Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыватны дзёньнік: Ціна Палынская


Ціна Палынская, Менск Асабістыя запісы мінулага тыдня прадстаўляе Ціна Палынская, якая жыве ў Менску ды працуе ўласнай карэспандэнткай “Белорусской деловой газеты” ва Ўкраіне.

5 чэрвеня, субота

Сябра, сьветлагорскі мясцовы такі сабе актывіст, канчаткова вырашыў пагуляцца ў будучыя (ледзь не напісала — майбутныя, вось што робіць зь людзямі дзьвюхмоўе!) парлямэнцкія выбары. Напярэдадні заехаў параіцца. Распавёў, што будзе балятавацца незалежным кандыдатам, бо ня здолеў дамовіцца зь Вінцуком Вячоркам наконт уключэньня сваёй пэрсоны ў кааліцыю “Пяцёрка плюс”. Вячорка заспрачаўся — маўляў, і так Фронт вылучае ў кааліцыйным сьпісе няшмат сваіх, а тут яшчэ мой Алеська прапаноўвае сябе замест кіраўнічкі сьветлагорскай суполкі БНФ.

Сябра пайшоў, а я пачала думаць пра тое, што так званую беларускую справу зруйнавалі заклікі да аб’яднаньня. Цяпер, можа, і падаецца, што распаўсюджваюцца яны толькі на палітыкаў, але ж паняцьця “аўтаномнага беларуса” ў нас так пакуль і няма. Такога аўтаномнага беларуса, які не здагадвацца пра існаваньне гурта “NRМ” і кніжок Адама Глёбуса, не адразу прыгадае, хто такія Сымон Будны ды Сымон-музыка, ды ніякім чынам не зьбіраецца ні на “Басовішча”, ні на Аршанскую бітву. І ўвогуле — аддае перавагу забітай смачным лядоўні, сэксу з жонкай зранку ды вечаровым пасядзелкам зь сябрамі пад гукі францускага шансону. Але размаўляе пры гэтым па-беларуску, а свае пытаньні на працы ды ў бізнэсе вырашае, зыходзячы з таго, што “ў нас у Беларусі…”, а не “вось у нармальнай краіне…” Я намалявала вам партрэт стоадсоткавага амэрыканца? Ну дык і чаму тады столькі беларусаў імкнуліся заўсёды ў Амэрыку?

Увогуле, беларусаў, у сэнсе — “нашых”, нельга зьбіраць у кучу, каб ня кідалася ў вочы, што іх няшмат. Калі яны не ідуць на мітынгі й ня шчэмяцца на творчыя акцыі, увогуле, не імкнуцца кантактаваць паміж сабой, складаецца ўражаньне, што яны насяляюць цэлую краіну.

6 чэрвеня, нядзеля

Зранку сябра вязе нас з мужам у Сьветлагорск. Блукаем па ранішнім горадзе. Горад нібыта прарублены ў лесе: у дварох сосны заместа каштанаў ды клёнікаў. Адпачываю ад нялюбага Менску. Нялюбага, як і сучасная беларуская музыка. Не, нікуды я зьяжджаць не зьбіраюся, проста ёсьць іншыя гарады, у якія я заўсёды імкнуся скарыстаць магчымасьць патрапіць.

На Бярэзіну можна глядзець гадзінамі. Густая, як малако, зялёная вада, па ёй плыве тапалёвых пух. Купляем крабавыя палачкі і кормім рыбак.

На беразе — вялікі касьцёл. Пабудаваны, мабыць, самае большае, гадоў дзесяць таму. Уваходзім. Ля ксяндза тры… ну ня ведаю, як сказаць, манахіні-не манахіні, — жанчыны, апранутыя так, як манахіні. Сьпяваюць псальмы. Па-беларуску. Вечаровае сонца зьверху залівае агромністую залю. Асабліва кідаецца ў вочы, што апрача сьпявачак у залі ёсьць яшчэ адна дзяўчына. Яна сядзіць асобна, у яе на твары няма ніякага незвычайнага адбітку адданасьці веры. Проста ўвечары, калі ўся гарадзкая моладзь гуляе па наберажнай ды ля “Званочку” (папулярная мясцовая кавярня), дзяўчына прыйшла на набажэнства.

Зьдзіўляе, што казань кажацца па-расейску. Кабеты па-беларуску сьпяваюць псальмы, але прамаўляе ксёндз па-расейску. Раней на гэтай мове мы ніколі ня чулі імшы. Ля дзьвярэй расклад: тры імшы на тыдзень па-беларуску, дзьве — па-польску.

7 чэрвеня, панядзелак

Цяжкі дзень для мясцовай апазыцыі. Гарадзкое начальства нахабна і, вядома ж, незаконна адабрала памяшканьне ў агенцтва рэгіянальнага разьвіцьця “Палард”. Гэты генэратар мясцовага супраціву стварыў наш Алесь, ён тут проста чырвоная ануча для быка, мэра Папругі.

Увечары ўдвух вырашаем пайсьці ў кіно. Правінцыйныя кінатэатры, у камандзіроўках, — мая схільнасьць. Толькі ў напаўпустым маленькім зальчыку і можна па-сапраўднаму паглядзець кіно. Ідзем на “Барвовыя рэкі” — містыка з стралялкай ды Жанам Рэно. Дзяўчына, што гандлюе квіткамі, ня можа даць рэшты зь дзесяці тысячаў, выпраўляе памяняць грошы ў шапік, дзе можна браць на пракат відэакасэты. Вяртаемся, усё роўна не атрымліваецца, дорым ёй дзьвесьце рублёў. Усьлед за намі яна забягае ў залю зь нечаканым імпэтам і натхнёна крычыць уверх, да акенцаў кінамэханіка: “Іванавіч, умыкай! Людзі!” Яна шчасьлівая. Мы задаволеныя.

8 чэрвеня, аўторак

Зранку, выйшаўшы з гатэлю папіць кавы ля міні-кавярні, перажываем прыгоду. Увогуле, тут папраўдзе, каб набыць “дозу”, дастаткова ўвечары пастаяць на набярэжнай, ля “Званочку” ці “Івушкі”, у позе чалавека, якому няма чаго рабіць ды няма куда сьпяшацца… Мы сядаем за столік, узяўшы каву ды піражкі з рысам. За суседнім столікам аднаўляюць свае сілы півам дзьве немаладыя (ці проста моцна стомленыя?) гатэльныя прастытуткі. Адна голасна пытаецца ў буфэтчыцы — куды падзелася плястыкавая мэбля, за кожным з чатырох столікаў засталося добра калі па два крэслы. Буфэтчыца рэагуе нечакана: выскоквае з шапіка ды пачынае голасна скардзіцца дзяўчатам. Учора, маўляў, наркаманы пакралі крэслы. Мы душымся сьмехам ды піражкамі, пасьля прыходзім на “Палард”, які пакуль ня выселілі, і распавядаем — маўляў, пакуль вы тут дбаеце пра рэгіянальнае разьвіцьцё, наркаманы пакралі крэслы. Мяркую, хохмы гэтай нам хопіць надоўга. Цяпер ледзь што, ваду гарачую выключылі ці няма сілаў займацца дурной працай — глядзім адно аднаму ў вочы да кажам з рогатам па-расейску: “Наркоманы покрали стулья!!!”

…З Алесем мы пасябравалі гадоў сем таму падчас вандровак аўтастопам. Цяпер у яго сярэдняга шыку “Аўды”, і ён, едучы, людзей, што ўздымаюць руку ў закліку спыніцца, падбірае заўжды. За Бабруйскам мы таксама бачым чалавека. Хлапец гадоў дваццаці адчыняе дзьверцы. “Часам не да Менску?” — так і пытаецца. Мы шалеем. Даўгавалосы, з рукамі ў “феньках”, плюхаецца сзаду побач з мужам. Сьпіной адчуваю, як карціць яму пачаць размову — гэта ж трэба, спынілася машына з трыма беларускамоўнымі! Мы труцім яго музыкай: спачатку чэскім фолкам (Алесь ня памятае, як называецца гурт, хаця тройчы быў у Празе на клюбных канцэртах), украінскім Тарасам Чубаём з “Нашымі партызанамі”, “Начнымі снайперамі”. Хлапца завуць Ярэк, у яго дзьве рок-банды, у Бабруйску і тут. Яраслаў Станіславіч. Я сказала, што зьбіраемся стопам схадзіць у Карэлію. Мела на ўвазе — з мужам.

Калі спыняемся, Ярэк не сьпяшаецца выходзіць з машыны. Ён кажа, што хоча разам са мной паехаць у Карэлію. Просіць мой тэлефон. Пішу яму нумар пэйджэра, ён дае мне свой. Яшчэ толькі падыходзім да дому, як пэйджэр пачынае пішчаць. “Ты мне спадабалася”. Напісана па-беларуску. Ярэк “пішчыць” мне на пэйджар яшчэ тры дні. Піша прыемнасьці ды прызначае спатканьні ў тусовачных месцах. Пасьля, нарэшце, перастае, бо я не адказваю, і мне робіцца сумна. Трэба было адразу напалохаць яго сваім узростам, бо прыняў жа за маладую.

9 чэрвеня, серада

Зранку трымаем у галаве, што ўвечары пойдзем у людзі — на вечарыну Адама Глёбуса. Даў запрашальнікі.

Уважліва ўсіх разглядаю ды пачынаю злавацца. Вельмі шмат кабет з тварамі, да якіх можна прыкласьці азначэньне “багемны”. Маўляў, “я вам ня простая, я цікавая!” Амаль ва ўсіх вельмі вульгарныя строі, мяне раздратавала празрыстая ружовая спадніца з ружовымі спартовымі штонікамі пад ёй. Шмат кідкага макіяжу ды энэргічнага жэстыкуляваньня. Хлапцы з “Навінак” прапаноўваюць пакаштаваць гарэлкі, пералітай у пакет з-пад апэльсінавага соку. Адмаўляемся, бо ўвечары трэба яшчэ папрацаваць.

У залі даводзіцца трохі папсаваць нэрвы. Мы ня можам зразумець, чаму народ таўчэцца перад зачыненымі дзьвярыма, ля якіх — ланцуг хлапцоў з Партыі Свабоды. Хлопцы-ахоўнікі вырашылі, што людзей ў залі досыць, нават некаторыя стаяць у праходзе, таму болей нікога пускаць ня трэба. Я лыпаю вачыма: хто, урэшце, нас запрасіў, Глёбус ці Сяржук Высоцкі? Даводзіцца клікаць апошняга ды даводзіць сваю вартаснасьць праваму лідэру. Добра, што Глёбусава “Божа, забяры маё жыцьцё…” неяк усё выраўноўвае.

10 чэрвеня, чацьвер

Правяраю па звычцы паштовую скрыню. Лісты прыходзяць цяпер, апрача як ад маці, часьцей толькі з Швайцарыі. Туды перабраліся дзьве сям’і сяброў. Апошнім часам у іх зьявілася нейкая дурнота ў лістах — яны нібы спрабуюць патлумачыць мне, чаму яны туды зьехалі. Пытаньне пра эміграцыю, падаецца, мусіць быць гэткім жа непрыстойным, як “габрэйскае” ці пра сэксуальную арыентацыю. Ці пра веравызнаньне. Мяркую, калі б мая сяброўка замест швайцарскай вёскі Ватэнвіль зьехала ў беларускую вёску Скрыбаўцы, наўрад ці знайшоўся б які вар’ят, здольны дакараць яе ў тым, што яна пакінула Менск — асноўны “тэатар баявых дзеяньняў”.

Самая ўтульная ды добраўладкаваная краіна падасца рэзэрвацыяй, калі нейкая купка людзей пачне казаць, што зьяжджаць зь яе непатрыятычна ды несумленна. Можа, я кажу так таму, што ў дзяцінстве вельмі любіла кніжкі Аляксандра Грына ды Жуля Вэрна, героі якіх заўсёды імкнуліся абысьці сьвет ды памачыць ногі ў недасяжным акіяне. Цяпер мае Эла ды Наташа сваімі лістамі пашыраюць тэрытарыяльнасьць майго досьведу. А сяброўка Аля кажа, што на яе пачалі касавурыцца сябры, бо яна ня супраць павучыцца колькі гадоў за мяжой. Маўляў, ня вернецца, аб’еўшыся замежных цукерак. Я дакладна ведаю, што вернецца, а нават калі ня вернецца — дык што?

Сустракаю мастака Пушкіна, ён кажа, што не падасьць рукі паэту Адамовічу, калі таго ўсё ж выпруць з Нарвэгіі. Перасмыкаю плячыма. Мне цікавы Адамовіч. І будзе яшчэ цікавейшы, калі вернецца. Ці проста прыедзе пагасьціць. Мяркую, яму будзе пра што распавесьці, павінна ж быць у яго там яшчэ і нармальнае жыцьцё, апрача таго экстрыму, які ён пераказвае нам моваю “Нашай Нівы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG