Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб чым дамовіліся Лукашэнка і Пуцін у Сочы?


Валер Карбалевіч, Менск Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных зносінаў Кірыл Коктыш з Масквы.

(Валер Карбалевіч: ) “У апошнія гады стала традыцыяй, што шматгадзінныя перамовы Пуціна і Лукашэнкі зьяўляюцца мала плённымі. І гэтым разам з выніковай прэс-канфэрэнцыі засталося незразумелым, аб чым жа дамовіліся кіраўнікі дзяржаваў. Адзіным канкрэтным вынікам можна лічыць заяву аб новым тэрміне пераходу Беларусі на расейскі рубель – 1 студзеня 2006 году. Але і гэта падаецца не як рашэньне, а як арыентыр, рэкамэндацыя.

Калі меркаваць паводле афіцыйнай інфармацыі беларускага боку, падставай для візыту сталася неабходнасьць дамовы аб рэалізацыі новых расейскіх правілаў спагнаньня ўскосных падаткаў па краіне прызначэньня. Пра гэта ішла гаворка падчас тэлефоннай размовы, у канцы якой Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Сочы.

Спадар Класкоўскі, на мінулым тыдні ў складзе групы беларускіх журналістаў вы былі ў Маскве. На падставе новых уражаньняў – як вы лічыце: на самай справе, навошта беларускі кіраўнік быў запрошаны ў Сочы?”

(Аляксандр Класкоўскі: ) “На мой погляд, гэта, у значнай ступені, быў палітычны рэвэранс. Гэтым годам Пуцін ужо дзевяць разоў сустракаўся з прэзыдэнтам Украіны Кучмам. Цікавасьць Масквы да Ўкраіны і тамтэйшых выбараў прэзыдэнта агульнавядомая. І каб не стварылася ўражаньня, што партнэрства Расеі зь Беларусьсю зусім у заняпадзе, быў зроблены такі рэвэранс – запрашэньне Лукашэнкі.

І яшчэ ёсьць адзін момант. У Маскве адзін дасьведчаны аналітык мне сказаў так: Крэмль ня будзе чапаць Лукашэнку самае меншае да 15 верасьня. Як вядома, у гэты дзень у Астане адбудзецца саміт чатырох дзяржаваў-сяброў Адзінай эканамічнай прасторы. Плянуецца падпісаньне шэрагу дакумэнтаў. Зноў жа тут існуе разьлік узьдзейнічаць на ўкраінскія выбары. Патрэбная адзінадушная згода ўсіх кіраўнікоў, дэманстрацыя палітычнай ідыліі. А вядома, што Лукашэнка ўжо выказваў неадназначнае, нават капрызьлівае стаўленьне да гэтай арганізацыі і гэтага праекту. Таму патрэбна яго неяк улагодзіць. Гэта яшчэ адзін матыў для сустрэчы ў Сочы.

Натуральна, былі і эканамічныя тэмы для абмеркаваньня. Іншым разам у нас спрошчана трактуюць дачыненьні дзьвюх краінаў, нібыта Крэмль цісьне на Менск. У Маскве мне аналітыкі ў адзін голас казалі, што спроба лютаўскага адключэньня газу для Беларусі – гэта памылка Пуціна. Таму па гэтых пытаньнях патрэбна дамаўляцца, шукаць нейкія кампрамісы”.

(Кірыл Коктыш: ) “Лукашэнку было прапанавана падумаць над тым, што Расея зьяўляецца для яго рэальным хаўрусьнікам. Таму кіраўнік Беларусі павінен пазьбягаць крокаў, якія могуць ускладніць узаемныя дачыненьні. Найперш, гэта тычыцца пытаньня аб трэцім тэрміне, на які Расея ня ў якім разе не пагодзіцца.

Існуюць і іншыя пытаньні, якія даўно зьяўляюцца балючымі для перамоваў: газавае, мытнага рабаваньня (беларуская мытня канфіскуе расейскіх тавараў на 100 мільёнаў даляраў у год), прысутнасьці расейскага бізнэсу ў Беларусі, палітвязьняў у Беларусі (яно ўздымалася падчас папярэдніх перамоваў Пуціна і Лукашэнкі)”.

(Валер Карбалевіч: ) “Рэагуючы на заяву амэрыканскага сэнатара Маккэйна ў Рызе аб намеры змагацца за вызваленьне Беларусі ад тыраніі, Пуцін фактычна падтрымаў Лукашэнку. Ён сказаў, што, як прынята ў дэмакратычных краінах, чаканыя парлямэнцкія выбары пакажуць, як беларускі народ ацэньвае дзейнасьць свайго кіраўніцтва. Пуцін ня можа ня ведаць, як у Беларусі праводзяцца выбары і як ацэньваюць сытуацыю з дэмакратыяй ў Беларусі міжнародныя інстытуты ў сваіх шматлікіх заявах і рэзалюцыях. Таму такую дэманстратыўную падтрымку беларускага рэжыму і ягонага лідэра нельга расцэньваць інакш як палітычны і дыпляматычны дэмарш, як абарону беларускага прэзыдэнта ад крытыкі з боку Захаду, і як карт-блянш Лукашэнку на правядзеньне недэмакратычных выбараў. Ці згодныя вы з такім меркаваньнем? Калі так, то чым заплаціў Лукашэнка за гэтую падтрымку?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Я не перабольшваў бы ролю гэтай заявы Пуціна. Хутчэй, гэта ня столькі палітычны дэмарш, колькі праява дыпляматычнага палітэсу. Таму што гэтая заява была зробленая не па ўласнай ініцыятыве расейскага прэзыдэнта, а як адказ на пытаньне журналіста. Уявім сытуацыю, што Пуцін кажа: правільна заявіў Маккэйн, трэба “мачыць” гэты рэжым. Гэта выглядала б трохі сьмешна. Таму ў Пуціна ня было вялікага выбару. У яго прагучала такая фраза, што “я не знаёмы з выказваньнямі Маккэйна і ня ведаю, ці мае ён рацыю”. Так што нічога лішняга Пуцін не сказаў.

Варта казаць, увогуле, аб стасунках двух рэжымаў, а ня лідэраў, таму што паміж лідэрамі асаблівай цяплыні няма й ня будзе. У Маскве аналітыкі мне казалі, што рэжымы становяцца ўсё больш роднаснымі. Таму ідзе прагматычная гаворка паміж двума аўтарытарнымі лідэрамі.

Што тычыцца фразы Пуціна наконт выбараў: тут таксама ўсё можна трактаваць з дакладнасьцю да наадварот. Адны вырашылі, што гэта мяккае адгаворваньне ад рэфэрэндуму. Зь іншага боку, гэта можна трактаваць і як прыхаваную згоду”.

(Кірыл Коктыш: ) “Напярэдадні гэтай сустрэчы ў расейскіх СМІ вельмі падрабязна і ўважліва была ўзгаданая заява сэнатара Маккэйна. У Расеі гэтая заява была заўважаная і ацэненая. Таму Лукашэнку была прадэманстраваная такая падтрымка, абумоўленая сустрэчнымі патрабаваньнямі. Але гэта не падтрымка ў чыстым выглядзе, якую магчыма было б прадаваць.

Можна меркаваць, што Лукашэнка паабяцаў не чыніць значных рэпрэсіяў падчас парлямэнцкіх выбараў. Але гэтыя абяцаньні наўрад ці да чаго абавязваюць. Усё гэта азначае, што ні аб чым рэальным на гэтых перамовах не дамовіліся”.

(Валер Карбалевіч: ) “Ці дамовіліся бакі па галоўнаму пытаньню цяперашняга палітычнага сэзону – пытаньні пра рэфэрэндум у Беларусі, які тычыцца працягу прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў цяперашняга кіраўніка? І калі так, то ці будзе Лукашэнка выконваць дамову?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Зноў жа давайце паспрабуем разважаць мэтадам ад зваротнага. Уявім, што Пуцін сказаў: “Не, ні ў якім разе, ніякіх плебісцытаў”. Пасьля гэтага, я думаю, атмасфэра выніковай прэсавай канфэрэнцыі выглядала б трохі інакш. Тая ідылія, якая была прадэманстраваная ў Сочы, сьведчыць аб тым, што катэгарычнага “не” з боку Крамля не прагучала.

Болей за тое, у Маскве мне давялося гутарыць са спадаром Нямцовым. Як вядома, гэта такая па-свойму знакавая постаць для Расеі. Дык ён выказаў такую вэрсію, што калі ў Беларусі атрымаецца “праціснуць” трэці тэрмін, то гэты беларускі досьвед можа стаць для Пуціна пэўным аргумэнтам, мадэльлю. Ня выключана, што ён усё ж зьменіць сваю пазыцыю і таксама спакусіцца на трэці тэрмін. Таму для Крамля сёньня нейкай алергіі на трэці тэрмін, бадай што, няма”.

(Кірыл Коктыш: ) “Я мяркую, што ніякіх пэўных дамоваў няма. Лукашэнка паабяцаў падумаць і ня рухацца ў гэтым кірунку, Пуцін застаўся задаволены гэтым. Калі б дамоўленасьці былі б дасягнутыя, то пра гэта абвясьцілі б публічна.

Адзіная канкрэтная заява была зробленая па валютным пагадненьні. Было сказана, што падумаем, памяркуем, “перасьпім”, калі цытаваць дакладна Пуціна і Лукашэнку. Але ніякіх мэханізмаў выкананьня гэтых дамоўленасьцяў прынята не было. Гэта значыць, што ўсё залежыць ад добрай волі альбо яе адсутнасьці ў Лукашэнкі. Гэта не дамоўленасьці, гэта размова”.

(Валер Карбалевіч: ) “Тое, што падчас прэсавай канфэрэнцыі абодва кіраўнікі нічога не ўзгадалі наконт рэфэрэндуму, цалкам зразумела. Уявім сытуацыю, што Пуцін публічна заяўляе: ён супраць трэцяга тэрміну Лукашэнкі. А апошні насуперак гэтаму меркаваньню пасьпяхова праводзіць яго. І Пуцін апынаецца ў сытуацыі слабага кіраўніка. Дэкляраваць можна толькі тое, выкананьне чаго можаш забясьпечыць.

Зь іншага боку, уявім, што пасьля перамоваў Лукашэнка заяўляе: ён адмаўляецца ад правядзеньня рэфэрэндуму. Тут ужо ў ролі слабага, залежнага ад Крамля кіраўніка выглядаў бы беларускі лідэр. Таму іх маўчаньне ў гэтым пытаньні – зразумелае.

Такім чынам, асноўныя тэмы і вынікі перамоваў у Сочы засталіся за кулісамі. На падставе асобных вельмі няпэўных дыпляматычных рэплікаў цяжка рабіць канчатковыя высновы. Але відавочна, што старая інтэграцыйная эпапэя працягваецца, але ўжо ў новым фармаце – найперш, у фармаце палітычнай рыторыкі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG