Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве ёсьць ня менш чытачоў беларускае літаратуры, чым ў Менску


Валянціна Аксак, Менск Пра гэта сказаў знаны ўкраінскі літаратар і перакладчык Аляксандар Ірванець, удзельнік 2-га кангрэсу “Новае пакаленьне і дыялёг культураў на постсавецкай прасторы”, які гэтымі днямі праходзіць у Беларусі.

Я пацікавілася ў свайго суразмоўцы, ці падтрымлівае беларуская амбасада ў Кіеве высілкі ўкраінскіх перакладчыкаў у прапагандзе беларускае літаратуры. І вось што ён сказаў:

(Ірванець: ) “На жаль — не, калі не лічыць прыватных кантактаў. Я не хачу ганіць ні ў якім разе амбасаду, але як мне падаецца, там мусіць быць пасада культур-аташэ, і той культур-аташэ мусіць прапагандаваць беларускую культуру ў суседняй дзяржаве. І літаратура таксама ёсьць складнікам культуры”.

(Карэспандэнтка: ) “Я ведаю, што вамі падрыхтавана некалькі кнігаў, цяпер ідзе пошук фінансавае падтрымкі ў іх выданьні. Гаворка ідзе найперш пра кнігу Васіля Быкава “Пахаджане”. Ці зьвярталіся вы па такую падтрымку ў беларускую амбасаду?”

(Ірванець: ) “Такіх спробаў не было. Асабіста я намагаюся зацікавіць найперш кіеўскіх выдаўцоў, таму што Быкаў — гэта імя, і гэта імя ня толькі для Беларусі, але і для Ўкраіны, для ўкраінскага чытача. Яшчэ за савецкім часам яго проза перакладалася на ўкраінскую мову, выходзілі кнігі, якія хутка раскупляліся. У сьвядомасьці чытача ёсьць гэтае імя, але сёньняшнія выдаўцы асьцярожна ставяцца да маіх прапановаў. Яны кажуць: “Мажліва, ты маеш рацыю, мажліва, гэтая кніга будзе мець посьпех і прадасца, а можа, і не. І што тады?” На жаль, сытуацыя пакуль на такой стадыі, але мае спробы толькі папярэднія, і ня будзем пакуль рабіць высноваў… Будзем спадзявацца і, думаю, мы зьдзейсьнім гэтае выданьне”.

(Карэспандэнтка: ) “Вы сказалі ў сваім выступе на кангрэсе, што калі б у якойсьці кіеўскай кнігарні быў адчынены беларускі аддзел ці хаця бы беларуская палічка, то чытачоў ля яе знайшлося б ня меней, чым у беларускім аддзеле нейкае менскае кнігарні. Вы не жартуеце?”

(Ірванець: ) “Зусім не. Я асабіста ведаю некалькі дзясяткаў людзей, якія чытаюць беларускую пэрыёдыку і кнігі. Напрыклад, да мяне рэгулярна патрапляе “Наша Ніва”, мажліва, ня кожны нумар, ну то цераз нумар дакладна. Той самы “Дзеяслоў” альбо мне прышлюць, альбо хтось прывязе. Сьвежыя кнігі прывозяць. “Пахаджане” Быкава, у каго я ўзяў, ужо і ня памятаю, здаецца, у Міколы Рабчука. Таксама і іншыя сучасныя кнігі беларускія ўсё-ткі дабіраюцца да Ўкраіны, але прыватнымі шляхамі. Болей за тое, я нядаўна даведаўся, што ў Кіева-Магілянскай акадэміі, а гэта найпрэстыжнейшая навучальная ўстанова, там сярод студэнтаў ёсьць гурток шанавальнікаў Беларусі. Яны слухаюць “NRM”, яны чытаюць беларускую пэрыёдыку. Такім чынам, у маштабах Украіны гэта будуць ужо не дзясяткі, а сотні людзей. Гэтыя людзі, як прыяжджалі б у Кіеў, то заходзілі б у гэтую кнігарню. Так што я зусім не жартую, я нават перакананы, што такі аддзел у кнігарні ня быў бы стратны, ён быў бы прыбытковы.

Я гатовы перакладаць і далей беларускую літаратуру, і іншыя перакладчыкі, якіх я ведаю, таксама хочуць гэта рабіць. А гэта перакладчыкі высокага ўзроўню. Максім Стрыха, Віталь Панамароў — гэта людзі, якія любяць Беларусь, якія гатовыя працаваць на карысьць і беларускай, і ўкраінскай літаратуры”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG