Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Колькі каштуе 1 верасьня для беларускай сям’і?


Юлія Шарова, Менск Менш за месяц застаецца да пачатку новага навучальнага году, і бацькі школьнікаў цяпер заклапочаныя тым, каб падрыхтаваць сваіх дзяцей да 1 верасьня. Зборы дзяцей у школу цяпер адымаюць ня толькі час, але й нямала грошай.

Якую ўсё ж суму павінны выдаткаваць бацькі, каб сабраць дзіця ў школу? Мае суразмоўцы сыходзіліся на тым, што падрыхтоўка да 1 верасьня для аднаго дзіця каштуе ў сярэднім каля 100 даляраў – сюды ўваходзяць выдаткі на вопратку, на канцылярскія тавары ды іншыя прылады, неабходныя для школьніка.

(Спадарыня: ) “Наагул, калі сабраць дзіця ў школу, гэта дорага. Мы набывалі два спартовыя касьцюмы і нам гэта адышлося амаль у 60 тысяч. Набылі чаравікі дачцэ – 39 тысяч, а другому дзіцяці спартовы абутак – 16 тысяч. Мы 100 тысяч аддалі толькі на спартовыя прыналежнасьці”.

(Іншая спадарыня: ) “Мы на старэйшую патрацілі больш за 400 тысяч і яшчэ ня ўсё набылі. Таму дорага”.

(Спадарыня: ) “Летась мы патрацілі 350 тысяч. Мы папросту бралі ўсё навыраст, таму сёлета мы патрацім меней. Але недзе тысяч 100-150, пад 200. Гэта мой заробак – на двух”.

Сапраўды, кошты ў крамах на дзіцячую вопратку й канцылярскія прылады могуць уражваць. Так, гарнітур для хлопчыка каштуе 70-90 тысяч, чаравікі для дзяўчынкі – да 40 тысяч. Кошт аднаго заплечніка – 25-50 тысяч. Кошт аднаго профільнага сшытка – каля тысячы. Ды яшчэ на іншыя дробязі можа пайсьці даволі значная сума, таму можна сказаць, што на гэткую першаверасьнёўскую экіпіроўку школьніка ідзе ледзьве не сярэдні месячны заробак.

Нараканьні выклікаюць ня толькі высокія кошты на тавары для школьнікаў – некаторыя мае суразмоўцы казалі, што няблага было б рабіць адмысловыя зьніжкі напярэдадні новага навучальнага году. Да таго ж бацькі часта скардзяцца й на тое, што ня маюць асаблівага выбару тавараў.

(Спадарыня: ) “Шчыра кажучы, мы самі з Гомеля, і мы адмыслова сюды прыехалі, каб дзяцей сабраць. У нас няма такога выбару і няма такога распаўсюду школьных кірмашоў”.

(Другая спадарыня: ) “Ня тое каб дорага – я нічога не магу яму падабраць. Нашая прамысловасьць працуе не найлепшым чынам. Тыя нагавіцы, якія шыюць, яны ня вельмі. Мы пахадзілі ды пайшлі ні з чым”.

Усе бацькі лічаць, што для сярэдняй сям’і сума ў 100-150 даляраў даволі вялікая. Калі ж улічыць, што сыстэма “бясплатнай” адукацыі патрабуе плаціць за падручнікі ды таксама “скідвацца” на розныя выдаткі, кшталту рамонту ці арганізацыі экскурсіяў, то й выходзіць – адукоўваць дзіця цяпер ва ўсіх адносінах нятанна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG