Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні зьбіраюць подпісы на вылучэньне кандыдатам на дэпутата Валерыя Леванеўскага, які сядзіць у сьледчым ізалятары


Сяргей Астраўцоў, Горадня Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Валеры Леванеўскі 116-ы дзень сядзіць за кратамі. У чацьвер іх зь яго паплечнікам Аляксандрам Васільевым чакае суд за публічную абразу прэзыдэнта Лукашэнкі. Абодва абвінавачаныя тым часам зьбіраюцца ўдзельнічаць у парлямэнцкіх выбарах. Цяпер ідзе збор подпісаў за вылучэньне іх кандыдатамі. Ініцыятыўнай групе Валерыя Леванеўскага рабіць гэта цяжэй, паколькі яго не выпускаюць на волю, хаця аб гэтым хадайнічаў ягоны адвакат.

Ініцыятыўнай групай Валерыя Леванеўскага кіруе ягоны 18-гадовы сын Уладзімер. Для яго гэта першы досьвед у зборы подпісаў. Перашкодзіла таксама тое, што ініцыятыўную групу зарэгістравалі са спазьненьнем, часу на подпісы засталося менш. Выратоўвае тое, што спадар Леванеўскі хоча балятавацца там, дзе жыве — у Гарадзенскай Паўночнай выбарчай акрузе N53. Вось рэакцыя жыхарак ягонага дому:

(Спадарыня: ) “Ён чалавек добры, што яшчэ сказаць? Я, калі трэба, за яго хоць два подпісы пастаўлю, я ня супраць”.

(Пэнсіянэрка: ) “Ня ведаю, ён мне кепскага нічога не зрабіў, толькі добрае. А за што яго пасадзілі, я ня знаю. А што да подпісу, дык я яшчэ пагляджу”.

На суседняй вуліцы пра спадара Леванеўскага ніхто ня ведаў. Праўда, частка жыхароў ахвотна ставіла подпісы. Некаторыя прызнаваліся, што ўжо адзін раз падпісваліся, але за каго — не запомнілі.

Уладзімер Леванеўскі расказвае пра свой досьвед збору подпісаў за бацьку:

(У.Леванеўскі: ) “Мне трапляліся розныя людзі: тыя, якія яго ведаюць, і тыя, што ня ведаюць. Сярод тых, хто знае, натуральна, што ёсьць і прыхільнікі, і праціўнікі”.

Уладзімер Леванеўскі, аднак, зазначае, што большасьць з тых, хто чуў пра бацьку, згаджаліся паставіць свой подпіс.

Ініцыятыўная група Аляксандра Васільева, які хоча вылучацца ў 51-й Занёманскай акрузе, сутыкнулася зь іншай зьявай. Некаторыя з тых, хто адмаўляўся падпісвацца, тлумачылі наступнае. Гаворыць адзін са зборшчыкаў подпісаў Уладзімір Васільеў, цёзка па прозьвішчу:

(У.Васільеў: ) “Адзін працаўнік дзіцячага садку і тры настаўнікі адразу сказалі, што — мы ніякіх подпісаў ставіць больш ня будзем, паколькі ў нас зьбіралі на працы. І давалі нам падпісныя лісты, абавязвалі нас, каб мы сабралі сярод суседзяў і знаёмых па тры-чатыры лісты. І нам сказалі: больш ні за кога, апроч Камянецкага, подпісы ня ставіць”.

Сяргей Камянецкі — цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў ад Горадні. Дарэчы, гэтыя людзі не зьяўляюцца сябрамі ініцыятыўнай групы, але яны, паводле Ўладзімера Васільева, мусілі зьбіраць подпісы, бо баяліся страціць працу.

На фотаздымку: Уладзімер Леванеўскі, сын актывіста й прадпрымальніка Валерыя Леванеўскага
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG