Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Vox Populi: Ці памятаюць гамельчукі каго яны абралі ў парлямэнт мінулы раз?


Казімер Яноўскі, Гомель “Ці ведаеце вы свайго дэпутата парлямэнту і як вы ацэньваеце яго працу за мінулы пэрыяд”? Гэтае пытаньне задаваў наш карэспандэнт Казімер Яноўскі выбарцам Гомельскай-Прамысловай выбарчай акругі №37.

(Жанчына: ) “Я ня ведаю, хто ён, дэпутат”.

(Мужчына: ) “Не, ня ведаю”.

(Жанчына: ) “Мне не даводзілася да яго зьвяртацца, я ня ведаю”.

(Жанчына: ) “Ой, я ужо забыла, за каго галасавала”.

(Мужчына: ) “Падпольшчык наш дэпутат”.

(Жанчына: ) “Не патрэбны яны нам. Яны нам нічога не даюць, гэтыя дэпутаты. Калі прыйдзеш да кагосьці на прыём, пасылаюць у той кабінэт, у гэты. Давай даведку тую, давай гэтую. Так потым і пойдзеш ні з чым”.

(Жанчына: ) “Я яго ня ведаю, дэпутата. Лукашэнка мой дэпутат”.

(Жанчына: ) “Ня ведаю”.

(Мужчына: ) “Ён зь міністэрства ўнутраных справаў, палкоўнік. Нагадайце прозьвішча. Во, Глухоўскі! Ён справядлівасьць навёў для суседа. Пагражала яму турма, не дапусьціў гэтага”.

(Мужчына: ) “Ня ведаю, ня бачыў, хто ён такі. Хаця б раз сюды прыйшоў ды паглядзеў, на вуліцу Ўладзімірава, 29. У нас тут начная крама. Яе тут трэба тэрмінова закрыць. Мы тут жыць ня можам, спаць ня можам. У двары п`янкі кожную ноч. І дзе той дэпутат?!”

(Мужчына: ) “Генэрал міліцыі, здаецца, дырэктарам “Цэнтраліту” быў. З Гомеля ён родам”.

(Жанчына: ) “Ня толькі дэпутата парлямэнту, але і свайго раённага дэпутата ня ведаю і ведаць не хачу. Колькі раней ні зьвярталася, ніхто нічога не зрабіў. Яны мне не патрэбны”.

(Мужчына: ) “Мне падаецца, мы галасавалі за прадстаўніка сілавой структуры. Я за яго прагаласаваў, бо ён – сілавік. Я яму паверыў. Ён, па-мойму, да генэрала дайшоў. Прозьвішча яго на “Г”. Прыкладна на гэтую літару і ацэньваю працу. Нічога ня чуў пра яго дзейнасьць такога, што б мяне ўсьцешыла і я б атрымаў задавальненьне за тое, што прагаласаваў”.

(Жанчына: ) “Нам усё адно, хто той дэпутат. Навошта яго ведаць? Нам толку мала ад гэтых дэпутатаў”.

(Жанчына: ) “Калі ён ня хоча з намі знаёміцца, навошта ён наагул? Што ён нам зрабіў добрага? Дзе яны, тыя законы? Пакажыце? У каго валюта ў кішэні, на баку таго і закон!”

Гэта былі адказы гомельскіх выбарцаў на пытаньне тыдня: “Ці ведаеце вы свайго дэпутата парлямэнту і як вы ацэньваеце яго працу за мінулы пэрыяд”? У Гомельскай-Прамысловай акрузе №37 двойчы абіраўся дэпутатам вышэйшага заканадаўчага органу краіны намесьнік міністра ўнутраных спраў Леанід Глухоўскі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG