Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэаліі й пэрспэктывы беларускамоўных школаў


Аляксандар Уліцёнак, Менск Тэматычная перадача з сэрыі “Палітычная геаграфія”

Паводле чыноўнікаў, прыблізна ў 60 працэнтах агульнаадукацыйных школаў краіны год таму навучаньне ішло па-беларуску. Расейскамоўных было напалову менш. Такія прапорцыі, як мяркуецца, зафіксуюць і ў сёлетнім верасьні. Аднак вось што кажуць людзі:

“У Горадні няма ніводнай школы зь беларускай мовай выкладаньня...”

“Большасьць настаўнікаў беларускай мовы не зьяўляецца сябрамі ТБМ і варожа ставіцца да дзейнасьці нашай арганізацыі...”

“Бацькі таксама “заганяюць цьвічок” у іхныя галоўкі – мова аджыла сваё, яе ўжо няма...”

Шмат хто ня верыць статыстыцы. І дарма: у краіне сапраўды 2700 школаў – беларускамоўныя. А цалкам расейскамоўных прыкладна 1350. Астатнія паўтысячы – з выкладаньнем часткі дысцыплін на адной, а часткі – на другой мове. Гэта праўда. Але ня ўся. Бо чыноўнікі ня кажуць пра іншае: матчына слова выціскаецца на пэрыфэрыю, у малакамплектныя школкі...

(Крой: ) “У Горадні няма ніводнай школы зь беларускай мовай выкладаньня, ёсьць толькі асобныя клясы. Фактычна, у горадзе засталіся 660 вучняў, якія вывучаюць усе прадметы па-беларуску. Гэта ў асноўным старэйшыя клясы, выпускныя. Ужо ў наступным годзе колькасьць вучняў будзе значна меншая, і яна ўпершыню будзе меншай, чым колькасьць вучняў, якія вывучаюць усе прадметы на польскай мове ў польскамоўнай школе ў Горадні”.

Сябра абласной рады Таварыства беларускай мовы Алесь Крой згадвае, што роўна 10 год таму тут было 27 беларускіх школаў з 33. І ўжо тады гарадзенская інтэлігенцыя хвалявалася: гэтага мала! 200 аўтарытэтных тамтэйшых жыхароў падпісаліся пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі з заклікам падтрымліваць і пашыраць адукацыю на роднай мове. Аднак пасьля ініцыяванага прэзыдэнтам рэфэрэндуму 1996-га году сытуацыя радыкальна памянялася: за выключэньнем некалькіх “зьмешаных”, школы сталі цалкам расейскамоўнымі:

(Крой: ) “Хіба гады чатыры, як няма болей першых клясаў. Былі выпадкі, калі нават сябры Рады ТБМ не маглі ўладкаваць сваіх дзяцей, каб тыя атрымалі беларускамоўную адукацыю”.

Гэта зусім не адзінкавы парадаксальны выпадак. Так, сын кіраўніка Жодзінскай філіі ТБМ Аляксея Лапіцкага навучаўся летась у тамтэйшай гімназіі, дзе была адзіная ў горадзе беларускамоўная першая кляса з двума вучнямі. Цяпер новая праблема.

(Лапіцкі: ) “Янка зьбіраўся пайсьці ў музычную клясу. Прайшоў іспыты, і яму сказалі: праблема ў тым, што па-беларуску яго там, у беларускай гімназіі, ніхто ня зможа вучыць. І наагул няма захадаў для разьвіцьця вось гэтай клясы, няма такіх тэндэнцыяў”.

Прыкладна гэтаксама і ў іншых рэгіёнах краіны. Так, на Гомельшчыне – 358 беларускамоўных школаў і 294 расейскамоўныя. Але гэта перавага ўмоўная, бо па-беларуску вучыцца 36 тысяч дзяцей, а па-расейску ў чатыры разы болей. Толькі ў двух маленькіх гарадох вобласьці – Брагіне й Жыткавічах – захаваліся дзьве сярэднія беларускамоўныя школы, у Ельску – адна базавая. Агулам там 620 вучняў. Аднак гэтыя відавочныя дыспрапорцыі не знаходзяць адпаведнай рэакцыі грамадзтва, кажа старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Тут шмат залежыць ад бацькоў. Ну, напрыклад, бярэм Гарадзеншчыну. Мяне вельмі дзівіць пасіўнасьць інтэлігентаў Горадні. Яны фактычна страцілі ўсе здабыткі, якія ў іх былі. Ня толькі школ, але й клясаў няма. Побач Ліда, стотысячнік. Там беларускамоўная адукацыя самая лепшая ў Беларусі. Тая самая дзяржава, тая самая вобласьць. Аднак у Лідзе за клясы й школы змагаюцца і бацькі, і настаўнікі, і дзеці, і чыноўнікі някепска ставяцца. І мяне зьдзіўляе пасіўнасьць дэмакратаў Горадні...”

Некалі, за польскім часам, яны не баяліся адстойваць свае правы. А цяпер ня мела асаблівага рэзанансу нават высяленьне з памяшканьня гарадзкой арганізацыі ТБМ. Асабліва перашкаджае грамадзкаму змаганьню за беларускую школу тое, што ў сыстэме дзяржаўнай вышэйшай адукацыі навучаньне практычна паўсюль цалкам расейскамоўнае.

(Кабета: ) “Бацькі, безумоўна, зацікаўленыя даць свайму дзіцяці патрэбную адукацыю... І каб не было праблемаў на ўступных экзамэнах, у 8-й клясе яны ставяць пытаньне пра перавод на расейскую мову навучаньня”.

Настаўнік Сяргей Салодкін працягвае гэтую думку.

(Салодкін: ) “Бацькі заганяюць “цьвічок”, што беларуская мова аджыла сваё, што яе ўжо няма...”

Здавалася, калі такая атмасфэра ў вялікім горадзе, што ўжо казаць пра рэгіёны!.. Аднак там далёка ня ўсе выбіраюць шлях згоды з загадамі райана. Хоць і зь вялікай цяжкасьцю, аднак дабіліся права выкладаць па-беларуску, напрыклад, у Вуцеўскай дзесяцігодцы Добрускага раёну. Дырэктарка Вольга Раманенка гаворыць, што яна перамагла найперш дзякуючы падтрымцы калегаў-настаўнікаў.

(Раманенка: ) “Прапаганду павялі сярод бацькоў: пераконвалі іх на бацькоўскіх сходах, усюды. І бацькі нам паверылі, паверылі ў тое, што ў Беларусі дзеці павінны вучыцца на беларускай мове. Няхай будзе расейская, ангельская, нямецкая, але ж асноўная мова павінна быць беларуская”.

Пра выключную ролю пэдагогаў у адстойваньні права на беларускамоўную адукацыю гаворыць і намесьнік дырэктара Дабрыньскай дзесяцігодкі Ельскага раёну. Тут настаўнікі актыўна прычыніліся да стварэньня ў сябе суполкі ТБМ.

(Дарошчанка: ) “Школа заўсёды жыве беларускасьцю й беларускай ідэяй, але мы ня ведалі, з чаго пачынаць. І гэтая прапанова зьявілася зыходным пунктам, каб у школе была створаная такая суполка. Нашыя настаўнікі адгукнуліся на гэта. Усе пагадзіліся стаць сябрамі гэтай суполкі”.

Найчасьцей разбурэньне беларускамоўнай адукацыі адбываецца менавіта з-за абыякавасьці ці нават з адпаведнай ініцыятывы менавіта пэдагогаў. Найперш – тых, хто атрымаў вышэйшую адукацыю пры Лукашэнку: яны дрэнна валодаюць мовай і пачынаюць выкладаць свае прадметы па-расейску. Так лічыць вясковы віцебскі настаўнік Сяргей Салодкін.

(Салодкін:) “Сёньняшнія студэнты-выпускнікі ВНУ куды больш зрусыфікаваныя, чымся тыя выкладчыкі, што вучыліся 10-15 год таму. Вось гэтыя зрусыфікаваныя і ўносяць сваю разбуральны ўклад у школьную адукацыю”.

Ня дзіва, што там-сям увогуле пачалі змагацца, каб базавымі сталі нават падручнікі й праграмы з Расеі... Расказвае Вілена Карнеева, маці вучаніцы 28-й віцебскай школы.

(Карнеева: ) “У падручніку з чытаньня для чацьвёртае клясы напісана: “Кто на каком языке думает, тот к тому народу и принадлежит. Я думаю по-русски – моя родина Русь”. Значыць, маю 9-гадовую дачку імкнуцца пераканаць у тым, што яна расейка – у сувэрэннай дзяржаве Рэспубліцы Беларусі...”

Ідэя навучаньня дзяцей па кніжках з такімі устаноўкамі належыць адной з найлепшых настаўніц віцебскай школы...

(Карнеева: ) “Мы на гэтую прапанову пагадзіліся. А потым прыйшлі да высновы, што школа ўсё-ткі мусіць быць нацыянальнай, з навучаньнем на беларускай мове, бо трэба выхоўваць прыналежнасьць да беларускае нацыі”.

Аднак асаблівага выбару ў бацькоў-аднадумцаў спадарыні Карнеевай няма: у Віцебску не існуе ніводнае чацьвёртае клясы зь беларускай мовай навучаньня. Тыповую для краіны сытуацыю камэнтуе старшыня ТБМ Алег Трусаў.

(Трусаў: ) “Вялікая колькасьць настаўнікаў беларускай мовы й літаратуры не размаўляе па-беларуску па-за межамі клясы. Такім чынам, ідзе поўная дэвальвацыя таго прадмета, які яны выкладаюць. Самае цікавае, што большасьць настаўнікаў беларускай мовы не зьяўляецца сябрамі ТБМ і варожа ставіцца да дзейнасьці нашай арганізацыі. Калі зьбіралі подпісы ў Слаўгарадзкім раёне, каб нас не высялялі зь сядзібы, ніводзін настаўнік беларускай мовы не падпісаўся, а дзеці падпісваліся цэлымі клясамі”.

(Карэспандэнт: ) “Магчыма, яны баяцца за сваю працу?”

(Трусаў: ) “Не, гэта савецкая мэнтальнасьць. І дзеці гэта адчуваюць. І мне здаецца, што гэтую праблему зь цягам часу прыйдзецца вырашаць вельмі кардынальна. Можа, браць нейкую ганаровую клятву ці што? Бо калі тысяча настаўнікаў не гаворыць у побыце па-беларуску, то такіх настаўнікаў трэба ад працы адхіляць”.

Дарэчы, пра клятвы: як няма пашаны да роднага слова ў філёлягаў, што ўжо казаць пра дзяцей? Заканамерны вынік: у беларускамоўнай школе віцебскай вёскі Копці вучні давалі клятву на вернасьць... мове расейскай! Настаўнік Сяргей Салодкін лічыць гэтую сытуацыю прыкметай дэнацыяналізацыі адукацыі ў краіне.

(Салодкін: ) “Гэта нонсэнс такі, які ўзьнікае ў выніку павярхоўнасьці... Проста сёньняшняя школа не выхоўвае нікога – гэта плынь: куды яе папіхаюць, туды яна й цячэ. Гэта не беларуская школа, і таму нічога сьвядомага там ня можа быць...”

Шмат хто лічыць, што разьвіцьцю беларускамоўнай школы замінае ня толькі нястача адпаведна падрыхтаваных кадраў, але й прычыны больш банальныя. Напрыклад, не стае падручнікаў, мэтодык, праграм... Разважае дырэктарка Вуцеўскай дзесяцігодкі Вольга Раманенка.

(Раманенка: ) “Цяжкасьці, па-першае, у забесьпячэньні мэтадычнымі дапаможнікамі. Усё выходзіць на расейскай мове. Вось я, напрыклад, выпісваю часопіс “Химия и проблемы преподавания”. Там міністэрства прапануе кантрольныя работы. Яны ж апублікаваныя на расейскай мове. Я сяджу й перакладаю іх цэлымі вечарамі. Таксама й тэставыя заданьні... Расейскамоўныя школы забясьпечаныя падручнікамі. Мы зь беларускай мовай забясьпечваемся, як правіла, у апошнюю чаргу”.

Такім чынам, наступная важная праблема, якую вызначалі нашыя суразмоўцы – гэта якасьць кіраўніцтва беларускамоўным навучаньнем. Вось што гаворыць начальнік аддзелу упраўленьня адукацыі Менскага аблвыканкаму Людміла Малец:

(Малец: ) “Палітыка ўпраўленьня адукацыі – захоўваць беларускую мову. Па магчымасьці ня толькі весьці на ёй навучаньне, але й нават справаводзтва пераводзіць. У нас ёсьць праграма рэалізацыі комплексу захадаў для захаваньня беларускамоўных школ. І наш начальнік вельмі прыхільна ставіцца да таго, каб мы захоўвалі сваю духоўнасьць”.

Аднак Аляксей Лапіцкі з Жодзіна пярэчыць:

(Лапіцкі: ) “Яны ўсе ставяцца станоўча, калі сядзяць за “круглым сталом”. Размаўляюць, якая прыгожая беларуская мова, і што гэта нацыянальны здабытак, і г.д. А калі рэальна, то яны ідуць па шляху найменшага супраціву. Гэта праграма практычна блякуецца. Няма належнага кантролю і ў рэгіёнах: яна застаецца проста “пісулькай”.

Вастрыню праблемы пацьвярджае й той факт, што паўсюль у краіне чыноўнікі ад адукацыі – нават тыя, хто раней не баяўся выказваць сымпатыі да беларускай мовы – палічылі за лепшае выйсьці з ТБМ, заўважае гарадзенец Алесь Крой.

(Крой: ) “Раней яны былі, вядома. Але на сёньня папрасілі проста аб выхадзе з гэтай арганізацыі. Сёньня гэта ўжо небясьпечна, хаця нашая арганізацыя непалітычная. Такая створана сытуацыя: калі ты выкарыстоўваеш беларускую мову, цябе прыпісваюць да бэнээфаўцаў...”

Вось жа, праблем хапае. Аднак калі я папрасіў Алега Трусава падсумаваць іх, пачуў аптымістычнае.

(Трусаў: ) “У Менску ў ТБМ уступаюць масава дзеці, якія міжсобку хочуць размаўляць па-беларуску. Гэта азначае, ёсьць працэс і адваротны. І ў нас ужо амаль у кожнай школе ёсьць суполкі, створаныя беларускамоўнымі дзецьмі, хаця школа ўся – расейскамоўная...”

Нагадаю: паводле статыстыкі трыццаціпяцігадовай даўніны, 90 працэнтаў менскіх школьнікаў увогуле не вывучалі беларускай мовы – нібыта на жаданьне іхных бацькоў, якія “жылі” ідэяй “савецкае лучнасьці”. Дык вось сёньняшнія добраахвотныя суполкі ТБМ у сталічных дзесяцігодках ствараюць дзеці менавіта таго, не навучанага роднаму слову, пакаленьня менчукоў. І гэта значыць, што жыцьцё бярэ – возьме сваё... Бо лёс беларускай школы, як відаць, вызначаюць не чыноўнікі, не чарговая дзяржаўная ідэалёгія, а народ, які верыць у сваю краіну.

У Беларусь.

(Для праграмы падрыхтавалі свае матэрыялы М.Стэльмак, А.Сьцяпанава, Я.Маёрчык, Н.Шарай, С.Астраўцоў, А.Гатоўчыц)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG