Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія і беларускія аналітыкі па-рознаму камэнтуюць падпісаньне кантракту з “Газпромам”


Юлія Шарова, Менск Беларускія і расейскія аналітыкі па-рознаму камэнтуюць учорашняе падпісаньне кантракту паміж “Белтрансгазам” і “Газпромам” пра дастаўкі прыроднага газу ў 2004 годзе. На думку беларусаў, гэты кантракт ня ёсьць узаемавыгадным для абодвух бакоў. Але расейскія экспэрты лічаць, што такі варыянт кантракту ўсё ж ёсьць кампрамісам.

Цяпер расейская газавая манаполія будзе прадаваць Беларусі паліва па камэрцыйных коштах — амаль 47 даляраў за тысячу кубамэтраў. Але ж транзытная стаўка складзе толькі 75 цэнтаў замест 1 даляра, на што разьлічваў беларускі бок. На думку старшыні аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леаніда Заікі, Беларусь прайграла, падпісаўшы такі кантракт.

(Заіка: ) “Гэта рэалізацыя расейскага эканамічнага эгаізму, нацыянальных інтарэсаў. Гэта ніякі не кампраміс. Расея папросту нармальна выстаўляе свае патрабаваньні ў справе продажу рэсурсаў. Па энэргарэсурсах ніякіх ілюзіяў не павінна быць. Наогул, нам трэба плаціць да 90 даляраў, прывучаць нашых спажыўцоў. Праблемы ніякай няма. Яшчэ тады, восеньню, Беларусь магла нармальна для сябе прыняць рашэньне пра тое, што трэба плаціць па 50 даляраў за газ”.

Начальнік аналітычнага дэпартамэнту расейскай інвэстыцыйнай кампаніі “Праспэкт” Натальля Адзінцова, наадварот, называе гэты кантракт кампрамісам для Беларусі, асабліва ўлічваючы тое, як доўга цягнуліся перамовы з “Газпромам”. Вялікім плюсам можна назваць падвышэньне тарыфнай стаўкі, лічыць спадарыня Адзінцова. Да таго ж, цяпер Беларусь застрахаваная ад новай газавай атакі: паколькі кантракт ёсьць, то цяпер адлучэньня падачы газу ня будзе.

(Адзінцова: ) “Так, гэта, несумненна, кампрамісны варыянт. Расея крыху болей выйграла ад такога кампрамісу, але, шчыра кажучы, гэта не сюрпрыз для рынку, бо для Беларусі няма іншых альтэрнатыўных крыніцаў, якія б сапраўды служылі значнай альтэрнатывай”.

Учора прэм’ер беларускага ўраду Сяргей Сідорскі заявіў пра тое, што тыя ўмовы паставак газу, якія прынятыя сёлета, будуць грунтам для кантрактаў на 2005 год. Натальля Адзінцова мяркуе, што насамрэч сытуацыя можа зьмяніцца. Шмат што будзе залежаць ад эканамічнай і палітычнай абстаноўкі ў Беларусі ды ад волі самога “Газпрому”. Нельга забывацца і на тое, што Расея неўзабаве ўвойдзе ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю, і тады кошты на ейныя энэрганосьбіты зьменяцца.

Аглядальніца тыднёвіка “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак лічыць, што ў наступным годзе кошты на прыродны газ для Беларусі сапраўды могуць падвысіцца.

(Манёнак: ) “Мне падаецца, гэта таксама будзе ўжо ўмовай для будучага гандлю. І пра стварэньне сумеснага прадпрыемства на прымальных для расейскага боку ўмовах, і нейкія палітычныя ўмовы будуць выстаўляцца: наконт увядзеньня адзінай валюты, наконт канстытуцыйнага акту. Вось гэта ўжо будзе наступны крок, напэўна, для таго, каб пагандлявацца. Тым больш, што ў Расеі будуць таксама кошты на газ павялічвацца. Таму вельмі цяжка разьлічваць, што гэта будуць нейкія стабільныя цэны і стабільныя ўмовы”.

Падпісаны кантракт спадарыня Манёнак лічыць выгадным найперш Расеі. Беларускі бок да апошняга імкнуўся давесьці, што пры кошце 47 даляраў транзытная стаўка ўсё ж павінна сягаць 1 даляра, але, сказала мая суразмоўца, умяшаўся нейкі палітычны фактар, і давялося пайсьці на саступкі “Газпрому”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG