дзейны кіраўнік адміністрацыі гораду Чурсін і цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Гаварушкін. І паміж імі існуе супярэчнасьць і сутыкненьне. Гэта азначае, што ва ўладзе няма той маналітнасьці, якая была ў савецкі час, калі кандыдат узгадняўся наверсе. Ёсьць вялікае выкарыстаньне адміністрацыйнага рэсурсу. І ёсьць эфэкт зваротнага дзеяньня. Калі людзей так прымушаюць, то гэта выклікае пратэст, узмацняе пратэстны настрой, цягу да пераменаў, якія існуюць у грамадзтве. І калі ты прадстаўляесься як кандыдат ад дэмакратаў, ад партыі, то людзі ахвотна падпісваюцца. І працэнт збору подпісаў нават узрастае. Людзі праяўляюць цікавасьць яшчэ і таму, што ёсьць другі, трэці альтэрнатыўны кандыдат”.

(Карбалевіч: ) “Пачынаюць працу ў Беларусі назіральнікі ад Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ. Упершыню з 1996 году адбудзецца поўнамаштабнае назіраньне за выбарамі ў Беларусі гэтай арганізацыі. Як вы лічыце, ці ня позна прыехалі гэтыя назіральнікі? Ужо прайшло некалькі этапаў выбарчай кампаніі”.

(Дабравольскі: ) “Я думаю, што сапраўды, трэба было прыяжджаць трохі раней. Але дзякуй Богу, што назіральнікі ўвогуле прыехалі. Таму што ўлады ня вельмі й хацелі, каб яны былі. А зь іншага боку, улады хацелі бы, каб міжнародная супольнасьць прызнала вынікі выбараў. Я спадзяюся на тое, што прадстаўнікі АБСЭ змогуць рэальна ацаніць сытуацыю. Калі даводзяць лічбу, што ў акруговых камісіях 7% прадстаўнікоў партыяў, то хачу заўважыць наступнае. Гэта ў асноўным прадстаўнікі дзьвюх лаяльных уладам партыяў: Лібэральна-дэмакратычнай партыі й Камуністычнай партыі Беларусі. Тое ж самае назіраецца і ва ўчастковых камісіях.

Усё гэта азначае разуменьне ўладаў, што яны ў сумленнай барацьбе не перамогуць і таму збіраюцца фальсыфікаваць выбары. Мы павінны зрабіць усё, каб гэтыя фальсыфікацыі мінімізаваць. Трэба з дапамогай назіральнікаў пазбавіць сябраў камісіяў маральных апраўданьняў, пазбавіць іх ананімнасьці. Трэба, каб яны ведалі: тое, што яны робяць, будзе вядома грамадзтву. І будзе адпаведная рэакцыя”.

(Кароль: ) “Я ацэньваю прыезд назіральнікаў АБСЭ на беларускія выбары вельмі станоўча. Лепш пазьней, чым ніколі. І спазьненьне ўжо не такое і вялікае. Якраз асноўныя падзеі цяпер адбываюцца. Я бы адзначыў той бок назіраньня, які не навідавоку. Справа ў тым, што незадавальненьне існай сыстэмай ёсьць ня толькі ў дэмакратаў, але і сярод чынавенства. І калі ёсьць назіраньне, то гэта падмацоўвае іх імкненьне спрацаваць падчас выбараў па правілах і не фальсыфікаваць. Другі чыньнік міжнароднага назіраньня, гэта маральная падтрымка ўнутранага назіраньня. Яно мусіць быць галоўным. Пры падтрымцы міжнароднага назіраньня мы маем шанец зьнізіць магчымасьць фальсыфікацыяў. Людзі могуць усьвядоміць, што перамены паступова, крок за крокам усе ж прыходзяць і на зямлю Беларусі”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, хоць палітычныя партыі й выштурхваюцца з выбарчай кампаніі, яны ўсё ж такі, насуперак жаданьню ўладаў, актыўна ўдзельнічаюць у выбарах. Больш таго, калі глядзець на, так бы мовіць, інфармацыйны экран, яны задаюць тон і парадак дня перадвыбарчых дыскусіяў. Падзел грамадзтва адбываецца менавіта па адносінах да кандыдатаў ад дэмакратычных партыяў. Нават калі глядзець беларускую тэлевізію, то ствараецца ўражаньне, што ўдзел у выбарах апазыцыйных партыяў — гэта галоўная грамадзка-палітычная праблема сёньняшняй Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG