Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі павінен неўзабаве зьявіцца трэці апэратар сотавай сувязі стандарту GSM


Юлія Шарова, Менск Міністэрства сувязі абвясьціла тэндэр на атрыманьне ліцэнзіі для трэцяга апэратара сотавай сувязі стандарту GSM. Выстаўлены й шэраг умоваў, пры якіх гэтую ліцэнзію можна атрымаць. Кампанія, якая захоча прыйсьці на беларускі рынак сотавай сувязі, вымушаная будзе ўзяць на сябе значна больш абавязкаў, чым у свой час два ейныя канкурэнты.

Адной з абавязковых умоваў для новага апэратара стане стварэньне камэрцыйнай арганізацыі зь дзяржаўным унітарным прадпрыемствам “Менская гарадзкая тэлефонная сетка”, пры гэтым апошняе павінна мець ня менш за 51 адсотак у статутным фондзе. Раней паведамлялася, што Міністэрства сувязі вызначыла й кошт ліцэнзіі – 5 мільёнаў даляраў, а тэрмін дзеяньня ліцэнзіі – пяць гадоў. Усяго ж у гэты праект давядзецца інвэставаць да 150 мільёнаў даляраў, так мяркуюць у аб’яднаньні “Белтэлекам”, іначай рынак будзе цяжка заваяваць.

У міністэрстве сувязі таксама лічаць, што новая сетка павінна стварацца больш імкліва, чым гэта было ў двух папярэдніх выпадках – з Вэлкомам і МТС. Міністар Уладзімер Ганчарэнка нядаўна заяўляў пра тое, што яшчэ да пачатку працы новы апэратар павінен разгарнуць сетку, якая б пакрывала 60-70 адсоткаў тэрыторыі краіны.

Пакуль невядома, якая кампанія мае найбольшую зацікаўленасьць у тым, каб атрымаць ліцэнзію апэратара GSM. Раней хадзілі такія чуткі, быццам трэцім апэратарам сотавай сувязі гэтага стандарту стане само аб’яднаньне “Белтэлекам”, але ж прадстаўнікі арганізацыі гэтыя чуткі абверглі. Гэта павінна быць замежная кампанія, якая мае дастаткова сродкаў, каб інвэставаць іх у такі буйны праект. Кіраўнік “Белтэлекама” Мікалай Крукоўскі заяўляў таксама, пра вялікую зацікаўленасьць з боку шматлікіх замежных кампаніяў. Але якія кампаніі выявілі ахвоту ўдзельнічаць у тэндэры, ён не казаў.

Звычайна зьяўленьне новага апэратара на рынку сотавай сувязі спрыяе зьніжэньню коштаў на паслугі. Аднак на Беларусі рэзкага зьніжэньня тарыфаў на паслугі сотавай сувязі пасьля прыходу яшчэ аднаго апэратара адмыслоўцы не прагназуюць. На думку прадстаўнікоў “Белтэлекама”, апэратары пралічаць з улікам узроўню рэнтабэльнасьці мінімальны коштавы парог, ніжэй за які ніводны зь іх цану не апусьціць. Сапраўды, Беларусь ня самая багатая краіна, і кампаніі, што аказваюць паслугі сотавай сувязі ня могуць разьлічваць тут на высокі прыбытак, калі будуць увесь час зьніжаць тарыфы.

У той жа час дзяржава сама робіць спробы гэтыя кошты зьнізіць. Усё той жа “Белтэлекам” разаслаў усім апэратарам сотавай сувязі лісты з прапановай зьнізіць тарыфы на міжсеткавыя размовы. На сёньняшні дзень унутры сеткі “Дыялёг” (кампанія “Белсел”, якая не зьяўляецца апэратарам стандарту GSM) званкі бясплатныя, у Вэлкама і МТС тарыфы на размовы ўнутры сеткі нязначныя. Затое для таго, каб пазваніць на тэлефон, далучаны да іншай сеткі, даводзіцца плаціць даволі значныя грошы. Ці прыслухаюцца апэратары да гэтай прапановы, невядома, аднак ва ўмовах росту канкурэнцыі на рынку ім усё ж давядзецца зрабіць тарыфы больш гнуткімі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG