Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мікалай Лазавік: “У нас проста няма грошай на выраб празрыстых скрынак”


Алесь Дашчынскі, Менск У Цэнтрвыбаркаме паведамілі пра пасьпяховае завяршэньне стварэньня выбарчых участкаў. Усяго іх будзе 6659. Палітычныя партыі, грамадзкія аб’яднаньні, працоўныя калектывы і грамадзяне ўжо могуць падаваць заявы аб вылучэньні сваіх прадстаўнікоў у склад участковых камісій. Прыём дакумэнтаў працягнецца да 29 жніўня. Тым часам спэцыяльнай пастановай ужо агавораны ўзор скрынак для галасаваньня.

На эўрапейскі прыклад краіны СНД пачалі выкарыстоўваюць празрыстыя скрынкі для галасаваньня, якія дапамагаюць прадухіліць фальсыфікацыі. Пра вопыт выкарыстаньня такіх скрынак, празрыстых, плястыкавых і цэльных, пад час выбараў у Косаве распавёў юрыст праваабарончага цэнтра “Вясна” Валянцін Стэфановіч.

(Стэфановіч: ) “Там няма дна, якое можна адкруціць. Прычым прарэз зачыняецца засаўкай і адзін зь сябраў камісіі гэтую засаўку адчыняе і зачыняе. А пасьля заканчэньня выбараў яны не плямбуюцца плястылінавымі пячаткамі, а там ёсьць такая плястыкавая стужка, якая зацягваецца, як пятля. І на гэтай стужцы стаіць індывідуальны нумар, маленькая плёмбачка. Яе зьняць ужо нельга, і кожная скрыня мае індывідуальны нумар, які запісваецца ў бюлетэнь”.

Празрыстыя скрынкі ўпершыню зьявяцца на прэзыдэнцкіх выбарах на Ўкраіне, і гэта прадпісана ў выбарчым законе. Там праведзены тэндэр сярод фірмаў на выраб скрынак. Прадстаўніца ўкраінскага Цэнтрвыбаркаму Зоя Казанжы гаворыць:

(Казанжы: ) “Празрыстыя скрыні для галасаваньня дапамогуць забясьпечыць як мага больш аб’ектыўнае галасаваньне. У нас былі давыбары па некалькіх выбарчых акругах, і мы сутыкнуліся з такімі парушэньнямі, калі былі магчымыя ўкіды некалькіх бюлетэняў, калі проста пачкамі ўкідвалі. Калі будзе скарыстаная празрыстая скрыня, то падобныя ўкіды немагчымыя, гэта будзе заўважна. Такія меры прынятыя, каб можна было папярэдзіць фальсыфікацыю на выбарах”.

Украінская скрыня будзе мець шнур і плёмбу, якія ў выпадку пашкоджаньня нельга будзе аднавіць.

Тым часам у Беларусі спэцыяльная пастанова Цэнтрвыбаркаму ўказвае толькі памер скрыні. Цытую: “вечка адкідное на завесах з прарэзам для апусканьня бюлетэняў. На скрынцы й вечку мацуюцца мэталічныя вушкі для апячатваньня і плямбаваньня”. А хто наогул іх вырабляе? Тэлефануем ў арганізацыйны аддзел Магілёўскага аблвыканкаму.

(Карэспандэнт: ) “А хто вырабляе такія скрынкі, гэта якая-небудзь фірма ёсьць?”

(Спэцыяліст: ) “Ну якая фірма, якая ў калгасе можа быць фірма? Сталярачка. Камісія паглядзіць, ёсьць жа гаспадаркі на тэрыторыі ўчастка, і потым яны альбо школьнікі на ўроку працы зробяць. Тое, што захавалася, будзем выкарыстоўваць, а тое, што ў нягожым выглядзе, заменім”.

Гэтыя скрынкі драўляныя і многія зь іх вырабленыя яшчэ ў мінулым стагодзьдзі. Тлумачыць сакратар Цэнтрвыбаркаму Мікалай Лазавік:

(Лазавік: ) “У нас проста няма грошай на выраб празрыстых скрынак. Занадта гэта дарагая асалода. У нас, як правіла, выкарыстоўваюцца адны і тыя ж дзедаўскія, старыя скрынкі, якія выбарчым камісіям нічога не каштуюць. Іх проста крыху, калі неабходна, абновяць, падмалююць, яны зручныя, практычныя і зусім магчыма іх выкарыстоўваць. А гэтыя празрыстыя – гэта дарагая асалода, хаця мы й хацелі можа быць ужо замяніць абсталяваньне многіх нашых участкаў”.

Праваабаронцы зьвяртаюць увагу, што ні Цэнтрвыбаркам, ні беларускае заканадаўства не прадпісвае, як павінны захоўвацца скрынкі, як павінен ахоўвацца ўчастак падчас датэрміновага галасаваньня, дзе павінны ляжаць бюлетэні й іншае. Далей – Валянцін Стэфановіч:

(Стэфановіч: ) “Не задавальняе, канешне, такое забесьпячэньне ўчасткаў. Паколькі скрынкі драўляныя, ня цэльныя, дно, напрыклад, на самарэзах – у прынцыпе, пры жаданьні можна раскруціць. Улічваючы тое, што не прадпісана, як яны павінны захоўвацца дакладна, доступ да іх магчымы, так скажам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG