Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цьвермы


Віталь Сямашка, Цьвермы Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”

Дакумэнтальна засьведчана: ад пачатку мінулага стагодзьдзя да нашых дзён на Лідчыне зьнікла 230 населеных пунктаў. У параўнаньні з тысячамі, якіх не стала гэтым часам па ўсёй Беларусі, лічба нібыта ня надта ўраджвае. Але менавіта ў тутэйшых мясьцінах найчасьцей многія вёскі ды засьценкі апыналіся на мяжы зьнікненьня ў выніку сумнеўных адміністрацыйных аб’яднаньняў ды гаспадарчых экспэрымэнтаў. Працэсы вельмі небясьпечныя, цьвердзіць акадэмік Іван Нікітчанка, які адсочвае іх здаўна.

(Нікітчанка: ) “На працягу гэтага году, максымум будучага, усё будзе раскрадзена, пяройдзе ва ўласныя рукі вэртыкальнікаў. Зямля застанецца без гаспадара, але ў горшым становішчы, чым дагэтуль, бо раскрадуць рэшткі матэрыяльна-тэхнічнай базы, якая яшчэ была…”

Спадар Нікітчанка будзе завочна суправаджаць нас у гэтай вандроўцы па выміраючых, як лічыцца, кропках былога калгасу імя Мічурына Лідзкага раёну. Але пра ўсё ў сваю чаргу.

(Голасз Варшавы: ) “Не забудземся на тых, хто жыве за межамі нашага краю і яшчэ ў горшай сытуацыі, чым мы ў нашай Айчыне — Польшчы. Паімкнемся зрабіць унёсак ахвярам катаклізмаў — моцай сваёй душы і грашыма…”

(Іншы голас: ) “Нам самае галоўнае, міленькі, адпачыць — хворыя, адзінокія. Памолімся — і во паляжаць…”

Гэтым нядзельным ранкам, як зазвычай, сёстры Ядвіга ды Юзэфа Гальманты, а таксама цётка Леанарда Міхалевіч (усім далёка за 70) сабраліся паслухаць ранішнюю імшу з Варшавы па старэнькай лямпавай “Sakte”. На гэтую хвалю радыёлу настроіў яшчэ нядаўна памерлы гаспадар — дзядзька Стась. Усяго ж тут, у Цьвермах і засталося сямёра гэткіх бабулек ды адзін малады небарака — бэйбус, як яго называюць, што днямі палюе на чарговую пляшку. Некалі тут у дваццаці хатах жыло за сотню чалавек, дый вёска была цэнтрам сельсавету. І — паломніцтва.

У 1935-м пры ўдзеле 1500 вернікаў і пілігрымаў была асьветленая Цьвермская капліца. Яна была пабудаваная над драўляным крыжом з выявай Хрыста бяз рук ды ног, з глыбокім парэзам ад шыі да сьцягна. Крыж стаяў аж ад першай паловы 18 стагодзьдзя побач з адзінокай сасной, якой нельга было кранаць. Дагэтуль вакол гэтага месца ходзяць легенды. 80-гадовая Разалія Янза згадвае:

(Янза: ) “Некалі жыў у вёсцы чалавек па прозьвішчу Жак. Ён той крыж прынёс дахаты ў сьвіран і за тую ноч асьлеп. І прысьніўся яму крыж: “Аднясі мяне назад, бо як мне цёмна зрабіў, так і табе цёмна”. Як ён аднес, дык і стаў відушчым. Ад тых часоў стаў крыж цудатворным”.

Што да капліцы, дык і тут існуе сваё паданьне. Аўгеньня Зімянкова прыяжджае ў вёску на сваім аўто — аўтобусы даўно ня ходзяць, нават указальніка мястэчка не засталося. А ўспаміны жывуць.

(Зімянкова: ) “Яшчэ ў 1812 годзе паранены афіцэр ляжаў пад дрэвам. І ён сказаў: калі застануся жывы, дык на гэтым месцы пастаўлю капліцу. Ён быў з напалеонаўскага войска. І ён ахвяраваў грошы. Як на фэст, прыяжджаў ксёндз, адпраўляў службы. І перашкодзіла яна камуністам тым, калгасам. І загадалі трактарыстам, накінулі дрот на крыж, але доўга не маглі разбурыць — бабы клаліся пад трактар, але разбурылі. Быў там фундамэнт, на ім чырвоныя ягады расьлі”.

Назоў Цьвермы паходзіць, кажуць, ад літоўскага “tverme” — захаванасьць, вытрыманасьць. Але вытрымаць сучасныя нястачы ня ў стане і сучасныя цьвермаўкі — памянёныя спадарыні Гальшаны, Міхалевіч ды Янза.

(Янза: ) “Я вэтэран працы, мне і мэдаль далі. Я на кароўніку працавала, дзялкі абрабляла, працавала вартаўніком, як адрабіла. Але такі дарагі ўжо газ, брыкет — на палову пэнсіі. Хай мне хоць палову бы скасавалі за маю працу!”

(Ядвіга: ) “У калгасе заробак слабы быў, цяпер і пэнсія слабая. Да ложку цягне ўміраць…”

(Леанарда: ) “А я не хачу паміраць! Я яшчэ сьвінчо трымаю, куры, каровы дзьве ў вёсцы, капустка, бурачкі, садзім бульбачку. Але адзін конь на цэлую вёску — і той мо збудзецца, хворы гаспадар…”

(Юзэфа: ) “Крамы няма. Каб хоць урач быў! Во ціск маю, галава баліць, ногі — куды дойдзеш! А ня купіш лекаў, хто іх табе выпіша?! Зімой, як завее, хлеб не даедзе. А брукаванка! Яшчэ ад польскага часу 50 гадоў нічога не мянялі”.

Да мяне ізноў падыходзіць спадарыня Зімянкова:

(Зімянкова: ) “Няма тут пэрспэктывы, бо вёску даядноўвалі то да аднога, то да другога калгасу. Фэрму разабралі, і стала непэрспэктыўнай гэтая вёска…”

На месцы былога калгасу імя Мічурына ў рамках так званага рэспубліканскага экспэрымэнту ў галіне аграпрамысловага комплексу год таму ўзьнікла ў выніку аб’яднаньня некалькіх гаспадарак прыватнае ўнітарнае акцыянэрнае прадпрыемства. У савет заснавальнікаў увайшлі прадстаўнікі былой калгаснай намэнклятуры. На думку прэзыдэнцкай вэртыкалі, гэткія ўтварэньні мусяць стаць узорам сацыяльна арыентаванага рынку на сяле. Зь першымі вынікамі я сутыкнуўся за некалькі кілямэтраў ад Цьвермаў — яшчэ ў адной выміраючай вёсцы Пашкі. Вось як жывецца пасьля новаўводзінаў 50-гадоваму Івану Даўляшэвічу ды ягонай жонцы Эвяліне:

(Даўляшэвіч: ) “Атрымліваецца, што сельсавет наш Мічурынскі ў Агародніках, пошта — у іншым сельсавеце, фэльчарска-акушэрскі пункт адсюль 8 кілямэтраў празь лес — мы і ня бачылі пяць гадоў тую ўрачыху. Зімой я працую без утрыманьня. Проста дарогі ўзімку не відаць. Хлеб па два тыдні не прывозяць. Даходзіць да таго, што ў сельсавету няма паліва, каб прачысьціць дарогу. Я ўзяў 50 сотак у мінулым годзе — трактара дадуць, калі ёсьць вольны час. Безь зямлі мы ня будзем жыць тут”.

Час для высноваў член-карэспандэнта Акадэміі Навук Беларусі Івана Мікалаевіча Нікітчанкі:

(Нікітчанка: ) “Відавочна, што вэртыкаль зрабіла легальнай магчымасьць забраць рэшткі маёмасьці, што засталася ў гаспадарках. Заснавальнікамі гэтых акцыянэрных таварыстваў зьяўляюцца новыя паны. І яны нічога ня будуць рабіць для падняцьця гаспадарак. Яны атрымалі юрыдычную базу для раскраданьня. А адказнасьці няма ніякай”.

(Карэспандэнт: ) “Можна гаварыць, што калгасьнікі ў гэтай схеме ператвараюцца ў новых парабкаў?”

(Нікітчанка: ) “Яны ператвараюцца ў бяспраўных рабоў. Таму што ёсьць Закон аб акцыянэрных таварыствах, паводле якога на іх законы аб сацыяльнай абароне не працуюць. Новыя гаспадары адказнасьці за гэтую сфэру не нясуць ніякай, і дзяржава не нясе. У іх канчаткова разьвязваюцца рукі — так, як нідзе не было ў сьвеце!”

* * *

Мы ў засьценку Плясавічы. Дзесяць гадоў таму тут было дваццаць падворкаў, цяпер засталося тры. З бальшака збочваем да адзінокай старэнькай хаткі. Сенцы зачыненыя. Тым ня менш, унутры рухаецца нейкая постаць. Адкрываецца вузенькае, нібы шчыліна, акенца, празь якое і адбываецца нашая размова са спадарыняй Ганнай Марцэвіч:

(Карэспандэнт: ) “А былі бандыты?”

(Ганна: ) “Там, дзе ніхто не жыве, улазяць і забіраюць памідоры, гуркі. Баюся адчыняць абы-каму… Тэлефону няма. Трымала яшчэ ў мінулым годзе парася, але мех мукі 10 тысяч, вотрубі — 5. Дарагавата, праўда? Цяпер пяць курэй усяго, прападаюць. Каля дарогі крадуць, ліса, мабыць…”

Гаспадыня, між іншым, увесь час у зімовай вопратцы.

(Ганна: ) “Хатка 100 гадоў, як будавалі. А дровы — абрэзкі купляем, у лесе падбіраем, дзе нягоднае. Зімою халодна…”

Даведаўшыся, адкуль заезны госьць, спадарыня Ганна раптам дзівіць мяне патрабаваньнем паказаць пасьведчаньне. І кажа, што чула Радыё Свабода. Аказваецца, хвалі “Свабоды” — адзіны для яе сродак сувязі са зьнешнім сьветам, праз старэнькі “Вэф”.

Побач з выміраючымі Пашкамі ў кінутых калгасных хлявах узьнікла прыватная сьвінафэрма на паўсотні галоваў. Я знайшоў яе па абарваным сьцяжку футбольнага клюбу “Барусія”, што годна ўецца над лычамі сьвіньняў і відаць здалёк. Гаспадар жыве ў Лідзе. У наймітах на фэрме звычайна тры чалавекі. Валодзя Ярмаш ды Віктар Піўга мясцовыя, Алег Бураў зь Ліды. Задаволеныя — зарабляюць кожны пяць тысяч на дзень.

(Галасы: ) “Мне прайсьці 5 кэмэ… А мяне возіць у Ліду, калі пажадаю. Калі ў сьвінаматкі парася, застаемся. А так, якая праца — карміць, паіць…”

(Карэспандэнт: ) “Праца на фэрмэра выгаднейшая, чым у калгасе?”

(Галасы: ) “Канечне, выгаднейшая. І грошаў болей заробіш, і гаспадар ня крыўдзіць. Кармёжка бясплатная, “чыстымі” атрымліваем усё… Паглядзім, як карта ляжа. Кожны месяц якіясьці новыя законы. Што лепей зьявіцца — і ў новае месца можна…”

Я ж пад’яджаю да Сангайлаў. Яшчэ пяць гадоў таму тут жылі 17 жыхароў у трынаццаці хатах. Цяпер застаўся толькі 50-гадовы Эдмусь Карачун. Да камуністамі ягонае сямейства мела 23 гектары зямлі і было найбагацейшае ў вёсцы. На пытаньне, ці ня цяжка адному, спадар Эдмусь распавядае:

(Карачун: ) “Узімку на кані, летам на мапэдзе”.

(Карэспандэнт: ) “Вы ў Сангайлах апошні з магіканаў?”

(Карачун: ) “Выходзіць, так. Зямлі бяры колькі хочаш, зарастае, не апрацоўваецца”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму бы ў фэрмэры не пайсьці?”

(Карачун: ) “Цяжка адному. У мяне была і карова, і сьвіньняў шасьцёра, цяпер конік, куры, гарод здаровы — на жыцьцё хапае”.

(Карэспандэнт: ) “А яшчэ б пару-тройку такіх аптымістаў, як вы — што бы зрабілі?”

(Карачун: ) “А, не, у калгас ня пойду. Калектыўнае ёсьць калектыўнае. Прыватнік ведае: што зрабіў — ягонае”.

Ізноў да размовы з акадэмікам Нікітчанкам. Іван Мікалаевіч напачатку 1990-х падымаў фэрмэрскі рух у рэспубліцы.

(Нікітчанка: ) “Мы правялі тады апытаньне, каб высьветліць, колькі жадаючых узяць зямлю. Мы атрымалі сьпіс каля 300 тысяч чалавек. Але для гэтага патрабаваліся тры кардынальныя рашэньні. Па-першае, трэба было прызнаць права ўласнасьці на зямлю.Трэба аддаць зямлю людзям — і аддаць бясплатна. Тады вырашаецца наступная праблема — фінансаваньня. Зямля становіцца закладнай маёмасьцю, пад якую фэрмэр можа ўзяць крэдыт — не пад 28%, як цяпер, а пад 6% — як за мяжой. А як зрабіць крэдытныя банкі? Проста! Тыя грошы, якія сёньня кідаюцца ў гэныя акцыянэрныя таварыствы і якія будуць раскрадзеныя, даць у крэдытны банк”.

(Карэспандэнт: ) “У якой ступені ў зьвязку з гэтым нявыгадна ўладзе існаваньне фэрмэрскай клясы і чаму?”

(Нікітчанка: ) “Таму што ўладальніку ня трэба камандаваць: сей тое, пашы тады і гэтак далей. Ён будзе ведаць што сеяць, каб у яго купілі, каму прадаць — ці перапрацоўнікам, ці ў Расею. Гэта яго права. Улада тут не патрэбная”.

З апошнім сангайлаўцам Эдмусем Карачуном я разьвітваюся пад гасьцінны кубак бярозавага соку:

(Карачун: ) “Я люблю пакавырацца ў зямлі. У мяне ж кватэра была, а я ня мог у шпакоўні сядзець. На балькон, у ложак і на ТВ! Па зямлі паходзіш — і лепей адчуваеш. Лес вакол, птушкі сьпяваюць. Цішыня! Увечары выйдзеш, дык наогул… Сам сабе гаспадар. Я тут нарадзіўся, тут і закончу. І не шкадую, што вярнуўся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG