Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты ЭГУ зладзілі несанкцыянаваную акцыю пратэсту


Галіна Абакунчык, Менск Увечары 2 жніўня на Кастрычніцкай плошчы Менску, каля так званага “нулявога кілямэтра”, адбылася несанкцыянаваная акцыя студэнтаў Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту. Яны пратэстуюць супраць закрыцьця ЭГУ й пераводу студэнтаў у іншыя навучальныя установы. Рашэньне Міністэрства адукацыі пра ануляваньне ліцэнзіі ЭГУ яны лічаць незаконнымі й хочуць зьвярнуць на гэтую праблему ўвагу грамадзкасьці.

Акцыя пратэсту праходзіла ў выглядзе вулічных чытаньняў: то бок – некалькі дзесяткаў студэнтаў прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу з кнігамі, разгарнулі іх, селі на зямлю й пачалі чытаць.

Натуральна, што гэта прывабіла ўвагу мінакоў, пасажыраў гарадзкога транспарту, хоць надта вялікай колькасьці прысутных вулічныя чытаньні й не прыцягнулі.

Удзельнікі кажуць, што акцыя была выключна студэнцкай ініцыятывай, а таму тут не прысутнічалі выкладчыкі ды бацькі. Аднак вядома, што бацькі ў гэтыя хвіліны гэтаксама праводзілі сустрэчу ў будынку ЭГУ, каб выпрацаваць свой плян дзеяньняў у падтрымку студэнцкіх акцыяў.

Сёньняшнія чытаньні – акцыя несанкцыянаваная, а таму – досыць кароткая – яна распачалася а 17-й гадзіне й завяршылася літаральна празь некалькі 15 хвілінаў.

Ахоўнікі правапарадку прысутнічалі на акцыі, але нікога не затрымалі. Яны падыходзілі да студэнтаў, пыталіся што яны робяць і навошта, папярэджвалі пра незаконнасьць правядзеньня акцыі на Кастрычніцкай плошчы, але ніякага гвалту над пратэстоўцамі не ўчынялі. Дапамагла гэткая пазыцыя альбо не, і ці будуць міліцыянты гэткімі ж ляяльнымі й надалей – невядома, але студэнты ўвесь час падкрэсьліваюць, што дыстанцуюцца ад палітыкі, што іхныя акцыі мастацкія, культурніцкія й ні ў якім разе не палітычныя.

Як заявіла лідэрка студэнцкага самакіраваньня Маша Несьцерава, супраць гвалтоўнага закрыцьця ЭГУ студэнты будуць змагацца выключна эстэтычнымі сродкамі.

Менавіта з гэтай прычыны яны не прынялі прапанову навучэнцаў Беларускага ліцэю пра супольную акцыю пратэсту, заплянаваную на 5 жніўня, бо лічаць, што, нібыта, змаганьне ліцэістаў за сваю Alma Mater мае палітычнае адценьне.

Гэткім чынам, сёньняшнія вулічныя чытаньні студэнты прадоўжаць мастацкай акцыяй, якая адбудзецца каля будынку ЭГУ 5 жніўня.

***

Нагадаем, што вызваліць арэндаваны будынак да 5 жніўня ад кіраўніцтва Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту патрабуе Ўправа справамі прэзыдэнта. На падставе гэтага патрабаваньня Міністэрства адукацыі пазбавіла ВНУ ліцэнзіі на права адукацыйнай дзейнасьці. Перад гэтым міністар Аляксандр Радзькоў ва ўльтыматыўнай форме патрабаваў адстаўкі рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава. У падтрымку ЭГУ выступілі вядомыя палітычныя й грамадзкія дзеячы, а таксама міжнароднай унівэрсытэцкай супольнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG