Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыты менскі офіс назіральнікаў АБСЭ


Юры Сьвірко, Менск Варшаўскае бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ адкрыла ў Менску офіс місіі назіраньня за выбарамі.

У чацьвер бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ афіцыйна абвесьціла, што разьмесьціла ў Беларусі місію назіраньня за выбарамі. Варшаўскае бюро АБСЭ падкрэсьлівае, што “місія назіраньня за выбарамі дзейнічае асобна й незалежна ад Офісу АБСЭ ў Менску”. Ад самага пачатку назіральнікі АБСЭ хацелі, каб іхны часовы офіс ня быў разьмешчаны побач з памяшканьнямі сталага Офісу АБСЭ на Паўднёвым Захадзе. Я патэлефанаваў аднаму з міжнародных супрацоўнікаў місіі назіраньня Марэку Мрачку са Славаччыны, які будзе аналізаваць працу беларускіх мэдыяў, і спытаўся, дзе ж будзе базавацца гэтая місія.

(Мрачка: ) “Другая вуліца Шостая лінія, дом 11”.

Вуліца з такім складаным назовам знаходзіцца ў квартале Сурганава—Якуба Коласа, каля 33-й студэнцкай паліклінікі. Апошнюю супрацоўнікі місіі назіраньня й называюць цяпер арыенцірам для пошукаў.

З 11 міжнародных супрацоўнікаў тры прадстаўляюць Вялікую Брытанію — апрача кіраўніцы місіі амбасадаркі Одры Главэр, гэта яе намесьнік Іэн Горвін і спадарыня Роўзмары Рагамін, якая адказвае за сувязі з парлямэнтам. Адміністрацыйнымі справамі будуць займацца двое грамадзянаў Польшчы, палітычным аналізам — амэрыканец Эрык Колінгз, статыстыкай — галяндзец Ганс Шмец, праўным аналізам — швайцарац Ганс Бірхлер. У сьпісе ёсьць і такая пасада як выбарчы аналітык — гэта баўгарын Дзімітар Дзімітраў. Каардынаваць дзейнасьць кароткачасовых назіральнікаў будзе Кэрстын Доктэр зь Нямеччыны. У варшаўскім бюро АБСЭ падкрэсьліваюць, што гэта “ключавая каманда” з 11 экспэртаў, якіх абірала само бюро, але будуць яшчэ 11 групаў па два чалавекі ў кожнай — для працы ў правінцыі. Гаворыць прэсавая сакратарка бюро Ўрдур Гунарсдотыр:

(Гунарсдотыр: ) “Гэтыя 22 доўгачасовыя назіральнікі — 11 камандаў — абіраліся іхнымі ўрадамі й накіроўваліся да нас. Часта гэта людзі з выбарчым досьведам — якія працавалі на выбарах, або іншыя, чый досьвед можа быць карысным такім ці іншым чынам”.

Беларускія палітычныя партыі ўжо заяўлялі пра парушэньні падчас выбарчай кампаніі, зьвязаныя з рэгістрацыяй ініцыятыўных групаў і фармаваньнем выбарчых камісіяў. Ці зьвярнулі на гэта ўвагу назіральнікі АБСЭ?

(Гунарсдотыр: ) “Мы абмяркоўваем выбарчыя пытаньні ўвесь час з усімі бакамі, якія маюць да гэтага дачыненьне. І палітычныя партыі, безумоўна, ёсьць часткай гэтага. Калі яны маюць інфармацыю, якую хочуць даць нам ды якая падасца нам цікавай, мы, вядома, разгледзім яе. Але мы маем на мэце правяраць тое, што нам кажуць. Нашы высновы базуюцца на нашым уласным назіраньні…”

Спадарыня Гунарсдотыр заявіла, што пакуль рана казаць пра нейкія парушэньні, таму што місія толькі пачынае працу. Што да канчатковай справаздачы, дык яе абнародуюць прыблізна праз паўтара месяцы пасьля выбараў. Але папярэдняя заява з высновамі назіральнікаў АБСЭ будзе зробленая ўжо 18 кастрычніка, адразу пасьля першага туру выбараў.

Місія назіраньня за выбарамі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ — першая паўнамоцная місія пасьля беларускага рэфэрэндуму 1996 году, калі была зьмененая Канстытуцыя. Падчас мінулых парлямэнцкіх выбараў 2000 году ў Беларусі дзейнічала толькі місія тэхнічнай ацэнкі, а на прэзыдэнцкіх выбарах 2001 году — абмежаваная місія назіраньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG