Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На хвалі Свабоды: 50 гадоў беларускага эфіру без цэнзуры. Год 1962


Сяргей Шупа, Прага Сэрыя перадач, прысьвечаная юбілею Беларускай Свабоды.

(Дыктарка: ) “Гаворыць Радыё Свабода. Дарагія слухачы, вы чуеце свабодны голас сваіх суродзічаў-беларусаў з вольнага сьвету.

1962 год беларуская рэдакцыя Радыё Свабода сустрэла з новым кіраўніком. Месца галоўнага рэдактара замест Уладзімера Дудзіцкага заняў Уладзімер Цьвірка – адзін са славутай ”дванаццаткі” – маладых хлапцоў, якія ў 1948 годзе выехалі зь лягероў Ды-Пі ў Нямеччыне ў брытанскія шахты і адыгралі важную ролю ў паваеннай беларускай эміграцыі.

У 1962 годзе савецкія ўлады пачалі штораз больш сур’ёзна зьвяртаць увагу на дзейнасьць Радыё Свабода. У гэтым годзе ў савецкім друку распачалася шырокая кампанія дыскрэдытацыі радыё, якая будзе працягвацца дзесяцігодзьдзі. Урэшце, ад гэтага году Менскае Радыё распачало адмысловыя рэгулярныя прапагандысцкія праграмы на кароткіх хвалях “для суайчыньнікаў за мяжою”.

Сёньня ў нас у зноў у гасьцях вэтэран нашага радыё Ян Запруднік, які больш за тры дзесяцігодзьдзі выступаў на нашых хвалях як Арсень Загорны. Сёньня мы пачнем абмяркоўваць новую тэму – мова беларускай Свабоды. Ян Запруднік прыгадвае пра моўную палітыку беларускай сэкцыі Радыё Вызваленьня – Радыё Свабода ў 50-я-60-я гады...

(Запруднік: ) “Я пачаў працаваць у верасьні 1954 году. На пачатку нашае працы пытаньня мовы не было. Разумелася само-сабою, што мы прыехалі, гаварылі па-беларуску. Старэйшыя нашыя калегі ў Мюнхене такія, як Жук-Грышкевіч, Барбара Вержбаловіч, Гіцкі... Гэта былі людзі, чыя мова сфармавалася на Бацькаўшчыне, і мы былі прадаўжальнікамі гэтае традыцыі. Гэтай мовы, гэтага вымаўленьня. Кончыўшы гімназію, праслухаўшы лекцыі Станкевіча, Адамовіча, Ворсы й іншых настаўнікаў, у нас мова была натуральнай. І вялікага пытаньня, якой мовай гаварыць – “савецкай” ці “несавецкай”, не было. Само-сабой разумелася, што мы гаворым натуральнай сваёй мовай. Тым ня менш, з часам праблема гэтая паўстала. Устала яна ў выніку таго, што Адамовіч, які ў Нью-Ёрку быў маім моўным дараднікам, бо нармальна ён у беларускай рэдакцыі ніколі не працаваў. Ён працаваў у Радыё Свабода ў рэдакцыі газэты “Наше общее дело”, там жа ён рэдагаваў і расейскія скрыпты, таксама як і беларускія скрыпты. Адамовіч быў моўным пурыстам, можна так сказаць. І некаторыя ягоныя моўныя папраўкі нават мне, а я ставіўся да Адамовіча з пашанаю, з рэспэктам, здаваліся зарадыкальнымі ў тым сэнсе, што для вуха слухача ў Беларусі яны маглі бы быць не зусім прыймальныя. Можа часам і не зусім зразумелыя ў выніку русыфікацыйных працэсаў, якія адбываліся ў Беларусі.

Ян Запруднік працягне свае ўспаміны пра мову Свабоды крыху пазьней, а зараз – аўтэнтычны эфір 1961 году. Гучыць фрагмэнт літаратурна-музычнай перадачы, прысьвечанай беларускай мове ў літаратурных творах...

(Дыктар: ) “Беларуская мова для Янкі Купалы, які для ўсяго нашага нацыянальнага вызвольнага руху, была галоўнай зброяй абароны і наступу. Абрабаваная сваіх прыродных багацьцяў, прыгнечаная палітычна і сацыяльна, Беларусь усьцяж заставалася непадданай і непакорнай за лініяй абароны свае роднае мовы. Праціўнік заўсёды памятае пра гэта і ў гэты бок кіруе сваё найсьмертальнейшае джала. Дыскрымінуюцца беларускія школы. У чужую мову пераводзіцца тэатар. Чужая гаворка ўводзіцца ва ўрадавыя ўстановы. Плянава здушваюцца беларускія выдавецтвы ды асабліва выданьні беларускіх слоўнікаў. На Беларусі цяпер пад забаронай больш за 150 выдатных твораў Янкі Купалы. Сярод выкінутых вершаў нашага вялікага паэты апынуліся і тыя, дзе Купала заклікае паняволены народ бараніць сваю душу, бараніць сваю родную мову... (Гучыць музыка.)

Пад навалай крыўдаў многія сталецьці Мы нясьлі пакорна лямку беспрасьвецьця. Мы нясьлі. Усё ныла. Гінула памалу. Аж ня нашай наша Бацькаўшчына стала.

Не для нас сасонкі нашы зашумелі. Не для нас пасевы нашы зарунелі. Адно ты нам, слова, засталося верным, Каб вясьці з упадку к радасьцям нязьмерным.

Усё спаганяць людзі, покі ноч шалее, Вырвуць веру ў шчасьце, веру і надзею. Ды таго ня вырвуць, што напела маці, Ночкай над калыскай роднаму дзіцяці.

(Гучыць калыханка.)”

Крыху пазьней у нашай перадачы мы вернемся да тэмы беляарускай мовы на хвалях Свабоды ва ўспамінах Яна Запрудніка, а зараз – панарама падзеяў у свеце ў 1962 годзе...

Год 1962 у сьвеце

Палітыка

Кубінскі крызыс: Савецкі Саюз разьмяшчае на Кубе ядзерную зброю, сьвет некалькі дзён стаіць на парозе ядзернай вайны. – Папа Ян ХХІІІ адкрывае Другі ватыканскі сабор. – Абвяшчаюць незалежнасьць Альжыр, Бурундзі, Ямайка, Заходняе Самоа, Уганда і Трынідад і Табага. – Чэ Гевара наведвае Маскву.

Навука і тэхналёгія

Ажыцьцяўляецца першая трансатлянтычная тэлетрансьляцыя. – Кампанія Unimation вырабляе першага прамысловага робата. – Запускаецца першы камэрцыйны тэлекамунікацыйны спадарожнік Telstar.

Літаратура

Нобэлеўская прэмія прысуджаная амэрыканскаму пісьменьніку Джону Стэйнбэку. Выходзяць раманы ”Палёт над зязюліным гняздом” Кена Кізі, “Завадны апэльсін” Энтані Бэрджэса, ”Бледнае полымя” Уладзіміра Набокава, ”Бязмоўная вясна” Рэчэл Карсан.

Папулярная культура і музыка

36-гадовая Мэрылін Манро памірае ад перадозы наркотыкаў. – Прэмію Оскар за найлепшы фільм атрымвае ”Вэстсайдзкая гісторыя”. – Утвараецца гурт The Rolling Stones. – Рынга Стар займае месца за бубнамі ў гурце The Beatles, Beatles запісваюць свой першы сынгл зь песьнямі Love Me Do і P.S. I Love You. Песьні году – Little Eva-The Loco-Motion і Henri Mancini – Moon River.

А зараз зноў зьвернемся да ўспамінаў Яна Запрудніка. Пра беларускую мову на Свабодзе мы пагаворым крыху пазьней, а зараз Ян Запруднік – Арсень Загорны прыгадае пра самую памятную падзею 1962 году, якую яму давялося асьвятляць...

(Запруднік: ) “Кубінскі крызыс насьпяваў. Ён насьпяваў доўга. І ясна, адно з маіх галоўных заданьняў было пісаць штотыднёвыя рэпартажы з палітычнага міжнароднага жыцьця. Амэрыканска-савецкія дачыненьні, тая напружанасьць, якая трывала на працягу гадоў халоднай вайны, яна безумоўна стаяла ў цэнтры ўвагі нашых палітычных камэнтароў, асабліва гэтая ядзерная канфрантацыя. Канфрантацыя зь ядзернай зброяй. І калі сталася ведамым, што савецкія ваенныя базы на Кубе могуць папоўніцца ядзернай зброяй, напружаньне было старшное. І амэрыканскае тэлебачаньне, я памятаю, перадавала фатаграфіі ўжывую, паказвалі савецкія караблі, якія везьлі на Кубу зброю. Трэба было арыентавацца ў развароце гэтае дынамічнае сытуацыі. І рэпартаж зь Нью-Ёрку бясспрэчна мусіў быць на гэтую самую галоўную напружаную тэму савецка-амэрыканскай канфрантацыі. Як пазначана ў маёй запіснай кніжцы, 25 кастрычніка 1962 году было два рэпартажы, якія пайшлі зь Нью-Ёрку ў Мюнхен. Я думаю, што ў Мюнхене, напэўна, працавалі таксама па-за рэгулярнымі гадзінамі. Гэты мамэнт перажываўся вельмі-вельмі глыбока. Пасьля ўжо, задняй датай, асэнсоўвалася гэтая канфрантацыя, якая ўжо выглядала нават страшней, чымся ў той мамэнт, калі мы глядзелі яе па тэлебачаньні. Але мамэнт быў вельмі-вельмі напружаны. Намі гэта ўспрымалася зь вялікім напружаньнем таму, што мы адчуваліся ў абавязку вытлумачыць слухачу: што гэта значыць. Якая існасьць гэтай канфрантацыі. Да чаго гэта можа давесьці.

Нагадаю, што сёньня госьць нашай перадачы – вэтэран нашага радыё Ян Запруднік. А зараз – зноў наш архіў. З аўтэнтычнага эфіру 1962 году паслухайце фрагмэнт фэльетону дзядзькі Васіля – Антона Адамовіча...

(Дыктарка: ) “Гэй, дарагі дзядзечка! Добрага здароўя! Нешта сяньня, дзядзька Васіль, выглядаеце гэтак, як бы ў вас у запасе новы анэкдот? Калі так – дык просім.

(Дзядзька Васіль: ) “Анэкдот? Ну дык жа не. Люблю, вельмі люблю войстрае слоўка. Але ў анэкдотах часта густа бывае гэтак, што пакуль апавядальнік дабярэцца да гэнага дасьціпнога слоўка, дык небарачныя слухачы знудзяцца. Раней я любіў анэкдоты. Ведаў іх мабуць колькі сотняў. Аж во зьявіўся ў нас новы суседзька, на імя дзядзька Сымон. Добры чалавечына. Крышку дзівак, арыгінал. Часам прыходзіў да нас на абед і ўважаў за абавязак прынесьці з сабой пляшачку. Сам я дый усе ў маёй сямейцы – непітушчыя. Хоць заўсёды ў хаце ёсьць пляшчына гарэлкі, на выпадак, як госьці прыйдуць. Кажу яму: “Дзядзька Сымон, ну навошта гэта самі прыцягнулі? Чарчына ж і гэтак знойдзецца. А ён, хітра прыплюшчыўшы вока: “Гэй, дзядзка Васіль. Ведаю, што знойдзецца. Ды вы ж яе на холадзе трымаеце. Каб сьцюдзёная была гарэлка, гэтак жа?” Я адказвую: “Ну гэтак. Сымон: “То-ж б і яно. А я люблю, каб цёпленькая была... (Шум глушылак.)

(Дзядзька Васіль: ) “Сотні тонаў бульбы ляжаць проста на зямлі, у вадзе ды ў гразі. Разгрузачныя машыны, хто ведае дзе. У рабоце – рыдлёўкі. Дарагі час марнуецца. Славутая беларуская бульба, называная “другім хлебам”, нішчыцца ні за нюх табакі. Папытаецеся: а што тут супольнага з анэкдотамі, пра якія вы самі, дзядзька Васіль, вялі сваю гутарку? Супольнага і праўда нічога няма. Анічагусенька. За тым адно выняткам, што і анэкдот дзядзькі Сымона, і газэтныя паведамленьні пра сумную долю бульбы паўтараюцца рэгулярна раз у раз, год у год. Толькі, што тут ужо не да сьмеху.

1962 ГОД У БЕЛАРУСІ

Пятрусю Броўку прысвоенае званьне народнага паэта Беларусі, Міхасю Лынькову – народнага пісьменьніка. – У Гомлі запушчаная першая лінія тралейбуса. – Полацак сьвяткуе 1100-тую гадавіну. – Заснаваныя Беларускае таварыства аховы прыроды і Саюз кінэматаграфістаў Беларусі. – У выніку ўзбуйненьня замест 123 раёнаў утвараецца 77. – У пасёлку Сосны пачынае працу першы ў Беларусі атамны рэактар.

А зараз – менскі эфір 1962 году. Пятрусь Броўка чытае свае вершы, на якія яго натхніла наведаньне Амэрыкі...

(Броўка: ) “На чужыне.

Дык вось, багатая чужына, Глядзі, ледзь толькі пасьпявай, Даўно мы чулі пра краіну, Што ў ёй нібыта самы рай.

Іду ў Нью-Ёрку, пазіраю. Вакол агні, агні гараць. Ня ведаю адносна раю. А што багата, дык відаць.

Такіх вітрын нідзе ня стрэціш. Якіх там не пабачыш цуд. Відаць, што толькі ёсьць на сьвеце, Сабрана за стагодзьдзі тут.

І ўсё крычыць, кудысь імкнецца. У тым нямала пекнаты. Ды мне, Амэрыка, здаецца, Залішне ганарышся ты!

Ты паглядаеш як з узгорку, Вядома пыха ўсім твая. Паслухай жа, тваім Нью-Ёркам Захоплены ня вельмі я...

І музычнае прывітаньне з 1962 году – ”Беларусь – мая Радзіма”. Песьня кампазытара Ударава ў выкананьні народнага хору будаўнічага трэсту №5 гораду Менску... (Гучыць песьня.)

Нагадаю, тэма нашай сёньняшняй перадачы – беларуская мова на Радыё Свабода. Моўныя праблемы, зь якімі даводзілася сутыкацца ў працэсе працы, прыгадвае Ян Запруднік...

(Запруднік: ) “Я ў 1963 годзе пісаў Цьвірку, які быў галоўным рэдактарам беларускай праграмы, напісаў даўгі ліст, у якім таксама закранаў пытаньне мовы. З гэтага ліста я хацеў бы пачытаць дакладна. Я пісаў гэта ў верасьні 1962 году ў Нью-Ёрку:

“У справе мовы дык ты мусіш памятаць, што я тут часта карыстаю з Адамовічавай дапамогі. Яна мне патрэбная вельмі часта. І было б неразумна адмаўляцца ад нагоды карыстацца зь яе. Палажэньне ў мяне часамі бывае такое, што проста не выпадае правіць адамовічавых паправак, хоць часамі гэта раблю. Што да “мудрагеляньня” наагул, дык зусім вымавіцца ад яго, баюся, будзе нельга, бо моўныя разыходжаньні, асабліва ў тэрміналёгіі – рэч нармальная, і не заўсёды іх узгодніш.

І я Цьвірку кажу, я ж не магу ўвесь час параўноўваць, якім тэрмінам вы карыстаецеся ў Мюнхене, і якім тэрмінам трэба мне карыстацца, каб быць пасьлядоўным зь Мюнхенам тут у Нью-Ёрку. Але, наагул, стаўленьне да мовы ў нас было набожнае. Мы да мовы падыходзілі, як да чагосьці сьвятога, дбаючы пра ейную чысьціню.

Гаварыў шматгадовы супрацоўнік нашага радыё Ян Запруднік. Тэмы беларускай мовы на хвалях Свабоды мы працягнем у нашых наступных перадачах.

I на заканчэньне – зноў наш архіў. Паслухайце фрагмэнт урачыстай акадэміі ў Беларускім Інстытуце Навукі і Мастацтва, прысьвечанай 80-годзьдзю Янкі Купалы і Якуба Коласа. Выступаюць Антон Адамовіч і Станіслаў Станкевіч...

(Адамовіч: ) “Купала і Колас для нас – ня толькі народныя паэты. У гэтай брашурцы сказана, што “мы не ўяўляем сабе беларускай літаратуры безь Янкі Купалы”. Згода. Мы не ўяўляем беларускай літаратуры, я б сказаў дакладней, безь Янкі Купалы, безь Якуба Коласа, і без Максіма Багдановіча. Бяз гэтых трох беларускай літаратуры ўявіць нельга. Праўда. Але Купала і Колас – ня толькі народныя паэты. Гісторыя зрабіла зь іх і сымбалі нашага нацыянальнага адраджэньня. Гісторыя зь іх зрабіла таксама духовых правадыроў... (Шум глушылак.)

(Станкевіч: ) “Бальшавіцкі прапагандовы шум, які разгарнуўся вакол васьмідзесяцігадовага юбілею Купалы і Коласа сёлета, мала мае сабе роўных! Яго можна да некаторай толькі меры прыраўняць да таго прапагандовага шуму, зь якім праводзяцца кажны год гадавіны “Вялікай кастрычніцкай”. Больш таго, калі гэтыя гадавіны звычайна сьвяткуюцца адзін-два дні, так юбілей Купалы і Коласа сьвяткаваўся... (Шум глушылак.)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG