Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Багі паганскага Алімпу — за нашых! Дык жыве Беларусь!


Аляксандар Уліцёнак, Менск У Афінах ўрачыста адкрыліся Алімпійскія гульні. За перамогу змагаюцца дзесяць з паловаю тысяч атлетаў з 202 краінаў сьвету. Кожны соты сярод іх — прадстаўнік Беларусі. У 28 відах спорту будзе разыграны 301 камплект узнагарод. Як вядома, Радыё Свабода праводзіць конкурс для слухачоў: яго пераможцамі стануць тыя, хто правільна адкажуць: колькі мэдалёў, у тым ліку залатых, заваююць на гульнях 153 беларускія алімпійцы. Як жа ацэньваюць заўзятары патэнцыял нацыянальнай зборнай? Тэматычная перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Адзін з найбольш даўніх і вядомых лёзунгаў гульняў: “Галоўнае ўдзел, а не перамога!” Прыгожа. Але калі шчыра, ён безнадзейна састарэў. Сёньня мэтай стала менавіта першынство. За ўзнагароды на Алімпіядах да апошняга змагаюцца і атлеты, і дзяржавы. Памятаеце спортгімн савецкае эпохі:

“Мы верим твердо в героев спорта, И нам победа, как воздух, нужна, Мы хотим всем рекордам Наши гордые дать имена!”

Як сядзіць у памяці! Як прагне душа ранейшых спартовых ляўраў! Невыпадкова задоўга да пачатку спаборніцтваў амаль у кожнай краіне ня толькі аматары, але й сур’ёзныя дасьледчыя структуры прагназавалі афінскія фінішы.

Наша даведка Амэрыканскія прафэсары Басі й Бэрнард распрацавалі адмысловую мэтодыку ацэнкі спартовага патэнцыялу дзяржаваў, куды, у прыватнасьці ўведзены дэмаграфічныя зьвесткі, выдаткі на спорт, папярэднія вынікі зборнікаў-алімпійцаў... Паводле амэрыканцаў, сёлета вікторыю будуць сьвяткаваць зборныя ЗША — 93 мэдалі супраць 97 на папярэдніх гульнях, Расія — 83 (адпаведна, 88), Кітай — 57 (59), Нямеччына — 55 (58), Францыя — 37 (38), Італія — 33 (34), Вялікабрытанія, Грэцыя і Паўднёвая Карэя — 27 кожная (раней, адпаведна, было28, 13 і 28 мэдалёў). Паводле амэрыканскай вэрсіі, Беларусь сярод фаварытаў не фігуруе.

Наколькі ж адрозныя ці падобныя лічбы ад прафэсіяналаў-навукоўцаў і аматараў-слухачоў Радыё Свабода? Каб лепш арыентавацца ў эмоцыях нібыта сухое статыстыкі нагадаю дзяржаўны, так бы мовіць, загад-арыенцір для беларускіх спартоўцаў: 25 мэдалёў.

(Арлоў: ) “Думаю, столькі, колькі заказаў Рыгоравіч, не атрымаюць. Мэдалёў дзесяць калі прывязуць, добра будзе. Калі браць у сярэднім за мінулыя Алімпіяды, думаю, так: залатых 3–4, ад сілы 5 калі атрымаюць…”

Так сьціпла выглядае беларускі фініш паводле мазырскага навукоўца Леаніда Арлова. А вось што гаворыць кіраўнік штабу Аляксандра Лукашэнкі на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах Мікалай Чаргінец:

(Чаргінец: ) “Мне хацелася б сказаць аб сваім жаданьні. Мне хацелася бы, каб як мага больш яны прывезьлі залатых, срэбраных і бронзавых узнагарод. Аб колькасьці, канечне, цяжка казаць. Вялі, я ведаю, алімпійцы размову аб дваццаці пяці мэдалях… Ну, Дай Бог, як кажуць, ім…”

Аднак у асноўным прагнозы мы атрымлівалі не праз тэлефанаваньні, а поштай. Геаграфія — уся Беларусь. Ад Менску да Верхнядзьвінску. Прыемна ўражвалі лісты з радкамі, падобнымі да тых, што даслала Юлія Пачкоўская з барысаўскай вёскі Кастрыца: “Пішу табе, Свабода, упершыню. Пачула пра конкурс і захацела паўдзельнічаць, бо вельмі люблю спорт і цікаўлюся ім. Паводле маіх падлікаў, нашы атрымаюць 15 мэдалёў, зь якіх 3 — залатыя”.

Яшчэ празь дзень я трымаў у руках ліст з той жа вёскі й з тым жа прозьвішчам — Пачкоўская. Але імя іншае, як іншы і прагноз: 5 найвышэйшых з 19 узнагарод. Віялета зазначае: “Мажліва, гэта й занадта аптымістычна, але я хацела, каб так было. Дзякуй вам за конкурс”.

Наша даведка 15 найлепшых грэцкіх майстроў адчаканілі роўна 3 тысячы мэдалёў. На іх выраб пайшло 13 кіляграмаў золата і па адной тоне срэбра і бронзы...

Ажно чатыры прагнозы атрымалі мы ад сям’і Панасюкоў з Кобрыні. Васьміклясьнік Саша Панасюк сярод іх найбольш “скупы”: дае толькі 15 мэдалёў. А ягоны брат Віктар — самая шчодрасьць: 23, зь якіх залатых ажно 10!

Былая дыктарка Беларускага тэлебачаньня Зінаіда Бандарэнка ў залаты дождж ня верыць, аднак рада памыліцца, калі насуперак ейным сьціплым чаканьням усё атрымаецца менавіта гэтак, як мяркуе малодшы Панасюк-аптыміст:

(Бандарэнка: ) “Вядома, гэта гонар для краіны. І было бы цудоўна, каб мы атрымалі і 25, і 30... Як кажуць, куранят па восені лічаць. Вось закончыцца Алімпіяда, і мы ўбачым, што будзе на справе...”

Тады, восеньню, атрымаюць свае, так бы мовіць, “алімпійскія” ўзнагароды за ўдзел у конкурсе Свабоды (нагадаю, гэта адмысловыя прыймачы) і ягоныя пераможцы. Але ўжо сёньня мы можам назваць двух своеасаблівых чэмпіёнаў конкурсу. Найлепшы для нацыянальнай зборнай Беларусі вынік прадказвае сьлесар са Жлобіна Мікалай Крывец — 33 мэдалі (зазначу: столькі амэрыканскія прагназісты даюць італьянцам, мяркуецца, што гэта стане шостым радком у алімпійскім табэлі аб рангах). А найгоршую для беларусаў лічбу назваў Міхаіл Жукаў з Баранавічаў — чатыры мэдалі: адзін срэбраны і тры бронзавыя. Прычым узыдуць на п’едэстал толькі тры спартоўцы. Калі ж падсумаваць усе лічбы, названыя ўдзельнікамі конкурсу Радыё Свабода, то атрымліваецца наступнае сярэднеарытмэтычнае: з аліўкавым вянком “кацінас” вернуцца дадому 15 беларусаў, чатыры зь якіх прывязуць залатыя мэдалі. Такі прагноз аматараў з усяе краіны ўражвае. Бо...

Наша даведка Адмыслоўцы менскага Навукова-дасьледчага інстытуту фізычнай культуры прагназуюць, што беларусы гарантавана здолеюць заваяваць у Афінах 15 мэдалёў. Аднак з улікам вынікаў за два папярэднія гады гэтая лічба можа ўзрасьці да 21. А пры цалкам адпаведных аб’ектыўных фактарах і спартовай удачы нацыянальная каманда заваюе 27–29 мэдалёў.

Такім чынам, слухачы Cвабоды — школьнікі, гісторыкі, калгасьнікі, пэнсіянэры, палітыкі, студэнты — выйшлі на вынік, які абгрунтоўваў спэцыялізаваны інстытут. Тут няма нічога парадаксальнага: паўсюль у Беларусі шмат адданых спорту людзей, якія тонка адчуваюць сытуацыю. Сярод тых, хто ў лісьце з прагнозам пазначыў свой тэлефон, 73-гадовы пэнсіянэр спадар Курпатаў зь Ліды. Тэлефаную Леаніду Міхайлавічу:

(Курпатаў: ) “Я зь дзяцінства займаўся для сябе спортам. У вёсцы жыў, не было нічога… Дык я рагулечкі з лазы ставіў і празь іх прыгаў! Я толькі ня маю цікавасьці да бэйсболу і гэтага — як яго? Ну, мяч, як агурок?”

(Карэспандэнт: ) “Рэгбі?”

(Курпатаў: ) “Рэгбі, во! Рэгбі! А ўсё астатняе вельмі люблю глядзець. Цікавіць веласпорт. Вось Цэлінская, якая трэніруецца за мяжой… Цікавяць гонкі на каноэ”.

(Карэспандэнт: ) “Для вас ёсьць нейкі беларускі спартовец, на якога вы паставілі бы: вось ён адзін з мэдалёў — ці залаты ці бронзавы, але абавязкова заваюе?”

(Курпатаў: ) “Во: Астапковіч! Далей: Цэлінская. Я на яе ставіў. І на Керстэн…”

(Карэспандэнт: ) “Хадатовіч!”

(Курпатаў: ) “Ага, Хадатовіч. А больш ня ведаю, хто атрымае золата…”

Людзі сталага веку, якія ўдзельнічалі ў нашым конкурсе, у сваіх прагнозах больш асьцярожныя, чым моладзь. Выключэньняў усяго два. Дзьмітры Ахрымук з Кобрыні: “З 18 беларускіх мэдалёў залатымі будуць сем. Упэўнены, што атрымаю прыймач, бо мой 30-гадовай даўніны, дрэнна слухаць...” Антон Полаз зь вёскі Адамавічы Баранавіцкага раёну: “Слухаю вашую радыёстанцыю з кастрычніка 1963 году. Дзякуй за конкурс. Лічу, што беларусы заваююць 22 мэдалі, чацьвёра нашых стануць чэмпіёнамі”. Аднак астатнія вэтэраны больш стрыманыя ў ацэнках. І найчасьцей прычыну гэтага тлумачаць адсутнасьцю сапраўднай увагі да разьвіцьця масавага спорту, прыцягненьня ў яго таленавітай моладзі.

Наша даведка Інфармацыйная агенцыя “Скрыпс Говард Ньюс Сэрвіс” сьцьвярджае, што колькасьць заваяваных у Афінах узнагарод наўпрост зьвязана з фінансаваньнем краінамі сваіх алімпійцаў, рэзэрвай вялікага спорту, ягонай базы. Падлічана, у прыватнасьці, колькі каштавала амэрыканцам папярэдняя перамога ў Сыднэі. Кошт аднаго лёгкаатлетычнага мэдаля склаў тады 514 тысяч даляраў, у тэнісе — 41 мільён, у жаночым футболе — 32 мільёны, у каронным для ЗША плаваньні — 402 тысячы даляраў.

Гаворачы пра пэрсанальныя перамогі, некалькі нашых слухачоў паставілі якраз на плывачку Алену Попчанку. Галоўны трэнэр зборнай каманды Беларусі па плаваньні ў 1967–73 гады Ўладзімер Зьвернік у сваім грунтоўным лісьце таксама бачыць яе сярод афінскіх мэдалістаў. Аднак у цэлым краіна губляе пазыцыі ў гэтым відзе спорту. Цытую спадара Зьверніка: “Кіраўніцтва фэдэрацыі бачыць свае задачы толькі ў тым, каб стрыгчы купоны ад выступаў ужо даўно вядомых плыўцоў, а пра падрыхтоўку рэзэрвы зусім ня дбае. Да таго ж, і пра гэта паведамляла ваша радыё, у Беларусі дагэтуль няма спэцыялізаванай, сучаснай базы для алімпійцаў. Закінута таксама прафэсійная вучоба трэнэраў, асабліва маладых. Аналягічныя праблемы і ў іншых відах беларускага спорту, магчыма, за выключэньнем вядомых чатырох”…

Гэта была цытата зь ліста вядомага беларускага трэнэра Ўладзімера Зьверніка. Яго дапаўняе Канстанцін Кузьняцоў: “Годная падрыхтоўка спартоўцаў каштуе вялікіх грошай. А ў нашай краіне ўсё робіцца на “пшык”. Таму й не даводзіцца спадзявацца на вялікі посьпех у Афінах. Думаю, мы прывязем толькі 14 мэдалёў. У тым ліку два залатых. Ня дзіва, калі тыя ж прэміяльныя за перамогу ў беларусаў намнога меншыя, чым у расейцаў і ўкраінцаў”.

Наша даведка Суседзі Беларусі перад сёлетняй Алімпіядай значна павялічылі ўзнагароджаньне за прызавыя месцы на гульнях. Паводле ж адмысловага ўказу прэзыдэнта Лукашэнкі прэміяльныя для пераможцаў засталіся ранейшыя. А бронзавым прызэрам іх нават урэзалі: з 22 з паловай да 20 тысяч даляраў. Нагадаем: у Сыднэі з 17 мэдалёў 11 былі менавіта бронзавыя. Калі афінскі вынік прадублюецца, то “эканомія на алімпійцах” складзе для беларускае дзяржавы 27500 даляраў.

Пётар Красьнікаў з Касьцюковічаў абураецца: “Бачу, што амаль усе грошы ўбухваюць у хакей з футболам, а вынікаў патрабуюць ад лёгкаатлетаў. Прычым так надрыўна цьвердзяць пра патрыятызм. Ды любяць яны Беларусь бяз вашай накачкі! Вы ім лепш стадыёны адрамантуйце...”

Увогуле слухачы Свабоды крытычна ставяцца да высілкаў вэртыкалі зрабіць гульні, удзел у іх беларускай зборнай яшчэ адным элемэнтам мэханізму палітычнай прапаганды і дзяржаўнай ідэалёгіі. Шмат хто лічыць, што гэта ўвогуле замінае спартоўцам. Так, спадар Сіневіч з Горадні называе памылковым назначэньне як прэзыдэнта Нацыянальнага алімпійскага камітэту — нагадаю: размова пра Аляксандра Лукашэнку, так і кіраўніка зборнай спадара Сівакова. Алімпійскім цудам атэставаў Алесь Канашыц з Наваполацку заклік улады да вяскоўцаў супернічаць са спартоўцамі. Вось камэнтар яшчэ аднаго ўдзельніка нашага конкурсу Леаніда Курпатава зь Ліды:

(Курпатаў : ) “Народ абыякавы да ўсяго да гэтага. Вось перадаюць тут па тэлевізары, што ідуць тут спаборніцтвы спартоўцаў і хлебаробаў. Ну гэта ж лухта! Хто каго тут пераможа?! У Беларусі перамог адзін камбайнэр — ведаеце скіраванасьць маіх думак?”

А зараз ліст Генадзя Агафонава: “Натхніўшыся сувэнірамі зь мінулага конкурсу “Мая Свабода”, вырашыў ізноў памацаць фартуну за пухмяны хвост — засьведчыць і свой прагноз наконт Гульняў у славутай Алімпіі: за намі будуць 12 узнагародаў, у тым ліку 2–4 залатыя. Няхай усе багі паганскага Алімпу паспрыяюць нашае перамозе й славе! Слаўся, краіна наша спартовая!”

Ад сябе зазначу: у момант, калі гучыць гэтая перадача, ужо мусяць быць вядомыя вынікі выступленьняў беларускіх пісталетчыкаў — чэмпіёна Барсэлёны-92 Канстанціна Лукашыка і неаднаразовага прызэра гульняў Ігара Басінскага. Наш слухач Мікалай Косьцікаў зь Менску назваў іх сярод мэдалістаў. Такім чынам паглядзім, ці патрапіў ён, як кажуць, “у дзясятку”. Хай будзе па-ягонаму! Не, па-нашаму, бо ўсе мы зычым перамогі беларускім хлопцам... Як напісала Віялета Пачкоўская з Барысаўшчыны, “хварэйма разам за айчынную зборную, жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG