У старой хаце Васіля Быкава, на месцы якой сёньня адбудаваная новая, ніхто ня жыў з 1976 году. І хаця яшчэ пры жыцьці пісьменьніка Віцебскае таварыства аховы помнікаў зьвярталася з прапановаю занесьці гэтую сядзібу ў вёсцы Бычкі ў сьпіс дзяржаўных каштоўнасьцяў ды стварыць там музэй, здарылася гэта толькі цяпер. Толькі цяпер Віцебскія абласныя ды Вушацкія раённая ўлады выдаткавалі на гэта 80 мільёнаў рублёў.
Каб пасьпець з адкрыцьцём музэю да 80-х угодкаў пісьменьніка, старую хату давялося тэрмінова зьнесьці, а на ейным месцы узьвесьці новую, адбудаваную паводле аўтэнтычнага праекту. Бо 27-га красавіка гэтага году сядзіба Быкавых занесеная ў пералік помнікаў гісторыі ды культуры, якія мусіць ахоўваць дзяржава. З аднаго боку, гэта здарылася вельмі своечасова, бо абласны камітэт па архітэктуры зьбіраўся ўжо пабудаваць на месцы роднай хаты пісьменьніка стылізаваны дамок пад чырвонай дахоўкай ды з плястыкавымі вокнамі. А з другога боку, аднаўленьне хаты пісьменьніка ў аўтэнтычным выглядзе запатрабавала нашмат болей часу, і таму экспазыцыя музэю, як сёньня адчыніўся, выглядае даволі сьціпла. Распавядае Вольга Карчэўская, супрацоўніца Вушацкага райвыканкаму.
(Карчэўская: ) “Цяпер гэта толькі інтэр’ер тае хаты, дзе Васіль Быкаў нарадзіўся – мэбля, начыньне… У нас было прынятае рашэньне раённага савету і, як вы самі разумееце, пабудаваць гэта ўсё да чэрвеня было цяжка. А літаратурную экспазыцыю будзе рыхтаваць наш Вушацкі музэй цягам году”.
На сёньняшняе адкрыцьцё зьехалася вельмі шмат людзей. З бліжэйшых вёсак людзі дабіраліся на конях, на роварах. Але з адкрыцьцём запазьніліся амаль на паўгадзіны – чакалі прадстаўнікоў абласных уладаў. І нават пераразаць чырвоную стужачку даверылі не сястры Васіля Быкава, Валянціне Ўладзімераўне, як было запісана ў першапачатковым сцэнары, а намесьніку старшыні аблвыканкаму Пятру Южыку разам са старшынём Вушацкага райвыканкаму Канстанцінам Пачэпкам.
Сёньня ў Бычках было вельмі людна. А потым эпіцэнтар сьвяткаваньня перамясьціўся ў Вушачы, дзе ў раённым доме культуры адбылося ўрачыстае пасяджэньне з нагоды 80-х угодкаў пісьменьніка-земляка.
Быкаўскі музэй, праўда, неўзабаве зачыняць ізноў, бо драўляныя пабудовы цяпер належыць апрацаваць хімікатамі ад кузурак-шкоднікаў. Усе дужа сьпяшаліся адчыніць яго да канкрэтнае даты, і гэтага зрабіць не пасьпелі. Так што стала ён будзе адчынены толькі тыдні праз два. Дырэктар Вушацкага музэю народнае славы Мікалай Кірпіч увогуле прадбачыць пэўныя праблемы з працай новай музэйнай філіі ў Бычках.
(Кірпіч: ) “Гэта будзе нашай філіяй – на шчасьце і на жаль. На шчасьце таму, што гэта музэй Быкаўскі, а на жаль –кажу вам як гаспадарнік – таму што ад Вушачаў ён недзе за 30-35 кілямэтраў. Жыцьцё пакажа, як там будзе. Турыстычны маршрут для школьнікаў адкрылі. Я думаю, што і ў Бычкі іх будуць завозіць. Спадзяюся, што жыцьцё зробіць свае высновы, і ўсё будзе ў парадку”.
Але вяскоўцы – землякі Васіля Быкава – пэўныя, што вялікіх праблемаў з наведнікамі ня будзе. Галоўнае, што музэй адчыніўся. Учора, да прыкладу, сюды прыяжджаў вядомы паэт Рыгор Барадулін з жонкаю, заўтра мяркуюць прыехаць актывісты ТБМ зь Віцебску.
Майстар брыгады будаўнікоў Віктар Фокін, пад наглядам якога музэй будаваўся, кажа, што нават у той час, як ішло будаўніцтва, сюды ўвесь час ішлі ды прыяжджалі людзі.
(Фокін: ) “Вы вось пабудзьце трохі даўжэй ды самі пабачыце: прыедуць і яшчэ. Хто на ровары, хто на машыне, прыходзяць сюды, паглядзяць… Кветкі Быкаву клалі проста вось сюды, на печку. Вы думаеце, так гэта ўсё?”
Музэй-сядзіба Васіля Быкава на ягонай малой радзіме чакае новых наведнікаў.