Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Сакавік” ў Валіі – як валіец закахаўся ў беларуску


Ганна Сурмач, Прага Новая перадача сэрыі “Беларускае замежжа”. Удзельнікі: Марына Язьневіч (Вялікая Брытанія, Уэльс), Марыя Міцкевіч (Менск).

Шмат гадоў супрацоўнічае з Уэльсам (па-беларуску, гэты край таксама называюць Валіяй) грамадзкае аб’яднаньне “Дзіцячы фонд духоўнага і культурнага адраджэньня “Сакавік”, які аснавала ўнучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч.

Апошнім часам гэтае супрацоўніцтва стала яшчэ больш шырокім, бо фонд займеў там свайго сталага прадстаўніка. Гэта намесьніца кіраўніка фонду Марына Язьневіч.

(Язьневіч: ) “Першы раз у Валію прыехала 10 гадоў таму. Мы прыехалі з Марыяй Міцкевіч з дзіцячымі праблемамі, дзесяць гадоў возім дзетак сюды на адпачынак”.

Раней спадарыня Марына вазіла беларускіх дзяцей на аздараўленьне ў Валію. Цяпер жа яна прымае іх там, як мясцовая жыхарка. Ужо другі год яна стала жыве ў заходнім Уэльсе, у мястэчку Гланэглі.

Адзін з жыхароў гэтага мястэчка Джон Джэймс Купэр аднойчы наведаў Беларусь і гэтая паездка сталася для яго лёсавызначальнай. Ён быў адным з кіроўцаў аўтамабіляў, што везьлі з Валіі гуманітарную дапамогу беларускім дзецям. У Беларусі іх сустракалі прадстаўнікі Фонду “Сакавік”.

(Язьневіч: ) “Яны прыехалі з канвоем гуманітарнай дапамогі – 6 машын, у Васілевічы, Гомельская вобласьць, там Васілевіцкі дзіцячы дом.

Ён першы раз прыехаў у Беларусь і першы раз з канвоем. Ён проста дапамагаў, ён ня быў зьвязаны раней з гэтым. Проста ягоныя сябры сказалі, што ім не хапае кіроўцаў для машынаў. Ён сказаў: "Добра". Яны для гэтага бяруць адпачынак з працы, плацяць свае грошы і едуць, ніхто ім грошай не дае.

Вось мы і сустракалі, бо мы арганізоўвалі гэты канвой – прыезд і культурную праграму для іх і ўсё астатняе.

Сустрэліся, і як ён потым гаварыў, што зь першага погляду – і ўсё”.

(Сурмач: ) “Як Вы ўспрынялі новае знаёмства?”

(Язьневіч: ) “Гэта быў ня першы наш канвой і я – на працы, я была вельмі занятая, павінна быць у роўных адносінах з усімі. Я ведаю гэтую краіну, мне там падабалася, але гэта не мая краіна, у мяне – Беларусь. Але, жыцьцё паказала – не, ты будзеш там жыць.

Потым яны вярнуліся дамоў. Ён пачаў тэлефанаваць. А мне было цікава, было нават сьмешна, мала ці што можа быць”.

(Сурмач: ) “І што было далей, неяк ён усё ж знайшоў дарогу да сэрца беларускай жанчыны?”

(Язьневіч: ) “Ён пачаў займацца дабрачыннай дзейнасьцю, каб яшчэ прыехаць. Потым мы прыехалі зь дзецьмі ў Лёндан. Ён прыехаў да нас у Лёндан, а потым ён павёз нас з Марыяй Міцкевіч ў Валію. І вось тады ён паказаў нам Валію абсалютна іншую, не такую, якую мы ведалі раней”.

(Сурмач: ) “А якую менавіта?”

(Язьневіч: ) “Гэта краіна, якая найбольш падобная да Беларусі. Тут падобная сытуацыя, як у Беларусі з Расеяй. Валія і Ангельшчына – праблемы з моваю. Напрыклад, ангельцы, каб зьнішчыць валійскую культуру сярод народу, забаранілі называць дзяцей валійскімі імёнамі. Але, людзі былі настолькі супраць – “не, мы валійцы!” І яны пачалі называць імёнамі зь Бібліі, у знак пратэсту, і цяпер сустракаюцца – Ісаак і іншыя біблейскія імёны.

І зараз можна пабачыць надпісы: "Свабоду Валіі!"

У Валіі вельмі папулярнае рэгбі, яны часам, напрыклад, жартуюць: “Мы падтрымліваем дзьве каманды – першая, канечне, валійская, а другая – гэта любая каманда, якая гуляе супраць ангельскай”.

Валійцы зьяўляюцца карэннымі жыхарамі Вялікай Брытаніі, дзяржаўныя межы іх княства былі вызначаныя яшчэ ў 8 стагодзьдзі.

Валія страціла сваю палітычную незалежнасьць у 16 стагодзьдзі. Цяпер гэта адна з частак Вялікай Брытаніі, якая носіць афіцыйную назву – Княства Ўэльс, там жыве 3 мільёны жыхароў.

Афіцыйная мова – ангельская, аднак валійская мова мае такія ж правы і ейны статус забясьпечваецца адмысловым Актам аб валійскай мове.

Але яшчэ на пачатку 20 стагодзьдзя яна была забароненая ў школах.

Аднак, муж спадарыні Марыны не валіец па паходжаньні, ён – ірляндзец. Жыве ў Валіі з 5-гадовага ўзросту. Бацькі ягоныя ў 1950-х гадох пераехалі туды з Ірляндыі.

(Язьневіч: ) “Ён па бацьках ірляндзец, а нарадзіўся ў Лёндане. Але настолькі ён падобны да нас, беларускага такога тыпу, шчырасьці такой. Ён павінен дапамагчы, ён павінен падставіць плячо, ён павінен дапамагаць і без усялякай падзякі.

Вельмі гасьцінны, вельмі, адразу сказаў, што, калі ласка, дом адкрыты для тваіх сяброў, што ён разумее, што вельмі цяжка”.

Калі спадарыня Марына пазнаёмілася з бацькам Джона, яна была зьдзіўленая тым, што пабачыла ў ягоным доме.

(Язьневіч: ) “Бацька жыве недалёка ад нас, у яго вялікая фэрма, маці ўжо памерла. Калі я першы раз прыйшла да іх у дом, у бацькі над фатэлем вялікае фота ў рамцы, вельмі прыгожае. І я бачу – нешта знаёмае. А на гэтым фота вялікі воз сена, на ім едзе чалавек, як у нашых вёсках, калі возяць сена. Я пытаюся: "Джон, што гэта?" Ён адказвае, што гэта зь Беларусі.

Ён калі першы раз прыяжджаў, зрабіў гэты фотаздымак і бацьку настолькі спадабалася, што ён сказаў: "Гэта, як у нашай Ірляндыі". Ён гэта павесіў якраз перад тым месцам, дзе ён звычайна сядзіць, гэты кавалачак Беларусі”.

(Сурмач: ) “Пэўна, што і Джону таксама спадабалася Беларусь?”

(Язьневіч: ) “Джон сказаў, што так, вельмі спадабаліся людзі. Ён казаў, што ў вас, канечне, вельмі бедна, у вас цяжкае жыцьцё, але людзі, адносіны паміж людзьмі, шчырасьць, гасьціннасьць вельмі падобныя, як у іх у Ірляндыі. Адукаванасьць народа высокая, вельмі шкада, што цяжкае жыцьцё.

Калі б была магчымасьць працаваць і мець грошы, як тут, ён мог бы жыць і працаваць у Беларусі”.

(Сурмач: ) “Дарэчы, а хто ён па прафэсіі?”

(Язьневіч: ) “Ён па адукацыі інжынэр, працуе на адным з найбуйнейшых сталеплавільных камбінатаў Вялікай Брытаніі. Вельмі заняты, вельмі працавіты. Цяпер ён займае пасаду інжынэр-мэнэджэр па кадрах.

У нас свой дом, дзялянка зямлі. Працы хапае. У адрозьненьне ад нашых мужчынаў, я ніколі ня бачыла яго на канапе з газэтай і перад тэлевізарам.

І ён кажа мне: "Ты так стамілася, я зараз есьці згатую". І пад час выходных я на кухні не стаю, бо ён кажа: "Ты працавала на тыдні, а зараз я тут буду".

(Сурмач: ) “Як зь ежаю, Вы ўжо навучыліся гатаваць стравы валійскай кухні?”

(Язьневіч: ) “Мне падабаецца наша кухня, беларуская, і я гэта трымаю. У нашай хаце наша кухня, наш уклад і ён абсалютна згодны. Часам ён жартуе: "Я разумею, чаму я цябе так кахаю з першага погляду. Ты вельмі смачна гатуеш беларускую ежу".”

Марына і Джон пабраліся шлюбам у мінулым сьнежні.

(Язьневіч: ) “Вясельле адбывалася ў Валіі. Шлюб быў на Каляды, па іхных звычаях.

Гэта ягоны другі шлюб і мой – другі, дык мы вырашылі, што зробім вельмі сьціпла. Але ўсё адно атрымалася, што прыйшло шмат гасьцей, каля 60 чалавек. Ён вядомы тут чалавек.

Наша вясельле было ў рэстарацыі, тосты, віншаваньні, пажаданьні.

Я казала, што калі магчыма, быць у царкве, каб не мяняць маю веру, то я згодная. Ён належыць да валійскай царквы, а я – праваслаўная. Ён сказаў, што гэта немагчыма, што ў іхнай царкве трэба мяняць веру, і я адмовілася. Былі толькі ў рэгістрацыйным офісе”.

(Сурмач: ) “Спадарыня Марына працавала ў Беларусі выкладчыцай матэматыкі, займалася грамадзкай працаю і, вядома, пасьля шлюбу з Джонам не захацела быць толькі хатняю гаспадыняю”.

(Язьневіч: ) “Калі я зьбіралася браць шлюб, мы з Марыяй Міцкевіч вырашылі, што я буду працягваць маю дабрачынную працу, але, ужо не з боку Беларусі. а з боку Валіі.

Калі я казала: "Так, я буду тваёй жонкаю", то я таксама сказала, што ён павінен зрабіць так, бо ён ведае, што я займалася дабрачыннай дапамогаю, каб я магла працягваць.

Ён сказаў: "Так". І ўсё так і сталася. Я сустрэла настолькі добрага чалавека, і жыцьцё гэта паказала, і першая сустрэча. Вельмі добры муж, вельмі разумее мяне, дапамагае мне.

Мой муж аказаўся маім памочнікам і зараз мне здаецца, што ўжо цяпер я – ягоная памочніца ў гэтай дзейнасьці, бо я ня ведаю добра іх законаў, што можна, чаго нельга, як лепей зрабіць, а Джон ведае ўсё гэта лепш”.

(Сурмач: ) “Вы стварылі новую структуру, ці працуеце зь нейкай мясцовай дабрачыннай арганізацыяй?”

(Язьневіч: ) “Джон якраз вось езьдзіў з гэтай арганізацыяй, яна ўжо існуе дзесяць гадоў, і мы працуем разам зь ёю. Гэта Валійскі чарнобыльскі фонд і мы зь імі працуем. Гэта зь іхнага боку, а зь беларускага, канечне, з Марыяй Міцкевіч супрацоўнічаем.

Нам ужо ўдалося зрабіць нешта. Зімой дзеці зь Беларусі былі ў школах валійскіх па адукацыйнай праграме, ад 14 да 16 гадоў, з ангельскай моваю. Знайшлі сем''і, у якіх дзеці ходзяць у школу і аднолькавага ўзросту, і нашы дзеці жылі ў гэтых сем''ях, хадзілі ў школу, а потым адпачынак – у выходныя і пасьля школы.

Мы жартавалі, што яны прыехалі, каб лепш вывучыць ангельскую мову, але, вывучалі валійскую мову, бо ў школах – валійская мова.

Я сама настаўніца, і таму мне цікава аказваць такую дапамогу дзецям. якія ўжо падрослыя, і я думаю. што мы будзем пашыраць менавіта гэтую праграму”.

(Сурмач: ) “Што яшчэ плянуеце рабіць апрача гэтай адукацыйнай праграмы?”

(Язьневіч: ) “Гэта наш першы праект – адукацыйная праграма, а другі – гэта летам ужо прыём меншых дзяцей на адпачынак, да 10-12 гадоў, з чарнобыльскай зоны і зь дзіцячых дамоў.

Сёлета ў нас з Васілевіцкага дзіцячага дому, з Брагіна і Брагінскага раёну – 10 дзяцей. Адпачынак вельмі добры, адносіны тутэйшых бацькоў да гэтых дзяцей такія, як да сваіх родных”.

(Сурмач: ) “А гуманітарная дапамога Беларусі рэчамі, лекамі, абсталяваньнем яшчэ працягваецца?”

(Язьневіч: ) “Гэты канвой будзе напрыканцы лета, і мы дапамагаем, зьбіраем рэчы, грошы, дапамагаем знайсьці кіроўцаў.

Мы сёлета баімся, гэты год – іншы, цяпер будзе толькі адна мяжа. Я часам не разумею, гэта ж дабрачынныя канвоі, і чаму вельмі цяжка праходзіць мяжу. Мне часам здаецца, што камэрцыйныя рэчы прасьцей увезьці ў Беларусь, чым гуманітарную дапамогу. Новыя законы і з кожным годам усё цяжэй”.

***

Мы зьвязаліся з кіраўніком Дзіцячага фонду “Сакавік” спадарыняй Марыяй Міцкевіч зь Менску. (Сурмач: ) “Спадарыня Марыя, ці стала вам працаваць лягчэй пасьля таго, як Фонд займеў свайго прадстаўніка ў Валіі?”

(Міцкевіч: ) “Безумоўна, сытуацыя зьмянілася да лепшага, бо самі жыхары Валіі ці Ангельшчыны, калі яны прыяжджаюць у Беларусь ці прымаюць дзяцей у сябе, яны ня ведаюць нашых умоваў, што патрэбна, якія рэчы трэба прывозіць, як аформіць груз, якія праблемы на мытні. Таму, маючы там прадстаўніка фонду, безумоўна лягчэй усё вырашаць, ёсьць магчымасьць з гэтымі пытаньнямі зьвяртацца да яе непасрэдна.

Дык з аднаго боку, лягчэй, а з другога боку – цяжка, бо тут не хапае працоўных рук”.

Вернемся да размовы з Марынай Язьневіч.

(Сурмач: ) “Спадарыня Марына, ці падтрымваеце вы нейкія кантакты з беларускай дыяспараю ў Вялікай Брытаніі?”

(Язьневіч: ) “Мы ўжо былі некалькі разоў у айца Аляксандра Надсана ў Лёндане, былі ў царкве на службе. Айцец Аляксандр паказаў нам бібліятэку і музэй. І цяпер мы былі на Купальле ў Лёндане”.

(Сурмач: ) “Сувязі з бацькаўшчынай у Вас таксама застаюцца?”

(Язьневіч: ) “У мяне моцныя сувязі зь Беларусьсю, кожны месяц у мяне нейкая справа ёсьць зь Беларусьсю. Я не парвала кантактаў, і мне часам падаецца, што нават больш шчыльныя сувязі сталі – праз інтэрнэт, лісты, тэлефанаваньне. Я не адчуваю, што я – на чужыне. Я толькі фізычна не ў Беларусі, а ўся душа, усё засталося там, жыву ў дзьвюх краінах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG